Аўтызм: як дапамагчы хвораму дзіцяці?

19:37 / 05.04.2011
1

2 красавіка адзначаўся  Сусветны дзень распаўсюджвання  інфармацыі аб праблеме ранняга дзіцячага аўтызму.  На думку  некаторых  вучоных, аўтызм па распаўсюджанасці ў свеце хутка абгоніць цукровы дыябет і СНІД.


Тэрмін “аўтычнасць” абазначае цэлы комплекс псіхічных і паводзінных расстройстваў.  Аўтызм – гэта медыцынскі дыягназ і ставіць яго мае права толькі спецыяліст. Згодна з прынятай Міжнароднай класіфікацыяй хвароб дзіцячы аўтызм з’яўляецца агульным парушэннем развіцця, якое праяўляецца ва ўзросце 2-2,5 года (радзей – у 3-5 гадоў)  і закранае псіхіку дзіцяці. Перш за ўсё, парушаецца патрэба ў зносінах і здольнасць да сацыяльнага ўзаемадзеяння, адзначаецца стэрэатыпнасць паводзінаў, інтарэсаў і актыўнасцей.



Асноўнымі праяўленнямі ранняга аўтызма з’яўляюцца: 

–  выражаная недастатковасць ці поўная адсутнасць патрэбы ў кантактах з акружаючымі;
– эмацыянальная халоднасць ці абыякавасць да блізкіх; 
– страх новага, перамен у навакольным асяроддзі;
– хваравітая прыхільнасць да звыклага парадку;
– аднастайныя паводзіны са схільнасцямі да стэрэатыпных рухаў;
– расстройства мовы, характар якога залежыць ад варыянту аўтызму.


Найбольш выразна ранні дзіцячы аўтызм праяўляецца ва ўзросце ад 2 да 5 гадоў, хаця асобныя яго прыкметы назіраюцца і ў больш раннім узросце. Так, ужо ў грудных дзяцей можа назірацца адсутнасць уласцівага здаровым дзецям комплексу ажыўлення пры кантакце з маці ці выхавацелем, у іх не з’яўляецца ўсмешка пры з’яўленні бацькоў, іншым часам адзначаецца  адсутнасць арыентаванай рэакцыі на знешнія раздражняльнікі, што напачатку прымаецца за дэфект органаў пачуццяў (слыху, зроку). У дзяцей першых трох гадоў жыцця праяўленнямі ранняга аўтызму могуць быць парушэнні сну ў выглядзе яго скарочанай працягласці і паменшанай глыбіні, перарывістасць, цяжкасці засынання, раннія прачынанні, пастаянныя расстройствы апетыту і яго зніжэнне, адсутнасць пачуцця голаду, агульнае хваляванне і беспрычынны плач.



Выдзяляюць чатыры асноўныя формы праяўлення аўтызму:

1. Поўная адлучанасць ад таго, што адбываецца. Такія дзеці не адгукаюцца на просьбы і самі нічога не просяць, у іх не фарміруюцца мэтанакіраваныя паводзіны.
2. Актыўнае прыгнечанне. Дзеці гэтай групы больш актыўныя і менш ранімыя ў кантактах з асяроддзем, аднак для іх характэрна непрыняцце большай часткі свету.
3. Захопленнасць аўтыстычнымі інтарэсамі. Дзеці гэтай групы адрозніваюцца канфліктнасцю, няўменнем улічваць інтарэсы іншага, паглынуты аднымі і тымі ж заняткамі;
4. Надзвычайная цяжкасць арганізацыі зносінаў і ўзаемадзеяння. Для такіх дзяцей характэрны цяжкасці ў засваенні рухальных навыкаў, іх мова бедная, яны губляюцца ў самых простых сацыяльных сітуацыях. Гэта самы лёгкі варыянт аўтызму.


Згодна са статыстыкай, глыбокі аўтызм сустракаецца толькі ў аднаго дзіцяці з тысячы. Сярод хлопчыкаў гэта хвароба сустракаецца ў 4-5 разоў часцей, чым у дзяўчынак. У паўсядзённай практыцы мы сутыкаемся з дзецьмі, якія маюць толькі асобныя аўтыстычныя прыкметы.



Што павінна насцярожваць бацькоў у паводзінах дзяцей ва ўзросце да двух гадоў?

– не вытрымлівае кантакту “вочы ў вочы”;
– не адгукаецца на імя пры добрым слыху;
– паказвае дэфіцыт сумеснай увагі (г.з., не стараецца прыцягнуць словам ці рухам увагу іншых да зацікавіўшага яго  прадмета);
– не звяртаецца па дапамогу;
– не стараецца нечым падзяліцца;
– успрымае іншага чалавека так, як быццам гэта неадушаўлёны прадмет.


Калі гэтыя прыкметы праяўляюцца пастаянна, неабходна абавязкова звярнуцца да дзіцячага псіхіатра. 



Як дапамагчы дзіцяці з праяўленнямі аўтызму?

Зразумець дзіця цяжка для любых маці ці бацькі. Дзеці з такімі праблемамі патрабуюць яшчэ большай увагі і клопату, таму, калі вы выхоўваеце дзіця з прыкметамі аўтызму, неабходна захоўваць наступныя рэкамендацыі:
– пераканайце дзіця, што яно – член сям’і, але не такое як усе, і таму яму ўдзяляецца больш увагі, чым астатнім;
– дазвольце маленькаму чалавеку самому складаць расклад прагулак, прыёму ежы, сну, гульняў;
– паказвайце сваё адабрэнне кожны раз, калі дзіця паспяхова выканала заданне;
– помніце, што няправільныя паводзіны вельмі хутка ўваходзяць у прывычку, таму змагайцеся з імі адразу ж, заахвочвайце любую адаптацыю да змен, нават нязначных;
– дайце дзіцяці шанс зразумець новы расклад і прыняць яго, інакш яно проста згубіцца;
– аддайце дзіця ў школу, якая спецыялізуецца на навучанні дзяцей з падобнымі праблемамі.


Ніколі не паказвайце дзіцяці сваёй незадаволенасці, бо самае галоўнае ў вяртанні такога чалавека да нармальнага жыцця і зносінаў – прымусіць яго паверыць у тое, што гэты свет за яго, а не супраць.
Не трэба ўсёй сям’ёй бегаць у пошуках цудоўнага выратавання ад хваробы. Самы вялікі цуд – гэта вера ў поспех, цярпенне, мэтанакіраванасць і, канешне, любоў да свайго дзіцяці.


Наталля БЛАХІНА, педагог-псіхолах ЦКРНіР.