Хлебаробы КСУП «Гудагай» абмалацілі 43 % ніў

13:07 / 29.07.2019

У жніва асаблівая энергетыка – не толькі вяскоўцы жывуць у яго вірлівым тэмпе, але і гараджане цікавяцца ходам уборачнай кампаніі: якія сёлета намалоты, ці будзем з хлебам, колькі засталося ўбраць?

Адказы на гэтыя пытанні шукаў наш журналіст напрыканцы мінулага тыдня ў адзінай на Астравеччыне насенняводчай гаспадарцы – КСУП «Гудагай».

Тэхналогія вырошчвання сельскагаспадарчых культур у КСУП «Гудагай» уведзена ў ранг закону. Падобны падыход цалкам зразумелы: гаспадарка спецыялізуецца на вытворчасці элітнага насення – забяспечвае сябе пад патрэбу, а лішкі рэалізуе іншым сельгаспрадпрыемствам раёна і вобласці.

6.jpg

Па дарозе ў Германішкі, дзе гудагайскія хлебаробы ўбіралі яравы ячмень, цікаўлюся ў галоўнага агранома КСУП «Гудагай» Андрэя Ненартовіча, ці ўраджайны сёлета год?

– Збожжа лепш урадзіла, чым летась. У мінулым годзе таго ж яравога ячменю толькі 20 цэнтнераў з гектара намалочвалі, а сёлета ён сыплецца пад 30 цэнтнераў. Хоць гэта, канешне, для нашай гаспадаркі не паказчык. Пад ураджай гэтага года зрабілі добры задзел. Калі б не засушыла вясной, ураджайнасць збожжа была б 40-50 цэнтнераў з гектара, – гаворыць галоўны тэхнолаг гудагайскіх палёў. – Цукровыя буракі нядрэнна выглядаюць. А кукуруза якая – паглядзіце, пад тры метры да канца лета вымахае – нездарма яе называюць каралевай палёў.

1.jpg

Галоўны аграном КСУП «Гудагай» Андрэй Ненартовіч

Падчас уборкі ў КСУП «Гудагай» дванаццаць камбайнаў разбіты на тры вытворчыя звяны. За дзень агульнымі намаганнямі камбайнераў у гаспадарцы абмалочваецца каля 200 гектараў, што кладае 6 % ад агульнай плошчы. Сёлета ў гаспадарцы пад збожжавыя і зернебабовыя адведзена 3 360 гектараў.

8.jpg

Анатоль Грыгель загружае збожжа на зернескладзе ў Малях

Чацвёрты сезон на жніве разам працуюць Іван Герасім і Браніслаў Каляда.

2.jpg

Камбайнерскі экіпаж у складзе Івана Герасіма і Браніслава Каляды – адзін з самых вопытных у гаспадарцы

– Наш камбайн рарытэтны – самі да толку яго даводзілі, а так у гаспадарцы ўжо ўсе «Ліды» спісаныя, – гаворыць Іван Рамуальдавіч. – Колькі плануем намалаціць? Няўдзячная справа – загадваць наперад, асабліва калі гэта тычыцца ўраджаю. За перамогай не гонімся, але старанна працуем.

Яшчэ адзін камбайнерскі тандэм у складзе Яўгена Грабоўскага і Аляксандра Ермаковіча не першы год шчыруе на ўборцы. Летась гэты экіпаж першы ў КСУП «Гудагай» намалаціў тысячу тон збожжа. Камбайнеры ў гаспадарцы абмалочваюць не толькі збажыну, але і ўбіраюць кукурузу на зерне – а справа гэта нялёгкая. Мажліва, сёлета, каб моцна не дажджыла, хлопцы маглі аднымі з першых «узяць» тысячу тон збожжа. Але надвор’е выпусціла ў поле гудагайскіх хлебаробаў на тыдзень пазней, чым механізатараў іншых гаспадарак.

3.jpg

Яўген Грабоўскі і Аляксандр Ермаковіч у мінулым годзе першыя ў КСУП «Гудагай» намалацілі тысячу тон збожжа

– Думаю, тысяча будзе, – мяркуе Яўген. – Але гэта без рапсу – сёлета мы яго не малацілі.

Кажуць, дрэнны той салдат, які не марыць стаць генералам. Вось толькі гудагайскія хлебаробы працуюць не дзеля перамогі. Можна было б, канешне, гнаць камбайн, каб бункер хутчэй запоўніць збожжам, але ў такім хуткасным рэжыме шмат зярнятак высыпаецца на зямлю – а гудагайцы добра ведаюць кошт хлеба.

9.jpg

Камбайнер Антон Раткоўскі


10.jpg

Памочнік камбайнера Раман Пешкур


11.jpg

Для памочніка камбайнера Алега Жукоўскага сёлетняе жніво – першае

Збожжа новага ўраджаю з поля да зернесушылак возяць ад шасці да васьмі МАЗаў з прычэпамі.

7.jpg

Летась Іосіф Макарэвіч першы ў раёне сярод вадзіцеляў перавёз тысячу тон збожжа

– Надвор’е сёлета – не дай бог. Сонца свеціць, камбайны гудуць – працуй сабе ў радасць – і раптам як улупіць дождж! І ўся праца спыняецца. Не люблю прастояў, – гаворыць Валерый Змітровіч, якому да перамогі ў жніўным спаборніцтве сярод вадзіцеляў не хапіла некалькіх дзясяткаў тон збожжа. – Сонейка нам патрэбна!

5.jpg

Вадзіцель Валерый Змітровіч штогод перавозіць больш за тысячу тон збожжа

Не толькі на палях, але і на зернесушыльных складах кіпіць работа. Аграному-насенняводу Марыі Ждановіч нават на хвілінку няма калі прысесці: трэба сачыць за вільготнасцю збожжа, размяркоўваць яго па складах.

– Напачатку ўборкі вільготнасць зерня вагалася ў межах 18-20 %, раз праганялі на сушылцы, каб адбіць прымесі – і ў засекі, – гаворыць Марыя Станіславаўна. – Сёння засыпаем у склад эліту трыцікале сорту «Аліко» – яго збожжа пойдзе ў насенны фонд. Работы кожны дзень хапае, асабліва падчас уборкі.

4.jpg

Аграном-насеннявод Марыя Ждановіч 

…Гэты год хоць не рэкордны па ўраджайнасці збожжа, але гудагайцы дакладна будуць з хлебам.


Па стане на 28 ліпеня ў КСУП «Гудагай» абмалацілі 1 428 гектараў ніў. Яравы ячмень, які цалкам ўбраны, даў на круг 36,2 цэнтнеры. Азімую пшаніцу зжалі на 58 гектарах (8 %), азімы трыцікале – на 380 гектарах (39 %). Іх ураджайнасць складае 35,3 і 30,6 цэнтнераў з гектара адпаведна. Абмалочана 87 гектараў жыта (20 %) ураджайнасцю 40,1 цэнтнеры з гектара.

Текст:
Фото: Алёна Ганулич