Наступная станцыя – Гудагай: з мінулага – у сучаснасць

00:37 / 04.08.2019
– гэтыя словы для многіх жыхароў Астравеччыны, якім даводзіцца ездзіць з раёна ў сталіцу ці другія гарады Беларусі і іншыя краіны і вяртацца назад на радзіму, самыя чаканыя пры завяршэнні падарожжа.  Не гаворачы ўжо пра гудагайцаў,  для якіх будынак вакзала – адна з мясцовых славутасцей.

З гісторыі – у сучаснасць

На ўскрайку беларускай мяжы  з Літвой размясціўся прыгожы будынак чыгуначнага вакзала. Наконт года яго ўзвядзення  і ўвогуле пабудовы праз Гудагай чыгункі  снуюць розныя меркаванні.

IMG_3599.jpg



У кнізе «Чыгуначная дарога Беларусі. Гісторыя і сучаснасць», выдадзенай у 2001 го­дзе, у тым ліку расказваецца і пра будаўніцтва Лібава-Роменскай чыгуначнай дарогі, якая ўводзілася ў строй па ўчастках па меры іх гатоўнасці з 1871-га да 1874 года.

IMG_3605.jpg



Так, гістарычныя звесткі, пададзеныя ў  кнізе, сведчаць, што ўчастак Нова-Вілейск- Мінск быў  адкрыты 14 сту­дзеня 1873 года. Аднак ці быў у той час пабудаваны на чы­гунцы гудагайскі вакзал, гістарычных  звестак не захавалася.

У адным з артыкулаў Адама Мальдзіса, надрукаваным у «Астравецкай праўдзе», наш зямляк-навуковец робіць спасылку на карту 1880 года, дзе змешчана назва «станцыя Гудагай», – гэту дату Адам Мальдзіс лічыць   адным з першых успамінаў Гудагая ў друку.

фрагмент карты 1880 года.jpg



Знайсці якія-небудзь іншыя сведчанні пра гісторыю чыгуначнай станцыі Гудагай дарэвалюцыйнага часу пакуль не ўдалося. 

А вось пра яго ваенную і пасляваенную гісторыю можна даведацца з экспазіцыі мясцовага  школьнага музея. Адзін са ста­ражылаў Гудагая Іван Сяр­коў, якога  ўжо няма ў жывых, у 2002 годзе перадаў у школьны музей звесткі пра начальнікаў станцыі Гудагай. Так, вядома, што ў перадваенны час чыгуначную станцыю ўзначальваў  Арэшын, у перыяд акупацыі ёй кіраваў немец Отта, а пасля вызвалення ў 1944 годзе нашага раёна на пасаду начальніка чыгуначнай станцыі быў прызначаны Агафонаў. Пазней яе начальнікамі былі Гайсёнак, Дубіцкі, Нечапурэнка, Красноўскі, Мажараў, Малькевіч, Пінчук, Андрушкевіч, Селівонаў.

З 2002 года чыгуначную стан­цыю Гудагай узначальвае Валянціна Бенахомская.

Пасля заканчэння Аршанска­га тэхнікума чыгуначнага транспарту  па размеркаванні малады спецыяліст прыехала ў Гудагай – і стала працаваць дзяжурнай  па станцыі.

– Па праўдзе кажучы, паступаць у чыгуначны тэхнікум паехала за кампанію, – успамінае Валянціна Аляк­се­еўна. – І толькі калі пры­еха­ла працаваць,  прыйшло разуменне таго, што прафесію я абрала па душы і яна мне падабаецца. 

Праз дзесяць гадоў Валянціну Бенахомскую прызначылі на­чаль­нікам чыгуначнай стан­цыі, з’явіліся новыя абавязкі  – але і сёння яна кожны дзень з радасцю спяшаецца на работу, каб з усмешкай сустракаць і праводзіць цягнікі.

Цяпер чыгуначная станцыя Гу­дагай  уваходзіць у склад Мін­с­кага аддзялення Беларускай чыгункі і па аб’ёму выконваемых работ аднесена да станцый  3 класа. Да таго ж станцыя  з’яўляецца міжнародным пунктам пропуску, што ўскладвае на яе шэраг дадатковых абавязкаў.

– Па станцыі Гудагай у сярэд­­нім у суткі праходзіць 20 пар груза­вых,  8 пар рэгіянальных ліній  эканом-класа  і 10 пар міжна­родных паса­жырскіх цягні­коў, – расказвае Ва­лянціна Аляк­сееўна. – Асноў­ныя функцыі – без­аварыйны пропуск цягнікоў, абслугоўванне паса­жыраў – продаж білетаў. Дарэчы, у сярэднім за суткі па стан­цыі прадаецца 50 білетаў на цягнікі міжнародных ліній і 150 – на цягнікі эканом-класа.

Прымае станцыя і грузавыя цягнікі, у сярэднім  апрацоў­ваецца 8 вагонаў у суткі. З іх загружаецца адзін вагон з лесам ад Астравецкага лясгаса, і выгружаецца 7 вагонаў – гэта будматэрыялы, якія ідуць на ўзвядзенне горада энергетыкаў,  і ўгнаенні, якія паступаюць на сельгаспрадпрыемствы нашага раёна.

