З экспазіцыі школьнага музея: Ад Гашкевіча да школьнага самакіравання
15:10 / 24.07.2019
Пра кожны з іх мы пастараемся расказаць у праекце «Астравецкай праўды» – «З экспазіцыі школьнага музея».
Гісторыка-краязнаўчы музей імя Іосіфа Гашкевіча
Музей сярэдняй школы №2 быў адкрыты ў 1991 годзе па ініцыятыве былога дырэктара гэтай школы Аляксандра Клімчэні. З таго часу музей носіць імя Іосіфа Гашкевіча – першага консула Расійскай імперыі ў Японіі, які напрыканцы свайго жыцця жыў у Малях.
У спадчыну
Першым кіраўніком музея была настаўніца гісторыі Таццяна Граблеўская, пасля яе працавалі Ганна Алёхна, Вольга Лябецкая. З 2015 года кіраўніком музея з’яўляецца настаўніца беларускай мовы і літаратуры Жанна Мятлеўская.
– Пасля таго, як у мікрараёне №1 узвялі новы будынак школы і ў яго перасялілася гімназія, планавалася, што і музей пераедзе ў новыя памяшканні. Аднак потым вырашылі пакінуць сабраныя гістарычныя звесткі і артэфакты там, дзе іх збіралі і захоўвалі. Гімназія пераехала, а музей застаўся ў спадчыну нашай школе, – расказвае Жанна Станіславаўна.
Знакамітыя землякі
Тады музей атрымаў другое жыццё.
– Аднойчы дырэктар папрасіў мяне разабрацца з экспанатамі – гэта работа і стала пачаткам абнаўлення музея. За гэтыя гады мы замянілі некалькі стэндаў і экпазіцый. У планах – прадаўжэнне гэтай работы, – працягвае загадчыца музея.
Гісторыка-краязнаўчы музей імя Іосіфа Гашкевіча сярэдняй школы №2 месціцца ў двух памяшканнях і складаецца з шасці экспазіцый. Першая прысвечана нашаму славутаму земляку Іосіфу Гашкевічу.
Неаднойчы гасцямі школьнага музея былі японцы. Яны вельмі беражліва ставяцца да захавання сваёй спадчыны. Першы раз японская дэлегацыя наведала музей у 2002 годзе – тады праходзілі ІІ Гашкевічаўскія краязнаўчыя чытанні. Тады ж грамадскі дзеяч, арганізатар і ўладальнік музея імя Гашкевіча ў Японіі Такада Касічы пакінуў першы запіс у кнізе ганаровых гасцей.
Ёсць у ёй і яшчэ адзін допіс па-японску, пакінуты ў 2017 годзе, – тады на Астравеччыне таксама гасціла японская дэлегацыя. Аб гэтых сустрэчах гавораць фотаздымкі і сувеніры, якія захоўваюцца ў музейных фондах.
– Музейная экспазіцыя, прысвечаная Гашкевічу, ёсць і ў Мальскай школе. Магчыма, было б лепш, каб дзве калекцыі аб’яднаць у адну, – марыць загадчыца музея.
– Пра Іосіфа Гашкевіча мы даведаліся, дзякуючы нашаму земляку Адаму Мальдзісу, які адкрыў для астраўчан імя Гашкевіча. Лагічна, што другую экспазіцыю мы прысвяцілі Адаму Мальдзісу – таленавітаму чалавеку, выдатнаму майстру слова, гісторыку і краязнаўцу, які быў вучнем нашай школы. Асоба Мальдзіса досыць папулярная на Астравеччыне. Гудагайская школа, сярэдняя школа №1 і наша – мы ўсе лічым яго сваім вучнем. Калі ён наведаў наш музей, то падпісваў свае падарункі як вучань нашай школы, – расказвае Жанна Станіславаўна.
У кожнай экспазіцыі музея ёсць экспанаты, якія выклікаюць цікавасць дзяцей. Напрыклад, падчас знаёмства з асобай Адама Мальдзіса экскурсаводы абавязкова раскажуць гісторыю пра яго туфлі:
– Аднойчы Адам Восіпавіч паехаў у Японію і наведаў там магілу першай жонкі Іосіфа Гашкевіча. Побач знаходзілася царква, куды Мальдзіс вырашыў зайсці. Па японскім звычаі перад уваходам трэба было зняць абутак і пакінуць яго на спецыяльным стэлажы. Адам Восіпавіч так і зрабіў. Выходзячы з храма, ён абуўся і ў гэты ж вечар вярнуўся ў Мінск. І толькі там яго родныя заўважылі, што на яго нагах былі розныя туфлі.
