Гонар Астравецкага раёна: загадчыца МТК «Газа» Генаефа Харкевіч

11:09 / 13.08.2019
Калі ў чалавека вялікае сэрца, то яго любові, пяшчоты і ўнутранай цеплыні хапае на кожнага, неістотна – чалавек гэта, жывёла ці расліна. 

Загадчыца малочна-таварнага комплексу «Газа» КСУП «Варняны» Генаефа Харкевіч, чый партрэт сёлета занесены на раённую Дошку гонару, з такіх – шчырых, спачуваючых, добрых людзей, для якіх чужыя бяда і радасць – як свае…

0.jpg


– А інакш я не ўмею, –  прызнаецца загадчыца малочнага-таварнага комплекса. – Усё жывое ласку любіць. І да чалавека, і да жывёлы з дабрынёй трэба адносіцца. Раз пачухаеш кароўку за вухам, другі – а праз дзень яна ўжо сама да цябе пысу цягне – пазнае.

На ферме «Газа», якую шэсць гадоў таму пераабсталявалі пад комплекс, Генаефа Станіславаўна працуе ўсё свядомае жыццё – больш за трыццаць гадоў.  Загадчыца можа падмяніць любога работніка: даярку, слесара, цялятніцу. У дзень майго прыезду гэтая ўсмешлівая жанчына сама паіла цёплым малаком цялят.

– Я люблю жывёлу, з дзяцінства ведала, што буду працаваць на ферме, – прызнаецца Генаефа Станіславаўна. – Нарадзілася на Воранаўшчыне ў простай вясковай сям’і. Бацькі працавалі ў калгасе: мама была даяркай, тата – трактарыстам. Некалькі гадоў ён узначальваў ферму, дзелавы быў, пагэтаму і прызначылі. (Усміхаецца). І я на ферме прападала: дапамагу маці падаіць кароў – і подбегам да цялятак. Яны пацешныя, зусім як дзеці.  Таму пытання, кім быць, пасля школы перада мной не стаяла. Падала дакументы ў Ваўкавыскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Вывучылася на ветэрынарнага фельчара і па размеркаванні трапіла на Астравеччыну ў калгас «Запаветы Ільіча». Думала, што часова: адпрацую і вярнуся бліжэй да бацькоў – у Воранаўскі раён, а выйшла так, што на ўсё жыццё. 

Маладзенькую фельчарку на кватэру да сябе ўзялі Юркойці, хата якіх стаяла каля клуба. 

– У Міхалішкі на танцы моладзь прыязджала з суседніх вёсак, –  успамінае Генаефа Станіславаўна. – Хлопец з Заборцаў прыязджаў на матацыкле – ну і глянуўся мне. Ці я яму? (Усміхаецца). Ужо і не разбярэшся! Год сустракаліся, а потым пабраліся шлюбам. Па даўнейшай завядзёнцы вяселле было на два бакі:  у маіх бацькоў на Воранаўшчыне і ў Заборцах. 

Некалькі гадоў маладыя жылі ў Заборцах, потым перабраліся ў Газу – тут ім праўленне калгаса выдзеліла  дамок. У Харкевічаў нарадзілася двое дзетак: дачушка Рэната і сынок Віця. Здавалася б, жыві сабе і радуйся! Ды няпрошаны «госць» пагрукаў у дзверы.

– Я і муж на працы былі, дзеці – у школе, – успамінае Генуэфа Станіславаўна. – Памятаю, нехта з вясковых прыбег на ферму, кажа: «Прысядзь, Геня, бяда ў вас – хата гарыць». Я і аб’ехала па сцяне, –  жанчына прыпыняецца. – Дом жа драўляны – за некалькі хвілін цалкам згарэў, нават дакументы ўратаваць не паспелі. У нас старэнькі халадзільнік стаяў, дык пажарныя потым сказалі, што, хутчэй за ўсё, ад яго і пачалося ўзгаранне. Жылі ў лазні. Але свет не без добрых людзей. Хто нам толькі ні дапамагаў! З калгаса бясплатна будаўнікоў далі, лясніцтва драўніну выдзеліла, райвыканкам бясплатна дапамог аднавіць усе дакументы, людзі грошы, адзенне, ежу прыносілі… У красавіку бяда здарылася, а ў верасні мы ўжо перайшлі ў новую хату. Праўда, жылымі былі толькі два пакоі, пакрысе з мужам усё даводзілі да толку. 

Жанчына прызнаецца, што ў той складаны для іх сям’і час ад дрэнных думак і роспачы яе ратавала работа.

– Раней людзі больш працавітымі і дружнымі былі: разам і гаравалі, і радаваліся. У вёсцы, памятаю, было сто кароў, а цяпер на ўсю Газу толькі адна рагуля, – гаворыць Генаефа Станіславаўна. – Маладыя не хочуць ісці ў сельскую гаспадарку, але некаму ж трэба жывёлу гадаваць і хлеб расціць. 

На МТК «Газа» ўтрымліваецца крыху больш за 600 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 365 – дойны статак. 

– На мне яшчэ бычнікі ў Шульніках і Загазі, – расказвае жанчына. – Па малаку мы плюсуем і прывагі на комплексе нядрэнныя. Групу высокапрадукцыйных кароў доім тры разы на дзень і з 9.00 да 13.30 выганяем на прагулку. На пашы штодзень бываюць хворыя рагулі. Нездарма кажуць, што малако ў каровы на языку: калі «зялёнка» добрая, тады і надоі растуць.

Працоўны дзень у загадчыцы малочна-таварнага комплексу пачынаецца ў пяць раніцы. За гадзіну, пакуль на ферме не з’явіліся іншыя работнікі, Генаефа Станіславаўна паспявае абысці свае ўладанні: праверыць ацёлы, адведаць цялят, выявіць кароў у ахвоце.

– Толькі глянуўшы на карову, магу сказаць, што ёй нездаровіцца: вочы патухлыя, слаба жуйку жуе, –  расказвае жанчына. – Два разы на месяц на комплекс прыязджаюць спецыялісты райветстанцыі і абследуюць кожную карову. Хворых адразу пераводзім у іншую групу.

У падначаленні Генаефы Станісла­ваўны 18 чалавек. 

– Калектыў у нас нядрэнны. Добра працуе сямейная пара жывёлаводаў Надзеі і Станіслава Сенюцёў. А жывёлавод Алена Туркіна на кані развозіць і ўручную раздае кармы цялушкам і атрымлівае добрыя прывагі – па 700-800 грамаў, – расказвае жанчына. – Я люблю сваю работу. Калі нехта пытаецца, ці кінула б комплекс, катэгарычна адказваю, што нізавошта. Як я буду без маіх цялятак і кароў?

На развітанне цікаўлюся ў Генаефы Станіславаўны, што для яе галоўнае ў жыцці.

– Каб дзеці і ўнукі былі здаровень­кімі. Астатняе прыдбаецца і купіцца… А яшчэ – да ўсяго жывога трэба адносіцца з дабром – яно абавязкова вернецца, я ведаю, – усміхаючыся, адказала маленькая жанчына з вялікім сэрцам. 

Текст:
Фото: Алёна Ганулич