Валадары стальных магістралей

На станцыі працуе 16 чалавек. Гэта касіры, якія абслугоўваюць  пасажыраў, работнікі таварнай канторы, якія працуюць з  вагонамі і прыёмам-адпраўкай мясцовых грузаў, і дзяжурныя па станцыі, якія прымаюць і адпраўляюць цягнікі.

– На чыгуначнай станцыі ўсё ўзаемазвязана. Калі б не было дзяжурных – ніхто не прыняў бы пасажырскі цягнік, адпаведна касір не прадавала б білеты – і не было б прыбыткаў. Гэта ж датычыцца супрацоўнікаў таварнай канторы: няма цягніка з вагонамі – няма прыбыткаў, – расказвае Валянціна Аляксееўна. –  У змену ў сярэднім на станцыі  працуе тры чалавекі  – у кожнага свае абавязкі.

Большасць працаўнікоў мясцовыя – тыя, хто тут жывуць, або вы­хадцы з гэтых мясцін. Магчыма, гэта прадвызначана яшчэ з дзяцінства.

Адна з такіх, хто нарадзіўся ў Гудагаі, Людміла Кушлевіч. Білет­ным касірам жанчына працуе амаль трыццаць гадоў. І нягле­дзячы на тое  што на работу цяпер даводзіцца ездзіць са Смаргоні, нічога змяняць у сваім прафесійным жыцці Людміла Іосіфаўна не збіраецца.

IMG_3566.jpg



– Чыгунка спадарожнічала ўсяму майму жыццю. Уздоўж яе мы ў дзяцінстве хадзілі ў школу, адсюль  у выхадныя дні з бацькамі ехалі ў Вільнюс, тут жа часта бавіла час і гудагайская моладзь, – успамінае  Людміла Кушлевіч.

А яшчэ дзед Людмілы – Людвіг Адамковіч – працаваў на чыгунцы  дзяжурным па пераездзе, ён не раз расказваў унучцы, як цікава сустракаць і праводзіць цягнікі. Магчыма, гэта і паспрыяла таму, што аднойчы выхавальніца дзіцячага садка вырашыла змяніць прафесію – і стала  білетным касірам.

– Мне падабаецца тое, чым я займаюся. Цэлы дзень кантактуеш з людзьмі, хтосьці ўсміхнецца табе, камусьці падымеш настрой ты – добрыя ўзаемаадносіны важныя для любога чалавека, – упэўнена Людміла Іосіфаўна.

…Сёння на працу на чыгуначную станцыю Гудагай Алена і Генадзь Паўліновічы прыязджаюць разам. Хаця так было і не заўсёды.

Лёс звёў маладых людзей падчас вучобы ў Аршанскім тэхнікуме чыгуначнага транспарту. 

Пасля першага курса  Генадзя прызвалі ў армію, праз два гады ён зноў вярнуўся на вучобу. З Аленай  яны сталі вучыцца  ў адной групе – і адразу пасябравалі. Праўда,  падчас размеркавання раз’ехаліся ў розныя куточкі Беларусі: ён трапіў у Мінскае аддзяленне чыгункі, яна – у Гомельскае.

IMG_3578.jpg



Але лёс-свавольнік усё ж звёў іх разам – у хуткім часе маладыя пажаніліся, у іх нарадзіліся дзеці.

– Тады, дарэчы, працавалі мы ў розныя змены – па чарзе заставаліся з дзецьмі. Гэта цяпер, калі дочкі  выраслі і стварылі свае сем’і, мы можам дазволіць сабе на работу і з работы хадзіць разам, – усміхаецца камерцыйны агент таварнай канторы  Алена Паўліновіч, асноўны абавязак якой афармленне дакументаў на грузавыя вагоны, што прыбываюць на Гудагай, і праца з арганізацыямі – кліентамі чыгункі.

У яе мужа работа зусім іншая: ён  працуе дзяжурным па стан­цыі, а значыць, як гавораць у народзе, сустракае і праводзіць цягнікі. Аднак агульных тэм для размоў у Паўліновічаў хапае.

IMG_3585.jpg



– Усе, хто сёння працуе на чыгунцы, трапілі сюды невыпадкова, – лічыць Генадзь Паўліновіч. – Чыгуначная станцыя Круляў­шчызна, дзе я нарадзіўся, стаяла ў метрах 80 ад дома. Былі ў сям’і і чыгуначнікі: дзед працаваў стрэлачнікам, дзядзька – пуцейцам,  старэйшы брат –  машыністам. Пытання «кім быць?»,  перада мной не стаяла. Дарога ляжала ў кузню чыгуначных прафесій – Аршанскі тэхнікум.

Стаж работы на гудагайскай чыгунцы ў многіх яе сённяшніх супрацоўнікаў набліжаецца да 30 гадоў. У кожнага з іх – розныя абавязкі, характар і захапленні, але аб’яднала  іх менавіта чыгунка і адданасць любімай прафесіі.


Шчыра віншую цяперашніх супрацоўнікаў чыгункі і нашых ветэранаў з прафесійным святам – Днём чыгуначніка!  

Жадаю поспехаў у працы, годнай заработнай платы і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Няхай будзе моцным здароўе, стойкім   характар і жалезнай сіла волі. 

Усміхайцеся, радуйцеся кожнаму новаму дню і дарыце пазітыў акружачым вас лю­дзям!  

Валянціна БЕНАХОМСКАЯ, 
начальнік чыгуначнай станцыі Гудагай


Текст:
Фото: Елена Ярошевич