Якія творы беларускіх аўтараў любяць астраўчане

08:15 / 30.08.2019
Слонім будзе прымаць шматлікіх гасцей на Дні беларускага пісьменства – свяце друку, асветы, слова.

З гэтай нагоды астраўчан і гасцей горада мы папрасілі назваць любімага беларускага пісьменніка ці паэта, твор і, па магчымасці, працытаваць яго. 

Святлана Мешкіс, пенсіянерка: 

Мешкіс.jpg



– Творчасць такога волата беларускай літаратуры, як Янка Купала, будзе заўсёды актуальнай. А колькі яго вершаў пакладзена на музыку!

…Я буду маліцца і сэрцам, і думамі.

Распетаю буду маліцца душой,

Каб чорныя долі з мяцеліцай шумамі

Не вылі над роднай зямлёй, нада мной… 



Верш «Мая малітва», напісаны больш за стагоддзе назад, найбольш лёг мне на душу. 

Марыя Станкевіч, галоўны бухгалтар райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу:

Станкевіч.jpg



– Мне блізкая жаночая проза. Вельмі спадабалася апошняя кніга Ніны Рыбік «Скрыжаванні».  Хоць аповесць напісана даступна, проста і лёгка чытаецца, у ёй тонка і па-майстэрску ўзняты спрадвечныя жыццёвыя пытанні, з якімі сутыкаецца кожная жанчына незалежна ад узросту і статусу. Шчаслівая сям’я і жаночае шчасце – гэта адно і тое ж? Ці не? Лепш на лёс спадзявацца – ці браць усё ў свае рукі? Ніна Рыбік піша пра жанчын і для жанчын.

Марына Лаздоўская, біб­ліятэкар:

Лаздоўская.jpg



– Люблю творы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Мне імпануе, што цэнтральнае месца ў іх творчасці адводзіцца простаму чалавеку, яго клопатам і праблемам.  

Ангеліна Клінцэвіч, медыцынская сястра:

Клінцэвіч.jpg



– Маім жыццёвым прынцыпам сугучны сэнс рамана «Сэрца на далоні» Івана Шамякіна. Сцэна,  у якой доктар Яраш робіць аперацыю на сэрцы Зосі Савіч, мне падаецца сімвалічнай: ён імкнецца ўратаваць жыццё жанчыны гэтак жа самаадана, як і вярнуў ёй добрае імя. Мне здаецца, кожны медыцынскі работнік – не істотна, урач гэта ці фельчар – павінен быць такім жа, як і шамякінскі герой: праўдзівым, справядлівым і адданым сваёй справе.
 
Максім Навіцкі, вучань:

Навіцкі.jpg



– Ой, нават і не пытайце – не памятаю ніводнага прозвішча. Нешта праходзілі на ўроках літаратуры… Падумаю пра школу – дрыжыкі бяруць. Кніжкі чытаць не люблю, а ў тэлефоне сядзеў бы суткамі навылёт!

Текст:
Фото: Алёна Ганулич