Абляпіха – «Прадукт года»: шлях з куста да стала

14:42 / 16.09.2019
Фермерскую гаспадарку «Світанак-Л» і яе энергічнага гаспадара Часлава Лабачэўскага добра ведаюць ў Беларусі і за яе межамі – вырошчванне саджанцаў яблынь і іншых пладовых дрэў тут было пастаўлена, як кажуць, на паток.

Аднак некалькі гадоў таму фермер – не быў бы то Лабачэўскі! – вырашыў рызыкнуць і заняўся вырошчваннем абляпіхі. Некаторыя круцілі пальцам ля скроні: маўляў, нічога не атрымаецца, толькі грошы на вецер пусціць. Іншыя недаверліва паціскалі плячыма: «Паглядзім, што з гэтага выйдзе…» На зайздрасць першых ці да радасці другіх усё атрымалася, канешне, не без цяжкасцей. Гэта пацвярджае хоць бы той факт, што астравецкая свежазамарожаная абляпіха сёлета на аўтарытэтным конкурсе была прызнана «Прадуктам года». 

0.jpg

Часлаў Лабачэўскі і Марына Шалкевіч


– Шмат гадоў галоўнай культурай нашага гадавальніка была яблыня. Шэсць гадоў таму яе месца заняла абляпіха, – гаворыць Часлаў Станіслававіч па дарозе ў матачна-чаранковы сад. – Аб такой ракіроўцы я ні разу не пашкадаваў. Абляпіха ва ўсіх сэнсах унікальная расліна. Гаючымі лекавымі ўласцівасцямі валодаюць не толькі ягады, якія ўтрымліваюць практычна ўсе элементы перыядычнай сістэмы Мендзялеева, але і лісце, кара, карэнне. І сератанін, так званы «гармон шчасця», таксама ў ёй ёсць. Уявіце сабе, ужо ў старажытныя часы людзі ведалі пра гэтую цуда-ягаду: падчас доўгіх знясільваючых паходаў воіны ўмацоўвалі сілы абляпіхай і лячылі ёй коняў.

– Нездарма з лацінскай мовы абляпіха перакладаецца як «ільсняны конь», – да размовы далучаецца кандыдат сельскагаспадарчых навук, вучоны сак­ратар інстытута пладаводства Марына Шалкевіч. – У канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў абляпіха з’явілася ў калекцыях батанічных садоў, у тым ліку і ў Беларусі. Сёння ў свеце налічваецца больш за 200 яе сартоў. Пэўны час існавала праб­лема іх раяніравання: выведзеныя селекцыянерамі для Сібіры з іх  устойлівымі маразамі для нашых кліматычных умоў са значнымі перападамі тэмпературы не падыходзілі. У нашым інстытуце вядзецца актыўная работа па вывядзенні новых сартоў. А «Світанак-Л», па сутнасці, першы  ў рэспубліцы гадавальнік па вытворчасці чаранкоў абляпіхі.

Марына Сяргееўна ўсё жыццё  прысвяціла вывучэнню абляпіхі. Пад яе кантролем шэсць гадоў таму ў фермерскай гаспадарцы «Світанак-Л» адбылася закладка першых трох тысяч саджанцаў гэтай культуры.

1.jpg



Сяброўска-дзелавыя стасункі з экспертам па абляпісе Часлаў Станіслававіч падтрымлівае да гэтага часу: Марына Сяргееўна кансультуе фермера і час ад часу прыязджае ў Астравец, каб пабачыць, як расце яе любіміца.

– Ну, Станіслававіч, ураджай у вас сёлета – на славу. Вага ягады – 1,2 грамы, – толькі  глянуўшы на дрэўцы, вызначыла Марына Сяргееўна. 

– Матачна-чаранковы сад дае зашмат парасткаў, таму на свой страх і рызык восенню дрэвы моцна абрэзаў, – расказвае Часлаў Станіслававіч. – І не прагадаў. Паглядзіце, колькі новых «пальчыкаў» з’явілася! Эксперымент апраўдаў сябе.

Плады абляпіхі ў фермерскай гаспадарцы збіраюць уручную ў абляпіхавым і часткова – у матачна-чаранковым садах. Працэс гэты дастаткова працаёмкі, да таго ж дрэўца ўсыпана не толькі ягадамі, але і калючкамі. Збіраюць плады не па ягадцы, як нехта можа падумаць, а зразаючы цэлыя галінкі. Потым іх змяшчаюць у спецыяльныя маразільныя камеры, дзе тэмпература складае -350С – пасля такой «шокавай тэрапіі» ягады лёгка аддзяляюцца ад галінак. Спрытныя рукі работніцы на пару з паветранай пушкай аддзяляюць парушынкі ад ягад, якія потым расфасоўваюцца па 500 грамаў у кантэйнеры – і зноў трапляюць у  маразільныя камеры. А адтуль унікальная ягада адпраўляецца да сваіх спажыўцоў – заражаць іх здароўем і сілай. 

2.jpg

Ягады перабіраюць уручную


4.jpg

Замарожаныя плады абляпіхі


6.jpg

Чарговая партыя ягад пасля шокавай замарозкі паступае на перапрацоўку



Сёлета ў гаспадарцы закладваюць плантацыю буякоў у 5 гектараў. 

Текст:
Фото: Алёна Ганулич