Настаўнік-метадыст Тамара Качкан пра школу, вучняў і беларускую мову

09:29 / 16.10.2019
Усё жыццё настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Падольскага НПК  Тамары  Іосіфаўны Качкан звязана з роднай школай і вёскай.  У Падольцах яна нарадзілася, тут пайшла ў школу і паспяхова яе скончыла, пасля Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы вярнулася настаўнічаць на радзіму.  

Што трымае ў звычайнай сельскай школе  фіналістку рэспубліканскага конкурсу «Настаў­нік года», члена клуба «Крышталь­­ны журавель» і настаў­ніка-мета­дыста? Пра гэта і многае іншае мы распыталі ў Тамары Качкан.

1.jpg


– Што для вас школа?

–  Я са школай  ніколі  не развітвалася: тут вучылася, сюды ж прыехала выкладаць беларускую мову і літаратуру. Дыплом у мяне быў вольны, але вярнулася на радзіму. Перш чым закончыць універсітэт,  паспела выскачыць замуж  за мясцовага хлопца – таму выбар быў абмежаваны (Смяецца).

 Я  чалавек захоплены сваёй справай. І так было заўсёды.

– А чаму вы сталі настаўнікам?

– Калі паступала, гэта была адна з самых прэстыжных прафесій. Зрэшты, як і цяпер. Толькі не ўсе гэта разумеюць.

Да таго ж для жанчыны няма лепшай прафесіі,  чым настаўнік.  Ты прыходзіш дамоў раней і можаш прысвяціць час сям’і – а потым зноў сесці за ўрокі. Ёсць і шэраг іншых пераваг. 

4.jpg



– Раскажыце пра ваш удзел у конкурсе «Настаўнік года».

–  Аднойчы  дырэктар школы Іван Францавіч Сухарэўскі ўгаварыў мяне паўдзельнічаць у раённым этапе гэтага конкурсу. І я дайшла да рэспублікі.  Цяпер з’яўляюся членам клуба «Крыштальны журавель», а таксама  асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў. 

5.jpg



На маю думку, усе настаўнікі – цудоўныя, проста кожны – па-свойму. Кожныя тры гады ў рэспубліцы праходзіць конкурс педагагічнага майстэрства,  любы  настаўнік можа стаць яго ўдзельнікам – і перамагчы.

– А як атрымалася да звання «Настаўнік года» дадаць яшчэ і статус настаўнік-метадыст?

– Гадоў пяць-шэсць таму на сустрэчы Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі з грамадскасцю пераможца рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года» педагог са Смаргоні Ірына Клявец прапанавала ўвесці катэгорыю настаўнік-метадыст – для тых лю­дзей,  якія ведаюць крыху больш,  чым трэба для вышэйшай катэгорыі. Такія настаўнікі  займаюцца дадатковай адукацыяй дарослых, распрацоўваюць новыя методыкі. Гэтая ініцыятыва была падтрымана Прэзідэнтам.

Па праўдзе кажучы, да гэтага я старанна рыхтавалася. Атрыманню такой катэгорыі папярэднічала доўгая праца: я займалася адукацыяй дарослых, дасылала свае распрацоўкі для друку ў рэспубліканскія часопісы, актыўна ўдзельнічала ў рэспубліканскіх семі­нарах і конкурсах, форумах і фес­тывалях. 

– Да чаго абавязвае катэгорыя настаўнік-метадыст?

– Да многага. Гэта і прымяненне новых методык, і  фарміраванне кампетэнцыі вучняў... Я стараюся праводзіць урокі так, каб кожны наступны быў не падобны на папярэдні, каб дзеці разумелі, што яны будуць рабіць і навошта ім гэта трэба.

2.jpg



– Як  сёння зацікавіць вучняў вы­вучэннем беларускай мовы і літа­ра­туры?

– Ёсць знешняя і ўнутраная матывацыя. Калі мы гаворым пра знешнюю, то можам зацікавіць толькі тым, што вучням трэба добра здаць экзамен і цэнтралізаванае тэсціраванне. Калі ж  гаварыць пра ўнутраную – то вучыцца трэба таму,  што гэта класна!

І тут  усё  залежыць ад настаў­ніка. Я магу  зацікавіць вучня мас­тацкім творам,   выклікаць  у яго жаданне прачытаць раман, паэму ці аповесць.  Што датычыцца беларускай мовы, то  вялікі плюс сельскіх школ у тым, што  нашы дзеці ў паўсядзённым жыцці размаўляюць па-беларуску. Магчыма, не на чыстай літаратурнай мове, аднак значэнне слова «лазня» яны дакладна ведаюць і не падумаюць, што яно пайшло ад слова «лазіць». 

– У вас застаецца час на  захап­ленні?

– Іх многа. І ў мяне гэта атрымліваец­ца – але я хутка перагараю. Сёння мне падабаецца маляваць  – і я малюю. Заўтра  падарожнічаць –  і я адпраўляюся на пошук прыгод! Потым знаходжу нешта іншае. 

А асноўнае маё захапленне – гэта, канешне ж, мая прафесія!

Текст:
Фото: Елена Ярошевич