Шишло, Лаврентьева, Кулакова, Войтеховская, Валюк, Авлас, Кохановская, Соловьева – восемь страниц островецкой медицины

16:37 / 20.09.2019
Час ад часу, звычайна з нагоды дня нараджэння адной з іх ці якой іншай памятнай даты, яны збіраюцца разам – Вікторыя Феліцыянаўна Шышло, Ніна Аляксандраўна Кулакова, Ала Кузьмінічна Лаўрэнцьева, Алена Антонаўна Валюк, Галіна Архіпаўна Вайцяхоўская, Ванда Міхайлаўна Аўлас – шасцёра жанчын-ветэранаў аховы здароўя раёна, якія пранеслі па жыцці шчырыя сяброўскія адносіны, абвяргаючы сцвярджэнне, што жаночай дружбы не бывае.  

І тады няспынным патокам льюцца ўспаміны… Якія, па сутнасці, з’яўляюцца жывой, без рэтушы, гісторыяй – іх саміх, астравецкай медыцыны, нашага горада і раёна…  

Светлая памяць

Напачатку іх у гэтым свое­асаблівым медыцынскім ветэ­ранскім «дзявічніку» было васьмёра. Засталося шасцёра. Спачатку Ванда Паўлаўна  Каханоўская, а ў мінулым годзе – і Галіна Лаўрэнцьеўна Салаўёва пайшлі з жыцця, забраўшы з сабой неацэнны скарб – свае ўспаміны, але пакінуўшы памяць пра сябе.

2.jpg



– Ванда Паўлаўна прыехала ў раён першай з нас, – расказваюць сяброўкі. – Яна ўсіх ведала, пра кожнага магла б расказаць…

– Я Ванду запомніла з Ашмянскага медвучылішча, дзе мы вучыліся ў адзін час, толькі яна гады на два раней, – расказвае Алена Антонаўна. – Ванда прыехала з Іўеўскага дзіцячага дома. Памятаю, дырэктар вучылішча Абрам Мікалаевіч, кожны месяц, атрымаўшы зарплату, купляў два вялікіх кулькі цукерак-падушачак і пернікаў і ішоў у інтэрнат частаваць дзетдомаўскіх – ім цяжка было без дапамогі, без падтрымкі.  

– Мы, хоць і працавалі разам, і сябра­валі, амаль нічога не ведалі пра яе сям’ю, – дадае Ніна Аляксандраўна. – Не любіла Ванда пра гэта расказваць. Ведалі толькі, што быў брат, але яна і пра яго не расказвала.

– Ванда Паўлаўна была моцнай асобай, – узгадвае Ванда Міхайлаўна. – Працавала рэнтгенлабарантам яшчэ тады, калі там не было практычна ніякай аховы ад радыяцыйнага выпраменьвання. Затым у яе выявілі анкалогію – на шчасце, усё закончылася добра – ёй у Маскве ўводзілі радыёактыўнае золата, і гэта ўратавала ад метастазаў. Пазней яна перайшла ў аддзел медыцынскай статыстыкі, дзе і працавала практычна ўсё жыццё, – расказвае Ванда Аўлас.

–  Работу сваю яна ведала цудоўна. 

І дадае:

– Была граматным спецыялістам. Але прымусіць яе нешта зрабіць не так, як яна лічыла патрэбным, было немагчыма. Ванда Паўлаўна ва ўсім стаяла на сваім – і, адстойваючы меркаванне, ішла да канца. Такой была і ў рабоце, і ў жыцці. На жаль, жаночага шчасця яна не спазнала: замужам была нядоўга, дзяцей не мела. 

Сяброўкі лічаць, што гэта рыса яе характару – ва ўсім стаяць на сваім – скараціла Вандзе Каханоўскай жыццё: калі падступіла нямоглая старасць, яна аддала сваю кватэру прыватнаму фонду ўзамен на дастойны догляд. Каляжанкі праведвалі яе ў тым пансіянаце: умовы былі і сапраўды дастойнымі. Вось толькі пажыла пасля таго Ванда Паўлаўна зусім нядоўга…

З дзетдомаўскіх была і яшчэ адна іх сяброўка – Галіна Лаўрэнцьеўна Салаўёва. Яна нарадзілася ў Ленінградзе ў 1938 годзе. Перад самай вайной яе адвезлі да бабулі ў глыб Расіі – гэта і ўратавала дзіця. А вось родныя – маці, бацька, сястра, брат – не перажылі блакаду. 

