Заслуживают ли районные власти слов благодарности?

10:17 / 23.09.2019
1430
Вуліца Камсамольская хоць і знаходзіцца непадалёк ад рэдакцыі, не ўваходзіць у мой штодзённы маршрут. Але надоечы давялося збочыць сюды. І – о, дзіва, што я бачу! Новенькі тратуар выцягнуўся ўздоўж аднаго боку Камсамольскай. Той самы тратуар, з-за адсутнасці якога некалі было зламана столькі коп’яў у сацыяльных сетках – асабліва пасля таго, як ён з’явіўся на вуліцы Школьнай. Маўляў, чаму ім можна, а нам – не? І хоць справа гэта нятанная, будаўніцтва тратуара на Камсамольскай было ўключана ў план гэтага года, і вось ён – ёсць! А неўзабаве і пешаходны пераход тут з'явіўся.

0.jpg



Парадаваўшыся за жыхароў вуліцы Камсамольскай, якім ужо не трэба, вяртаючыся дахаты цёмнымі асеннімі і зімовымі вечарамі, непакоіцца за сваю бяспеку, міжволі задумалася: а чаму нават мы, журналісты, даведаліся пра гэтую добрую навіну, што называецца, постфактум? Ну так, не давялося нікому з нас прайсці па гэтай вуліцы – але ж і тое праўда, што ніхто не абрываў тэлефоны: маўляў, прыедзьце хутчэй, паглядзіце, што робіцца, сфатаграфуйце, напішыце – а так адбываецца часта, калі здарыцца нешта негатыўнае. І ніхто не бамбардзіраваў сацыяльныя сеткі: маўляў, паглядзіце, што робіцца – не паспелі паскардзіцца, паставіць пытанне перад раённымі ўладамі, а тратуар ужо пракладваюць!  Добрая навіна прайшла ціха і непрыкметна, як часцей за ўсё і бывае з пазітыўнымі весткамі: ну пачулі раённыя ўлады звароты людзей, выдаткавалі з раённага бюджэту некалькі тысяч рублёў – дык што ж тут такога? Работа такая ў раённых начальнікаў: слухаць і чуць людзей і выконваць іх запыты!

Тое ж самае было і з вадой у Шульніках: калі яна прапала, у сацыяльных сетках толькі пра гэта і гаварылі. Калі ж водаправод адрамантавалі  – на заметку раённай газеты аб гэтым ніхто не адрэагаваў ні рэпостам, ні каментарыем: маўляў, зрабілі – і доб­ра, пра што тут гаварыць? Думаць і крычаць трэба пра тое, што яшчэ не зроблена…

Так, сапраўды, і тратуар на Камсамольскай, і ваду ў Шульніках, і многія іншыя набалелыя праблемы людзей – раённыя ўлады, вырашыўшы іх, не зрабілі, на першы погляд, нічога асаблівага, проста добрасумленна выканалі свае абавязкі. Але калі чалавек доб­расумленна працуе, няважна, на якой пасадзе, – то, напэўна, як мінімум простае чалавечае дзякуй ён заслужыў? Ці нехта лічыць, што дзякаваць, ды яшчэ кіраўнікам, дурны тон: начальства па азначэнню не можа быць добрым. Вунь яшчэ колькі праблем не вырашана! Што, кажаце, немагчыма зрабіць усё адначасова? А гэта ўжо вашы, а не нашы праблемы! Вы думайце, дзе браць грошы і як знайсці магчымасці, а наша справа – падкідваць вам нявырашаныя праблемы, і «дзяўбсці» да таго часу, пакуль не зробяць тое і гэта. А потым – чарговую і наступную, і так – да бясконцасці, бо праблемы ж не закончацца ніколі…

…А вось жыхары вуліцы Сасновай, калі там палажылі доўгачаканы асфальт, вырашылі для сябе зрабіць з гэтай нагоды свята. Каб і словы падзякі сказаць тым, хто заслужыў, – бо добрае слова, як вядома, прыемна не толькі кошцы, і песню заспяваць, і чаю ўсім разам папіць – кажуць, вельмі згуртоўвае суседзяў сумеснае чаяпіцце…

…Людзі, блізкія да царквы, раяць: перш чым папрасіць у Бога пра нешта вельмі вам патрэбнае, – падзякуйце Яму за тое, што ўжо маеце. Гэта толькі здаецца, што маеце вы самую дробязь, асабліва ў параўнанні з больш багатым суседам, – вы паглядзіце на тых, хто жыве цяжэй, чым мы, у каго хварэюць родныя ці яны самі, хто перажыў вялікую страту, – і зразумееце, які вы багаты і шчаслівы чалавек! І не думайце, што гэтае шчасце – выключна ваша асабістая заслуга: падзякуйце Таму, без чыёй дапамогі нічога б не было. 

І толькі ўжо потым – прасіце…

І тычыцца гэта ўзаемаадносін не толькі з Богам, а і з тымі, хто побач з вамі. У тым ліку – і з кіраўнікамі. Якія, уявіце сабе, таксама людзі! І многія з іх, паверце, – вельмі прыстойныя і добрасумленныя. І заслугоўваюць як мінімум слоў падзякі. 

Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений