Званне «Ганаровы лесавод» атрымаў Аляксей Мазырка
09:03 / 15.09.2019
– Без перабольшвання лес – маё жыццё. Выпадкова зроблены выбар на карысць лясной гаспадаркі стаў для мяне лёсавызначальным, – прызнаецца Аляксей Аляксеевіч. – Нарадзіўся я на Лідчыне ў вёсцы Вольгаўцы ў звычайнай сям’і. Ніхто са сваякоў у лясной гаспадарцы не працаваў. Праўда, бацька і дзядуля былі заядлымі паляўнічымі. Відаць, на генетычным узроўні мне перадалася цяга да гэтага спрадвечнага мужчынскага занятку. Хлопец з суседняй вёскі неяк пры размове параіў сумясціць прыемнае з карысным – так я паступіў у Полацкі лясны тэхнікум. Можна лічыць, што паляванне мяне і прывяло ў лясную гаспадарку.
Падчас вучобы юнак адслужыў у арміі і вярнуўся давучвацца ў тэхнікум, дзе і пазнаёміўся з будучай жонкай.
– На некалькі курсаў я быў старэйшы за Анжаліку, таму, калі мяне па размеркаванні накіравалі ў Гродзенскі лясгас, яна, як сапраўдная жонка, прыехала за мной. Жылі мы на хутары ў чатырнаццаці кіламетрах ад Гродна. Анжаліка давучвалася на завочным аддзяленні, – успамінае ляснічы. – Праз чатыры гады наша жыццё крута змянілася: мы прыехалі ў Астравец, які раней называлі канцом свету. З 1991 года працуем у Катлоўскім лясніцтве. Калектыў, з якім я пачынаў працоўную дзейнасць, практычна не змяніўся, а з Мікалаем Уласеным і Сяргеем Місевічам са студэнцкіх гадоў разам.
У Катлоўскім доследна-вытворчым лясніцтве працуе 33 чалавекі. Сёння ўся сям’я Мазыркаў звязана з лясной гаспадаркай. Правая рука і асноўны дарадца Аляксея Аляксеевіча – жонка, якая з абавязкамі памочніка ляснічага спраўляецца на выдатна. Калі ў сістэме лясной гаспадаркі пачалася масавая камп’ютарызацыя, Анжаліка Уладзіміраўна адна з першых на Астравеччыне асвоіла разумныя праграмы. Па слядах бацькоў пайшоў і сын Валянцін – ён майстар лесу. У лесагаспадарчую галіну некалькі гадоў таму прыйшла працаваць і нявестка Таццяна.
– Усё жыццё з Анжалікай жывём у лесе, – усміхаючыся, гаворыць Аляксей Аляксеевіч. – Калі працавалі ў Гродзенскім лясгасе, наш дом стаяў на хутары. Калі пераехалі на Астравеччыну, лічы, з усіх бакоў да нашага дома лес падступаў. Цяпер жывём у Вайдацішках – таксама ў лясной вёсцы. Дзікія жывёлы на нашым падворку частыя госці. Некалькі гадоў таму з жонкай выратавалі і выгадавалі маленькую казулю, на якую напалі сабакі. Красуля жыла ў нас, пакуль не паправілася. Адным ранкам не знайшлі на панадворку нашу гадаванку – пайшла ў лес. Дзікая прырода, відаць, узяла сваё. Але якім было наша здзіўленне, калі аднойчы яна прыйшла да нас ізноў, але ўжо са сваімі дзецьмі.
Праца Аляксея Аляксеевіча неаднойчы адзначалася кіраўніцтвам: яго партрэт быў на раённай Дошцы гонару, мужчына ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі». Сёлета напярэдадні прафесійнага свята з Мінска прыляцела прыемная навіна: падпісаны ўказ аб прысваенні ляснічаму Катлоўскага доследна-вытворчага лясніцтва звання «Ганаровы лесавод».
Цікаўлюся ў Аляксея Аляксеевіча, што ён адчуў, калі даведаўся пра ўзнагароду.
– Гэта заслуга ўсяго калектыву. Дзякуючы намаганням кіраўніцтва Астравецкага лясгаса наша лесагаспадарчае прадпрыемства займае лідзіруючыя пазіцыі не толькі ў вобласці, але і ў краіне. Калі б не мае хлопцы, хто б даў Мазырку медаль? – разважае ляснічы. – На Астравеччыне ўсе дзевяць лясніцтваў ідуць нага ў нагу – слабых няма. У нас дружны, згуртаваны калектыў, і рашэнні па самых значных пытаннях мы прымаем калегіяльна. Хоць у апошні час цяжкую ручную працу выконвае тэхніка, у лясной гаспадарцы па-ранейшаму без людзей не абысціся. Я ганаруся тым, што ўсе трыццаць гадоў побач са мной шчырыя, сумленныя, працавітыя людзі.
Адным сказам
* Лес, як і дзіця, патрабуе клопату.
* Са сваімі хлопцамі – леснікамі, майстрамі лесу – мы звязаны адной нітачкай.
* Лесніка, як і ваўка, кормяць ногі.