На долю дзяўчынкі выпала нямала выпрабаванняў. Бабуля памерла – і Галіну аддалі ў дзіцячы дом. Закончыўшы школу, яна паступіла ў медыцынскае вучылішча. Працавала фельчарам у Мажэйкаве – там і знайшоў сваю суджаную Анатоль Бекіш з Дайлідак. Ці трэба казаць, што яго бацькі, шчырыя католікі, не вельмі прыязна прынялі рускую нявестку, да таго ж сірату без роду, без племені? Але яна вытрывала.

Галіна Лаўрэнцьеўна працавала загадчыцай Дайлідскага ФАПа – мясцовыя жыхары да гэтага часу ўспамінаюць сваю добрую, шчырую, спагадлівую «дакторку». І вельмі гарнулася да сваіх медыцынскіх сябровак, кампенсуючы стасункамі з імі адсутнасць у сваім жыцці мацярынскай і сястрынскай ласкі, падтрымкі, любові. 

Хоць пра свой лёс таксама расказваць не любіла – нават ім…

Алена Валюк

Муж і жонка Валюкі з тых, хто стваралі гісторыю астравецкай медыцыны, пачынаючы з 50-х. Праўда, Мікалай Антонавіч, упісаў у гэтую кнігу не вельмі шмат старонак, а вось Алена Антонаўна 26 гадоў працавала акушэркай у аглядавым кабінеце. Яе ведалі, без перабольшання, усе жанчыны Астравеччыны і часта да яе ішлі больш ахвотна, чым да ўрача. 

– Увогуле я віцебская, з Бягомля, на­ра­дзілася ў 37-м годзе, – расказвае Алена Антонаўна. – У нас у вайну немцы ўсё спалілі. Бацьку пасля вызвалення накіравалі ў Аш­мянскі раён на крухмальны завод. У сям’і было ўжо трое дачушак, мама хадзіла цяжарнай чацвёртай. Прыехалі, мясцовыя пытаюць: «А дзе вашы рэчы?» Мама, каб не прызнавацца, што ўсё, што мы маем, змясцілася ў адным чамадане, адказвала: «Багажом адправілі, а цягнікі зараз дрэнна хо­дзяць…» Калі прыйшоў час нараджаць, яна некалькі разоў выварвала звычайны распораты мяшок – так для нашай чацвёртай сястрычкі, Верачкі, атрымаліся бялюткія пялюшкі.

Закончыўшы сямігодку, Алена паступіла ў Ашмянскае медыцынскае вучылішча. Там і сустрэла будучага мужа.

– У нашай групе вучылася 29 дзяўчат і два хлопцы, адзін з іх быў пасля арміі – нам ён такім старым уяўляўся. А мы з Мікалаем адразу адзін аднаго ўпадабалі...

– У Астравецкі раён мы прыехалі ў 1959 годзе, – расказвае Алена Антонаўна. – Нас накіравалі працаваць на Янаўскі ФАП – сёння ўжо мала хто і ведае пра вёску Янава, што знаходзілася на месцы сённяшняга Янаўскага вадасховішча, любімага месца адпачынку астраўчан.

Мужа прызначылі фельчарам, мяне – акушэркай. А з чаго пачаць? Дакументацыі ніякай – невядома нават, колькі на ўчастку дзяцей да года, не кажучы ўжо, ці рабілі ім прышчэпкі, калі і якія. Сталі рабіць падворны абыход, каб хоць нейкі ўлік наладзіць. А гэта дзевяць навакольных вёсак, і ўсе іх трэба было абысці на сваіх дваіх. 

Неўзабаве Мікалая Антонавіча перавялі працаваць у санстанцыю, а Алена Антонаўна засталася на ФАПе і за фельчара, і за акушэрку. 

Але Валюкі марылі пра вышэйшую адукацыю.

