Як хутка адаптавацца ў школе
08:43 / 16.08.2019
Школьная пара ў першакласнікаў адзначаецца ростам самастойнасці, да якой не гатовы і бацькі. Для многіх дарослых дзіця ўсё яшчэ бездапаможнае: яго трэба апранаць, за ім прыбіраць...
Але школа змяняе ўсё! Дзіця ўжо не імкнецца да самастойнасці – яно да яе бяжыць. Бацькі ж, як правіла, стараюцца акружыць яго яшчэ большым клопатам, такім чынам паказваючы сыну ці дачцэ іх бездапаможнасць – і робяць толькі горш. У гэты момант трэба дапамагчы малому паверыць у свае сілы, падтрымаць яго.
Некалькі парад для бацькоў першакласнікаў:
– разам з дзіцям купляйце школьныя прылады, дайце яму самастойна выбраць пенал, ручкі, алоўкі, партфель – так вы падмацуеце цікавасць да вучобы.
– дазваляйце дзіцяці быць самастойным: няхай выбірае кашулю (з прапанаваных вамі), у якой хоча ісці ў школу; навучыце яго карыстацца мікрахвалёўкай, бо вы не заўсёды зможаце быць дома падчас вяртання яго са школы; пакажыце яму, як самому зрабіць бутэрброд;
– не забывайце пра бяспеку: разам паўтарыце правілы дарожнага руху, нумары тэлефонаў экстраных службаў;
– размаўляйце з дзіцям пра школу пазітыўна;
– імкніцеся падбадзёрыць і падтрымаць сваё дзіця – асабліва калі ў яго нешта не атрымліваецца; дапамагайце яму вучыцца з дапамогай гульні;
– не скупіцеся на пахвалу;
– не нагружайце малога дадатковымі заняткамі пасля школы: у яго павінен быць вольны час на ўласныя справы і гульні;
– абмяркоўвайце, як прайшоў дзень. Пытайцеся ў дзіцяці не толькі пра поспехі, але і пра яго пачуцці і перажыванні.
Не варта думаць, што на працягу школьнага жыцця вы адзін на адзін будзеце змагацца з цяжкасцямі. У школе ў вас і вашага дзіцяці з’явяцца сябры, здольныя дапамагчы, – класны кіраўнік, псіхолаг і сацыяльны педагог.
Не хвалюйцеся: усё ў вас атрымаецца!
Марына ЯЦКЕВІЧ,
педагог-псіхолаг сацыяльны-педагагічнага цэнтра