І сапраўды, знешне туфлі вельмі падобныя, адрозніваюцца толькі колерам унутранай усцілкі і ўзорам.
– Гэтыя туфлі Адам Мальдзіс падарыў на памяць аб наведванні Японіі нашаму музею, – дэманструе Жанна Станіславаўна каштоўны экспанат.
Захоўваюцца ў музеі школьныя сшыткі Адама Мальдзіса, яго характарыстыкі, граматы, кнігі, у тым ліку і рукапісы іх. З апошніх падарункаў школьнаму музею – яго штотыднёвік.
Вайна народная
Бадай што самая вялікая – трэцяя – экспазіцыя прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны на Астравеччыне і ветэранам.
Шэраг экспанатаў, якія захоўваюцца ў школьным музеі, з’яўляюцца сведчаннем тых далёкіх часоў – ад трафейнага гадзінніка, лыжак ды прастрэленых кулямі салдацкіх касак да ваенных тэрмасаў, вінтовачнага штыка, кабуры пісталета і гільзаў.
Захоўваюцца ў музеі і дакументы тых часоў – аўсвайсы, заборныя і працоўныя кніжкі, талоны на прадукты харчавання, якімі карысталіся ў першыя гады пасля заканчэння вайны, фотаздымкі і нямецкія грошы.
Асобны раздзел музея прысвечаны ветэранам-удзельнікам вайны. Асаблівы гонар – Здзіслаў Шырынскі, які працаваў у школе. Настаўнік і яго вучні дасягнулі значных поспехаў. У памяць пра гэтага чалавека на будынку размешчана мемарыяльная дошка, а вучні не раз абаранялі гонар сваёй школы, выступаючы на канферэнцыях з працамі аб жыцці і дзейнасці нашага земляка.
З гісторыі школы
У 1985 годзе ў Астраўцы адкрылася сярэдняя школа №2. Яе дырэктарам стаў Аляксандр Клімчэня. У той час у СШ №2 дзейнічаў клуб інтэрнацыянальнай дружбы, якім кіравала настаўніца нямецкай мовы Раіса Кацікава.
Астравецкія школьнікі наладзілі актыўную перапіску з дзецьмі з іншых краін, абменьваліся сувенірамі і паштоўкамі. Усё гэта аформлена ў асобную экспазіцыю.
Ганарыцца школа і тым, што ў яе сценах першай з усяго раёна ў пачатку 2000-х гадоў было арганізавана школьнае самакіраванне. Тады прэзідэнтам школы быў абраны Уладзімір Кутко. Яго падарунак – велізарны кубак у памяць аб школьным самакіраванні – таксама заняў годнае месца ў школьным музеі.
Захоўваюцца ў школе фотаздымкі выпускаў розных гадоў, самы стары – 1954 года. Сабраны таксама звесткі пра настаўнікаў, што працавалі тут.
Ад рубляда егіпецкага фунта
Прыходзяць у захапленне юныя наведвальнікі ад нумізматычнага раздзела школьнага музея, дзе захоўваюцца грошы розных краін свету.
Сярод іх ёсць і такія, якія забаронена вывозіць з краін – напрыклад, егіпецкія фунты.
Хатка беларуская
Гэтая экспазіцыя размешчана ў асобным пакоі. Яна самая маладая па сваім узросце – але не па рэчах, якія тут сабраны.
Беларуская хатка была адкрыта ў 2009 годзе. Тут можна ўбачыць рэчы, якімі карысталіся нашы продкі ў мінулым стагоддзі, паглядзець старыя фотаздымкі.
– Дзецям вельмі падабаецца гэты пакой. Некаторыя рэчы многія бачаць упершыню і гатовы стаяць тут гадзінамі. Вельмі ж хочацца ім дакрануцца да кожнага экспаната, распытаць, – расказвае Жанна Станіславаўна.
Вучні школы сёння працягваюць работу сваіх папярэднікаў. Яны збіраюць экспанаты, праводзяць экскурсіі, запісваюць успаміны старажылаў пра гісторыю горада і школы, знакамітых людзей раёна.
Значыць, нашу спадчыну будзе каму перадаць!
235 экспанатаў агульнага фонду і 200 дапаможнага захоўваюцца ў музеі сярэдняй школы №2.