– Паехалі паступаць у Гро­дзенскі медінстытут, – узгадвае Алена Антонаўна. – Удваіх – але пад рознымі прозвішчамі, сямейных не вельмі ахвотна бралі. Здала на чацвёркі фізіку і хімію. Сачынення не баялася – з гэтым у мяне заўсёды парадак быў. А Мікалай заваліў хімію…  На  трэці экзамен я не пайшла. На другі год паспрабавалі штурмаваць біялагічны факультэт БДУ. І зноў я ўсё здала, а ён – не, на гэты раз – фізіку. Але я вырашыла: буду вучыцца! Ды мяне не ўзялі, сказалі: вы ў школу не пойдзеце,– а нам выкладчыкі патрэбны. Крыўдна… А Мікалай тым часам у партыю ўступіў, яму прапанавалі вучобу ў партыйнай школе. Кватэру нам далі ў Астраўцы. Нарадзілася другая дачушка. Я засталася працаваць акушэркай. Цяжка было. Муж вучыўся, я з дзецьмі, начныя дзяжурствы ў раддоме, днём пад аглядавым кабінетам вечная чарга…

Мару Алены Антонаўны пра вышэйшую медыцынскую адукацыю ажыццявілі дочкі: абедзве пайшлі ў медыцыну, мужы іх таксама медыкі, так што сямейная  дынастыя працягваецца.

 А на ўспамін пра гады сваёй маладосці на месцы першага працоўнага месца – на беразе Янаўскага вадасховішча Валюкі пабудавалі дачу.

Вікторыя Шышло

Дзіўна, але факт: Ніна Кулакова і Вікто­рыя Шышло вучыліся ў Мінскім медінстытуце на адным курсе. А пазнаёміліся ўжо на Астравеччыне, куды абедзвюх размеркавалі ў 1960 годзе. Прычым абедзве выбралі першае месца працы свядома і па аднолькавай прычыне: непадалёк ад Астраўца, у Вільнюсе, і ў адной, і ў другой жылі бацькі.

– Зрэшты, нічога дзіўнага няма ў тым, што мы не ведалі адна адну ва ўніверсітэце, – гаворыць Вікторыя Фелі­цыянаўна. – У нас на курсе вучылася 615 чалавек, гэта чатыры патокі. Нават на адным патоку не ўсе адзін аднога ведалі, што ўжо гаварыць пра розныя.

Дзіўна іншае: тое, што Вікторыя закончыла Мінскі меды­цынскі – паступала ж у Перм­скі. З Уралам у яе звязаны асаблівыя ўспаміны: там яна нарадзілася, там у таёжным пасёлку для ссыльных беларусаў, куды выслалі ў 30-я гады яе бацькоў, прайшлі яе першыя, самыя цяжкія гады жыцця: голад, цяжкая праца, хваробы, ад якіх паміралі суседзі… Там і нарадзілася яе мара стаць урачом, ратаваць людзей.

Але праз тры гады вучобы ў Пермскім медінстытуце Вікторыя вырашыла, што Урала ў яе жыцці ўжо досыць – трэба вяртацца на радзіму. Яна вырашыла пераводзіцца ў Мінск. Забрала дакументы, прыехала ў поўнай упэўненасці, што ёй, цудоўнай студэнтцы, узрадуюцца. А на яе паглядзелі, як на дзівачку: чаму вы вырашылі, што мы вас возьмем? У нас 600 студэнтаў… Яна абівала парог кабінета рэктара амаль як Фрося Бурлакова з кінафільма «Прыходзьце заўтра», дайшла да міністэрства – але ўрэшце дамаглася свайго: яе залічылі.

Дзяўчына марыла быць неўролагам, рых­та­валася да гэтага з першага курса. Але на размеркаванні загадчыца абласнога здраўаддзела сказала: найперш трэба ўкам­плектаваць кадрамі ўрачэбныя амбу­латорыі. І Вікторыю накіравалі ў Міха­лішкі. 

За два гады работы ў сельскай амбулаторыі ёй давялося пабыць і тэрапеўтам, і хірургам, і педыятрам, і гінеколагам і паралельна рэнтгенолагам у Астраўцы. Але яна ўдзячна лёсу, што прайшла такую школу жыцця.

Адзін з выпадкаў, калі яна ў Міхалішках ратавала парадзіху, у якой адкрылася крывацячэнне, па чарзе з акушэркай заціскаючы аорту, стаў лёсавызначальным і для яе самой. Калі Вікторыя Феліцыянаўна нарадзіла малодшых сыноў-двайнят, у яе таксама не маглі спыніць крывацячэнне. Урач, выпрабаваўшы ўсё, што ведаў і мог, у адчаі пакінуў радзільную залу: «Вікторыя нас пакідае», – пачулі калегі амаль што прысуд.… А  яна за момант да таго, як страціць прытомнасць, папрасіла акушэрку: «Зацісніце мне аорту…» «Вы самі сябе выратавалі», – сказалі калегі, калі Вікторыя Феліцыянаўна апрытомнела.

