Варнянскія «Следапыты» ў тройцы лідараў

13:13 / 06.08.2019
На працягу трох дзён 80 юнакоў з некалькіх  раёнаў Гродзеншчы­ны ўдзельнічалі ў абласным злёце атрадаў «Юных сяброў пагранічнікаў» і кадэцкіх класаў, які праходзіў на базе Смаргонскага вучэбнага цэнтра Інстытута пагранічнай службы. Астравеччыну на злёце прадстаўляла каманда Варнянскага НПК.

Праграма злёту, падчас  якога юнакі змагаліся за пераходны кубак, уключала ваенна-патрыятычныя і спартыўныя іспыты. Каманды прымалі ўдзел у ваенізаванай эстафеце, стральбе з вінтоўкі, кіданні вучэбнай гранаты, перацягванні каната, прайшлі таксама інтэлектуальны турнір, конкурс баявых лісткоў  і іншыя выпрабаванні.

0.jpg



– Праграма была вельмі насычанай, – расказала намеснік дырэктара Варнянскага НПК Наталля Адула. – Нягледзячы на канікулы наш атрад  «Следапыты» пад кіраўніцтвам настаўнікаў  Уладзіміра Саленіка, Дзмітрыя Карвецкага і Кацярыны Сульжыцкай старанна рыхтаваўся – і паказаў добрыя вынікі.

Так, падчас  агляду-конкурсу строю і песні «Раўненне на сцяг!» камандзір атрада Канстанцін Юркойць цудоўна справіўся са сваёй задачай,  беспамылкова аддаўшы рапарт начальніку штаба,  а  атрад дакладна выканаў усе страявыя прыёмы – і гэта дазволіла камандзе заняць 2  месца. 

Вечарам  каманды дэманстравалі свае  прэзентацыі пад назвай  «Мы – адзінае цэлае».  У творчым выступленні варнянцы распавялі пра сябе, сваю школу і малую радзіму.

«Тарнада», «Снайпер», «Пагранічная паласа» – на працягу наступнага  дня школьнікам давялося бегаць, скакаць,  кідаць гранату, перацягваць канат, шукаць «сховішчы» – словам, дэманстраваць  фізічна-спартыўныя навыкі і ўменні. Гэты  дзень  прынёс варнянскай камандзе ажно чатыры дыпломы.

А вось у апошні дзень удзельнікам да­вялося праявіць інтэлектуальныя і творчыя здольнасці. У праграме стаялі «Ме­дыя-азбука», «Эрудыт-лато» і «Што? Дзе? Калі?», а таксама конкурс сценгазет. У скарбонку дасягненняў варнянцы паклалі Дыпломы за 2 і 3 месцы адпаведна.

Перамога ў кожным конкурсе наблі­жала каманды да запаветнага Кубка і давала ім шанс трапіць на п’едэстал. Сёлета пераходны Кубак заваявалі смаргонскія школьнікі, другое месца заняла каманда Кастрычніцкага раёна горада Гродна. А вось трэцяе месца «ўзялі» варнянскія школьнікі.

Акрамя таго прадстаўнік астравецкай каманды Яраслаў Мядэйша атрымаў дып­лом у намінацыі «За ўпорства і працалюбства», а камандзір атрада Канстанцін Юркойць быў адзначаны дыпломамі ў намінацыях «Лепшы стралок», «Лепшы страявік злёту» і «За імкненне да перамогі». 

Добрыя эмоцыі і пазітыўны настрой удзельнікам злёту падарылі экскурсіі па вучэбным цэнтры і ў кіналагічны цэнтр, а таксама плац-парад і канцэрт аркестра Смаргонскай пагранічнай групы.

Текст:
Фото: з архіва Варнянскага НПК