Пытанне рэпарцёру: як нарыхтаваць дроў і набыць бярозавага соку

09:32 / 04.04.2011
Дровы для пенсіянераў

На адрас рэдакцыі прыйшло пісьмо ад жыхаркі Астраўца, якая расказала, што, прачытаўшы ў адным з нумароў “Астравецкай праўды” пра лясгас, які наладзіў выпуск паліўных брыкетаў, з аднаго боку, парадавалася за прадпрыемства, а з другога – выказала хваляванне: калі ўсе драўнінныя адходы будуць ісці на паліўныя брыкеты, то насельніцтву нечым будзе грэцца зімой. Асабліва жанчыну хвалюе пытанне нарыхтоўкі дроў для пенсіянераў. Канешне, лясгас пайшоў насустрач людзям і прадаставіў магчымасць самім нарыхтоўваць драўніну, але ж пенсіянеру ісці ў лес з сякерай ці пілой ужо не пад сілу.


Па адказ на пытанне мы звярнуліся ў Астравецкі лясгас да намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце Пятра Зянонавіча Крупеньчыка:
– Астравецкі лясгас стараецца, каб усе слаі насельніцтва былі забяспечаны дровамі. На сёння ўсе лясніцтвы адпускаюць драўніну на корані, і ўсе жадаючыя могуць нарыхтаваць дровы сваімі сіламі па сімвалічнай цане.
Акрамя гэтага, сіламі лясной аховы плануецца нарыхтаваць 30 тысяч кубаметраў дроў, чаго хопіць для аб”ектаў ЖКГ, бальніц, школ і насельніцтва раёна, якое мае патрэбу ў паліве. Пенсіянерам, настаўнікам, урачам мы садзейнічаем у вывазцы дроў транспартам лясніцтва за плату згодна з існуючымі тарыфамі. Іншыя могуць заказаць транспарт у арганізацыях ці ў прыватніка.
У выпадку, калі ўзнікае чарга, у кожным лясніцтве ёсць спецыяльны журнал пастаноўкі на чаргу на атрыманне дроў – ваша пытанне будзе вырашана на працягу месяца.
Акрамя таго, Астравецкі лясгас працягвае выпіску драўнінных адходаў у дрэваапрацоўчым цэху: адходы для паліва можна набыць па цане 25 тысяч за кубаметр, аполак – 30 тысяч. Пажылым людзям і пенсіянерам ажыццяўляецца дастаўка транспартам лясгаса – гадзіна працы трактара каштуе прыкладна 40 тысяч рублёў.
Такім чынам, хвалявацца не трэба: дроў хопіць усім, хто мае ў іх патрэбу.



За бярозавікам – у лясніцтва

Яшчэ адно пытанне ў адрас Астравецкага лясгаса паступіла ад жыхара Астраўца, які пацікавіўся, дзе і па якой цане можна будзе набыць бярозавы сок і ці хопіць яго ўсім жадаючым?


На гэтыя пытанні нам адказаў інжынер Астравецкага лясгаса Дзмітрый Паўлавіч Мекін:
– Ужо пачалася лясная падсочка бярозавага соку, які карыстаецца ўсё большым попытам у жыхароў раёна. Калі ў мінулым годзе мы нарыхтавалі 290 тон смачнага і карыснага напою, то ў гэтым годзе даведзены план 500 тон. А рэалізуем сок мы не толькі насельніцтву, але і такім прадпрыемствам, як “Мінскі завод безалкагольных напояў”, “АВС”, “Савушкін прадукт”.
Ужо зроблена ўся неабходная падрыхтоўка: закупілі поліэтыленавыя пакеты, падрыхтавалі латкі, вызначылі ўчасткі, на якія выпісалі лясныя білеты. Дарэчы, калі ў мінулым годзе толькі 5 лясніцтваў нарыхтоўвалі бярозавік, то ў гэтым годзе задзейнічаны ўсе 9.
Такім чынам, кожны зможа звярнуцца ў лясніцтва па месцы жыхарства і набыць карысны для здароўя сок па цане 260 рублёў за літр.


Вольга ШОЎКУН.