Доўгі час яна з’яўлялася адзіным у раёне неўролагам і псіхіятрам. Штодня маталася паміж Каменкай, дзе знаходзілася бальніца, і Астраўцом, дзе трэба было весці амбулаторны прыём хворых, – вядома ж, пешшу. Ды ўсё гэта было ёй не ў цяжар – бо займалася любімай справай. Ды і ўвогуле, яны, медыкі пасляваеннага пакалення, не ведалі слоў «Не хачу», «Не буду», «У мяне закончыўся рабочы дзень». 

Была ў Вікторыі Феліцыянаўны са сту­дэнцкіх часоў акрамя неўралогіі яшчэ адна мара – іголкарэфлексатэрапія. У час, калі пагоршыліся адносіны з Кітаем і ўсходняя медыцына стала лічыцца шарлатанствам, ужо думала, што пра яе варта забыць. Потым адносіны пацяплелі – ды ўзрост… Яе аднагодкі ўжо марылі, як спакойна дапрацаваць да пенсіі, а яна – пра іголкі. Шышло вучыцца заўсёды любіла і, хоць выхоўвала чацвёра сыноў, ахвотна ехала на курсы павышэння кваліфікацыі то ў Мінск, то ў Кіеў, то ў Маскву, то ў Ленінград. 

Здавалася, набытая яшчэ ў студэнцтве кніга па іголкарэфлексатэрапіі застанецца ўспамінам пра няспраўджаную мару. Ды аднойчы яна практычна ўсляпую паставіла дакладны дыягназ аднаму з раённых кіраўнікоў. Пасля вяртання са сталічнай клінікі той у знак удзячнасці «прабіў» для Шышло імянную пуцёўку на трохмесячныя курсы на «іголкі». І хоць узрост Вікторыі Феліцыянаўны ўжо набліжаўся да пенсійнага, яна ўспрыняла гэтую магчымасць як падарунак лёсу…

Ніна Кулакова

Ніна Аляксандраўна – расіян­ка, яра­слаў­ская. Але ў бацькі-ваеннага адрас быў, як у той песні – не дом і не вуліца, а ўвесь Савецкі Саюз. Школу Ніна заканчвала ў Вільнюсе і паехала ў Мінск паступаць у медыцынскі інстытут. 

Яна выбрала санітарна-гігіенічны факультэт, але на трэцім курсе ўсіх іх перавялі на лячэбны – для санітарна-гігіенічнага не паспелі сфарміраваць кафедры.

– Атрымала размеркаванне, прыехала з Вільнюса цягніком у Гудагай. Пытаюся: «Дзе бальніца?» – успамінае Ніна Аляксандраўна. «У Каменцы, – адказалі мне. – Ідзі прама, нікуды не зварочвай – і трапіш куды трэба». «І доўга ісці?» – удакладняю. «Пакуль не стомішся». Так і было: ішла, пакуль не стамілася і пакуль не з’ела ўсе прысмакі, што дала мне мама ў дарогу…

Маладога ўрача прызначылі педыятрам і адразу ж паставілі дзяжурыць. Ноччу паступіла жанчына з крывацячэннем. Малады ўрач усё зрабіла, як і вучылі, назаўтра на пяцімінутцы бадзёра далажыла – а ёй, замест таго, каб пахваліць, мякка так параілі: не варта ўсё браць на сябе – выклікай вузкіх спецыялістаў…

У той час у адной палаце ў раённай бальніцы ляжалі ўсе: гінекалагічныя хворыя, мамы з дзецьмі, дзеці – адно што жанчыны з мужчынамі паасобку. 

– Сем’і ўрачоў – Апалінскія, Цёплыя – жылі ў Каменцы. Мы ж, моладзь, хадзілі на работу чатыры кіламетры ў адзін бок. Ды і  ў Астраўцы жыць не было дзе. Спачатку мяне ўзяла на кватэру вядомая ў пасёлку асоба, якую звалі Джульета. Гэта ўжо потым мне падказалі, што кватараваць у яе – значыць паставіць крыж на дзявочай рэпутацыі, і Надзя Раманенка забрала мяне да сябе.

