"Тыдзень лесу": а вы пасадзілі дрэва?

18:54 / 05.04.2011

З 16 па 23 красавіка ў нашым раёне, як і ва ўсёй рэспубліцы, пройдзе добраахвотная акцыя “Тыдзень лесу” пад дэвізам “Новыя лясы – нашчадкам у спадчыну”, прысвечаная Міжнароднаму году лясоў.


Традыцыйна паўдзельнічаць у акцыі, а таксама бліжэй пазнаёміцца з лясной гаспадаркай, даведацца, якімі намаганнямі ствараюцца і захоўваюцца нашы лясы, можа кожны жадаючы. У Астравецкім лясгасе ўжо адведзены спецыяльныя аб’екты, на якіх дабраахвотнікі змогуць пасадзіць дрэвы, падрыхтаваны неабходны пасадачны матэрыял – частка вырашчана ва ўласным часовым гадавальніку, другая – закуплена ў Смаргонскім лясгасе.
Аб’ём пасадкі ў гэтым годзе вялікі: плануецца пасадзіць 300 гектараў лясных культур – 1,9 гектара елкі, 6 гектараў цвёрдаліставых парод (у гэтым годзе плануецца пасадка клёнаў), астатняя частка – сасновыя культуры. Канешне, выканаць план пасадкі сваімі сіламі Астравецкаму лясгасу цяжка, тым больш, што, каб дрэўцы прыжыліся, трэба паспець іх пасадзіць у кароткі тэрмін, пакуль зямля не перасохла. Таму для ўдзелу ў акцыі лясгас прыцягвае бліжэйшыя школы, арганізацыі раёна і ўсіх, хто хоча ўнесці свой уклад у справу прымнажэння лясных багаццяў нашай зямлі.
Нагадаем, што ў мінулым годзе быў пасаджаны 301 гектар лясных культур. Неацэнную дапамогу Астравецкаму лясгасу аказалі школы раёна, асабліва Гудагайская, Спондаўская, Кямелішкаўская і Варнянская, работнікі Астравецкага райвыканкама, сельвыканкамаў, члены ГА “Белая Русь” і БРСМ. А вучні Варнянскай школы ўжо і ў гэтым годзе дапамаглі лясгасу ў зборы насення ліпы, клёна, ясеня. 



Не заставайцеся ў баку, прыміце ўдзел у агульнарэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу-2011”. Пасадзіце сваё дрэва ў Міжнародны год лясоў!

Вольга ШОЎКУН.