На выклікі да пацыентаў педыятры, як і іншыя ўрачы, хадзілі пешшу – пра транспарт, як і пра жыллё, тады і размовы ніхто не вёў. 

– Неяк восенню ішла на выклік у Бараноўку і вырашыла спраміць шлях – пайшла праз цагельны завод. А там – балота! Я  як стала – так і страціла свае боцікі… Прыйшла да хворага дзіцяці босая. Матуля, што мяне выклікала, і пра малога забылася, кінулася мяне ратаваць: знайшла нейкія апоркі, каб я дахаты дайшла. А боцікі потым выцягнулі, у руках іх прынесла.

Першы год Ніна Аляксандраўна кожныя выхадныя ездзіла да бацькоў у Вільнюс. А ў першы працоўны водпуск, да заканчэння якога заставалася два дні, да іх завітаў галоўны ўрач Іван Цімафеевіч Міхалькоў.

– Тэрмінова выходзь на работу, водпуск потым дагуляеш! Ёсць магчымасць атрымаць кватэру! – прапанаваў ён Ніне.

Потым ужо прызнаўся, што хацеў яе сасватаць з яе аднакурснікам Валодзем Грынкевічам, з якім яны, як і з Вікторыяй Шышло, пазнаёміліся таксама толькі ў Астраўцы.  Дзеля гэтага нават перавёў яго з Жукойненскай амбулаторыі ў Астравец. Ды не склалася медыцынская сям’я: праз нейкі час Ніну Аляксандраўну на танцах «выглядзеў» журналіст «Астравецкай праўды» Яўгеній Кулакоў. З ім і пражылі яны доўгае і шчаслівае жыццё.

Калі педыятраў у бальніцы стала шмат, а адзіны інфекцыяніст звольніўся, тагачасны галоўны ўрач Уладзімір Яўстаф’евіч  Ігнатовіч параіў Ніне Аляксандраўне атрымаць новую спецыялізацыю – стаць інфекцыяністам. Яна прыслухалася да гэтай парады – і не пашкадавала. І да гэтага часу і педыятра, і інфекцыяніста Ніну Кулакову памятаюць і паважаюць на Астравеччыне.

Ала Лаўрэнцьева

– Дзяцінства маё прайшло ў Ашмянах. – узгадвае Ала Кузьмінічна. – Сям’я ў нас была вялікая – сямёра дзяцей. І  ўсім бацькі імкнуліся дапамагчы вызначыцца з жыццёвым шляхам. Я пасля сямі класаў паступіла ў Ашмянскае медвучылішча, хоць з дзя­цінства марыла стаць педыятрам. 

Ала скончыла вучылішча, стала працаваць у Астравецкай бальніцы – бацькі да таго часу ўжо пераехалі ў Астравец, і тата кожную раніцу праводзіў дачку на працу, бо страшна было дзяўчыне ісці цемрай праз лес. Тады і пазнаёмілася Ала з Нінай Кулаковай, якая тады была яшчэ Кругловай. 

– Памятаю, вяртаецца Ніна ад бацькоў з Вільнюса, цягнік позна прыходзіць – а я прашу бальнічнага конюха запрэгчы каня ў санкі і еду яе сустракаць. Зіма, месяц свеціць, снег пад палазамі рыпіць – а мы ў санках песні пяём на ўсё наваколле. Хораша! – гэтыя яркія ўспаміны засталіся на ўсё жыццё і ў Алы Кузьмінічны, і ў Ніны Аляксандраўны.

 А затым у адпачынак прыехала старэйшая сястра, якая пасля Ленінградскага інстытута чыгуначнага транспарту працавала на Далёкім Усходзе, у Хабараўску. Яна і паклікала Алу да сябе: інстытут побач, толькі дарогу перайсці – паступай, вучыся. Дапамогі, праўда, ніхто не абяцаў, але дзяўчына на яе і не разлічвала. Ёсць жа стыпендыя! Наадварот: імкнулася яшчэ сэканоміць і бацькам нешта паслаць.  

У Хабараўску Ала Кузьмінічна скончыла медыцынскі інстытут, там жа выйшла замуж за мясцовага хлопца, студэнта будаўнічага факультэта політэхнічнага інстытута Барыса,  нарадзіла сына. А вось па размеркаванні на Камчатку ўслед за мужам не паехала: «уцякла» з дзіцем і чамаданам пялюшак да бацькоў у Беларусь. А муж «дагнаў» іх праз год – хоць у душы на ўсё жыццё застаўся сынам горача любімай ім Расіі.

Ніна Аляксандраўна Кулакова, лічы, за руку прывяла сяброўку да галоўнага ўрача Уладзіміра Яўстаф’евіча  Ігнатовіча: вось, маўляў, малады спецыяліст з дып­ломам педыятра. Нам жа такія патрэбны? І ён з радасцю прыняў яе на работу.

– Педыятрыя – гэта маё жыццё, – прызнаецца Ала Кузьмінічна. – Я з дарослымі і гаварыць не ўмею – з дзецьмі ў мяне лепш атрымліваецца. Чвэрць  стагоддзя – нават страшна ўявіць! – працавала я райпедыятрам.  Ведала ўсіх калег у Гродне,  Мінску, Вільнюсе. І калі здаралася нешта з маімі маленькімі пацыентамі, прасіла ў галоўнага ўрача машыну і, карыстаючыся асабістымі сувязямі, вязла да таго спецыяліста, які мог дапамагчы. Памятаю, дзіцятка нарадзілася, я яго слухаю – а ў яго ў грудной клетцы нешта клякоча. Апаратаў ультрагукавой дыягностыкі тады не было, але я адразу вызначыла: у дыяфрагме адтуліна, кішэчнік «выплывае» ў грудную клетку. Патрэбна тэрміновае хірургічнае ўмяшальніцтва. Дамаўляемся, каб нас прынялі ў Мінскім дзіцячым хірургічным цэнтры, я хапаю немаўля на рукі, бутэлечку з малаком за пазуху – і імчым у Мінск. Зіма, мароз, завіруха, нічога не бачна, вадзіцель мяне пад руку вядзе, каб з малым у гурбу не ўвалілася… Мы паспелі, усё скончылася добра – праз год маці той дзяўчынкі прыязджала дзякаваць, што ўратавалі дачку.

– Адно шкада: дзеці нашы нас не бачылі, – уздыхае Ала Кузьмінічна. – Раслі самапасам. У 8 раніцы ідзём на работу, у 10 вечара вяртаемся. Памятаю, у Верачкі выпускны – а мяне ў бальніцу выклікаюць. «Мама, ну ты ж хоць на плошчу прый­дзеш?» – ледзь не са слязьмі пытае дачка. «Канешне!» – адказваю. І канешне ж, не прыйшла – бо чужому дзіцяці ў той момант была патрэбна больш, чым свайму. Такая доля ў нас, урачоў…

Галіна Вайцяхоўская

– Я нарадзілася і вырасла на Магі­лёўшчыне. З нашай вёскі ніхто ніку­ды вучыцца не паступаў, усе заставаліся працаваць у калгасе, – расказвае Галіна Архіпаўна. – А мяне сяброўка гарадская, у якой маці працавала акушэркай, падбіла: паедзем, кажа, у Баранавічы, там у мяне цётка жыве, будзем паступаць у медыцынскае вучылішча. Ну і паехалі. Сяброўка не паступіла, а я прайшла. Мама не паверыла, пакуль на свае вочы выклік не пабачыла. 

Выпускнікоў Баранавіцкага медвучы­лішча размяркоўвалі па Брэсцкай і Гро­дзенскай абласцях – у Магілёўскай сваіх хапала. Галі прапанавалі на выбар Смаргонь, Ашмяны і Астравец.

– А куды лепш? – спытала наіўнае дзяўчо ў членаў камісіі.

– Ну канешне ж, Астравец! – перагля­нуўшыся, параілі ёй.

І яна паехала.

– Прыехала ў Гудагай калінін­градскім цягніком а палове дванаццатай ночы. Спытала, калі аўтобус на Астравец, – кажуць, толькі а пятай гадзіне ранку. Я разаслала газету на лаўцы і легла спаць. Назаўтра раненька прыходжу да бальніцы, усё яшчэ зачынена. Толькі ў прыёмным пакоі вокны свецяцца. Уселася на лаўку, чакаю пачатку працоўнага дня. Выходзіць светлай памяці Іван Цімафеевіч Пішчаленка.

Распытаўся, хто я і чаму тут сяджу. Даведаўся, што акушэрка, пасля вучылішча, і параіў: «Калі будуць на ФАП адпраўляць – не згаджайся. У нас нядаўна акушэрка ў радзільным звольнілася, цябе могуць узяць».
Так і атрымалася. І ў 1967 годзе ў раённай бальніцы з’явілася новая акушэрка.

– Раней на роды ўрача выклікалі толькі ў экстраных выпадках, – расказвае Галіна Архіпаўна. – Але ж, калі ўсё пачынаецца, хто скажа, экстраны гэта выпадак ці не? Я маладая, смелая была. Памятаю, другое дзяжурства ў мяне,  а ў парадзіхі адкрылася матачнае крывацячэнне. Я ўручную паслед аддзяляла – нас жа вучылі, як трэба. Тады родаў шмат было, насельніцтва раёна складала больш за  42 тысячы чалавек, у год нараджалася каля 400 дзяцей. Здараецца, за час дзяжурства трое-чацвёра родаў – а яшчэ ж трэба ўсе паперы аформіць.

Тут, у Астраўцы, Галіна Архіпаўна і лёс свой сустрэла: Мікалай Вайцяхоўскі, які толькі дэмабілізаваўся з арміі і ўладка­ваўся на работу ў райфінаддзел, прыйшоў да яе кватэрнай гаспадыні праводзіць перапіс хатняй жывёлы – быў у той час і такі, і рабілі яго штогод. Там і выглядзеў маладую і прыгожую кватарантку.

– Гэта было каханне з першага погляду, – прызнаецца Галіна Архіпаўна.

Пасля радзільнага аддзялення пэўны час яна працавала медсястрой педыятрычнага ўчастка, затым – у дзіцячым садку №3. А потым прайшла курсы і стала працаваць у рэабілітацыйным аддзяленні інструктарам лячэбнай фізкультуры, асвоіла сакрэты кантактнага і бескантактнага масажу, розныя накірункі лячэбнай фізкультуры. Яе ўменне «лячыць без лекаў» і сёння вельмі цэняць яе пацыенты, родныя і сябры.

Ванда Аўлас

Ванда Міхайлаўна Аўлас, можна сказаць, дзяўчынка ў іх ветэранскай кампа­ніі: у сям’ю астравецкіх медыкаў яна ў параўнанні з іншымі ўлілася даволі позна, у 1977 годзе.

4.jpg



Праўда, да гэтага былі тры спробы штурмаваць медінстытут, у перапынках паміж якімі – яна працавала санітаркай у кямелішкаўскай амбулаторыі. 

У дзяўчынкі з дзяцінства была мара: стаць урачом. Ёй вельмі падабалася рытанская фельчарка Зінаіда Малахоўская, і малая гаварыла: «Хачу быць дакторкай, як Зіна». А тая, маладая прыгожая татарачка, смяялася ў адказ: «Я не дакторка, а толькі фельчар. А вось ты, Вандачка, будзеш доб­ра вучыцца, закончыш школу з залатым медалём, паступіш у інстытут – і станеш доктарам». Так у душы дзяўчынкі з далёкага хутара пасялілася мара, здрадзіць якой яна не магла! Нават калі з першай і з другой спробы паступіць не ўдалося – перашкаджала хваляванне вясковага дзіцяці перад строгімі выкладчыкамі, – яна ведала, што ўсё роўна стане доктарам!

– Калі Ванда Міхайлаўна прыехала ў Астравец, я ўспомніла, што бачыла яе ў Гродне, – гаворыць Алена Валюк. – Калі мы з мужам спрабавалі паступаць у медінстытут, у мяне задача па фізіцы не атрымлівалася. Сябры параілі: схадзі ў пакой да Ванды, яна ўсё ведае. І сапраўды – яна рашыла і растлумачыла, як. Тады я яшчэ не ведала, што Ванда наша зямлячка і што некалі мы будзем не толькі працаваць разам, але і сябраваць.

– Я і сапраўды ўсё ведала: тата купіў мне падручнік па фізіцы для студэнтаў першага курса, і я вывучыла яго на памяць, – гаворыць Ванда Міхайлаўна. – А прыходзіла на экзамен – і ад хвалявання пачынала запінацца. Першы год здала ўсё на чацвёркі – гэтага аказалася недастатковым для паступлення. На другі год выкладчык паставіў мне тройку. На трэці год нехта з хлопцаў параіў выпіць супакойваючую таблетку перад экзаменам – я прыняла адразу дзве! І пайшла здаваць менавіта таму выкладчыку, які ў мінулым годзе паставіў тройку. На гэты раз я адказвала без запіначкі! Пяцёрка ў дадатак да майго  медаля азначала паступленне. Тады я зведала, што такое шчасце: не ішла, а, здаецца, ляцела ў паветры, каб хутчэй дабегчы да тэлефона і паведаміць бацькам: паступіла!

Пасля заканчэння Гродзенскага медінстытута ў 1971 годзе Ванду Міхайлаўну размеркавалі ў Івацэвічы. Толькі там згадзіліся прыняць на работу афтальмолага – а маладая і ўпартая выпускніца, адзіная дзяўчына ў хірургічнай групе, хацела быць калі не хірургам – гэтую мару ёй «засеклі на корані»: маўляў, што за хірург з жанчыны атрымаецца? – то хоць бы мець аперыруючую спецыяльнасць. Афтальмалогія адносілася якраз да такой. І ўсё ў іх ладзілася.

Да таго часу Ванда выйшла замуж за сваё школьнае каханне  – Валодзю Аўласа, у іх нарадзіўся сын, сям'і выдзелілі кватэру.  Ванда Міхайлаўна прайшла ў Маскве двухгадовыя вочна-завочныя курсы па афтальмалогіі. Паступова прыходзіў вопыт і аўтарытэт.

Ды аб тым, што ў Брэсцкай вобласці працуе акулістам астравецкая дзяўчына – і гэта ў той час, як у Астравецкай бальніцы няма афтальмолага, даведаўся тагачасны галоўны ўрач Валянцін Ражко. Ён пачаў масіраваную атаку: вяртайцеся, дадзім кватэру, выдзелім машыну! Калі ў ход пусцілі «цяжкую артылерыю» – бацькоў, Аўласы пасля нядоўгай абароны здаліся і вярнуліся на радзіму. Хоць напачатку замест абяцанай кватэры жыць ім давялося на малочнай кухні…

А калі намесніка галоўнага ўрача забралі ў Ашмяны, а іншыя перспектыўныя дактары былі на курсах, Аўлас папрасілі часова папрацаваць начмедам. Як вядома, няма нічога больш пастаяннага, чым часовае. Некалькі гадоў Ванда Міхайлаўна выконвала  абавязкі намесніка галоўнага ўрача – і паралельна працавала афтальмолагам.

–  Па 150 чалавек у дзень прымала – талоннай сістэмы тады не было, – успамінае Ванда Міхайлаўна. – І ў дадатак – абавязкі намесніка… 

Пакідала яна кіруючую пасаду, можна сказаць, са скандалам.

Доўгі час Ванда Міхайлаўна была адзі­ным афтальмолагам у раёне – праз яе рукі прайшло, без перабольшання, усё дарослае і дзіцячае насельніцтва раёна. І на кожнага, хто трапляў у яе кабінет, была  асобная картачка: хто, калі, з чым звяртаўся… 

А баявы, бескампрамісны характар, які дастаўся ёй у спадчыну ад бацькі, не памякчэў і па сённяшні дзень: нават няпростае жыццё не навучыла Ванду Міхайлаўну «віляць хвастом» і імкнуцца дагадзіць – яна і зараз кожнаму рэжа праўду-матку ў вочы.

Так, у кожнага з іх свае ўспаміны пра гады жыцця і працы ў астравецкай медыцыне – у каго больш, у каго менш працяглыя і драматычныя. Але ўсе яны і кожная з іх – часцінка гісторыі астравецкай медыцыны ў прыватнасці і нашага раёна ў цэлым.


Старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Баляславаўна Шляхтун:

– З гэтымі жанчынамі мне давялося жыць побач: муж у мяне ўрач, кватэру нам далі ў доме медыкаў. Яны вучылі мяне ўсяму: як паводзіць сябе з людзьмі, накрываць стол, выхоўваць дзяцей. Яны прывучылі мяне да высокага мастацтва: разам мы ездзілі ў тэатры Вільнюса і Мінска, на выстаўкі і канцэрты. А як мы адзначалі Новы год – спачатку кожны ў сваёй сям’і, потым – усе разам. Затым каталіся з дзецьмі з горкі – хто на санках, хто на  кавалку цыраты. А як адзначалі прафесійныя святы! Дзякуй ім за жыццёвы вопыт і за навуку!
Текст: Нина Рыбик