Справаздачна-выбарчая канферэнцыя прайшла ў КСУП «Варняны»

12:07 / 10.07.2019

Справаздачна-выбарчай канферэнцыяй у КСУП «Варняны» завяршылася выбарчая кампанія ў прафсаюзных арганізацыях аграпрамысловага комплексу.

Акрамя членаў прафсаюзнай арганізацыі КСУП «Варняны», удзел у канферэнцыі прынялі загадчыца арганізацыйнага аддзела Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Алена Ганчарук, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Расціслаў Бразінскі і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Адула.

IMG_2021.jpg

– Шкада, што ў зале няма сёння вашага кіраўніка, – адзначыў Расціслаў Іванавіч. – З усімі пытаннямі вы можаце звяртацца ў вашу прафсаюзную арганізацыю, райкам прафсаюза работнікаў АПК, раённае аб’яднанне прафсаюзаў – мы абавязкова выслухаем і пастараемся дапамагчы. Акрамя гэтага, на партале 1prof.by можна атрымаць юрыдычную кансультацыю.

Справаздачу пра работу прафкама за 2014–2019 гады трымала старшыня прафсаюзнай пярвічкі Таццяна Лісоўская.

1.jpg

Таццяна Эдмундаўна падкрэсліла, што ў наступныя гады прафсаюзнаму камітэту гаспадаркі трэба больш увагі надаваць аналізу захворванняў работнікаў, своечасова прымаць меры па іх зніжэнні і больш актыўна працаваць у накірунку санаторна-курортнага аздараўлення членаў прафсаюза і іх дзяцей.

На новы тэрмін у якасці старшыні прафсаюзнай арганізацыі адзінагалосна была перавыбрана менеджар па гандлі Таццяна Лісоўская, якая прынесла клятву прафсаюзнага лідара.

Прафсаюзная пярвічка КСУП «Варняны» ў лічбах і фактах:

1. За работу ў шкодных умовах было даплачана 36 900 рублёў, за сумяшчэнне – 3 016, за работу ноччу – 5 611.

2. У сувязі з юбілеем члены прафсаюза атрымалі 6 089 рублёў, у сувязі са шлюбам – 1 960, з нагоды нараджэння дзіцяці – 1930, да Міжнароднага дня жанчын – 8 446, на аздараўленне членаў прафсаюза і іх дзяцей – 2 380.

3. Членам прафсаюза аказана матэрыяльная дапамога ў памеры 30 926 рублёў.

4. На набыццё спецаддзення, абутку і сродкаў індывідуальнай аховы, медыцынскі агляд было затрачана амаль 20 000 рублёў.

5. Эканамічная эфектыўнасць калектыўнага дагавора складае 22,3 %.

6. За 2014-2019 гады за дапамогай у прафсаюзную арганізацыю звярнулася 285 чалавек.

0.jpg

З абмеркавання даклада

Загадчыца малочна-таварнай фермы «Карвэлі» Таццяна Сянюць:

– Увесь наш калектыў, 20 чалавек, з’яўляюцца членамі прафсаюза. Хачу адзначыць, што і райкам работнікаў аграпрамысловага комплексу, і прафсаюзная пярвічка прадпрыемства ніколі не аддзялялі сябе ад праблем і турбот працаўнікоў КСУП «Варняны».

Два гады запар калектыў МТФ «Карвэлі» ўдзельнічаў у рэспубліканскай прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод» – лепшыя працаўнікі атрымалі падарункі. Прафсаюзныя лідары вырашылі праблемы, з якімі да іх звярталіся работнікі фермы: адрамантавана дарога ў вёсцы Карвэлі, зменены час прыезду аўтамагазіна ў вёску – раней ён супадаў з ранішняй дойкай, з-за гэтага працаўнікі фермы не паспявалі скарыстацца паслугамі аўталаўкі.

Напачатку года ад калектыву фермы паступіла прапанова да прафсаюза арганізаваць паездку на канцэрт. Дзякуючы намаганням райкама прафсаюза работнікаў АПК, лепшыя жывёлаводы МТФ «Карвэлі» з’ездзілі на канцэрт вядомага калектыву «Белыя Росы» ў Астраўцы.

Віншуем!

Па добрай традыцыі райкам прафсаюза работнікаў АПК штогод арганізоўвае працоўныя спаборніцтвы падчас вясенне-палявых работ, корманарыхтоўкі, жніва. Па выніках касавіцы лепшым вадзіцелем на адвозцы зялёнай масы сёлета прызнаны Уладзімір Грынцэвіч.

IMG_2026.jpg

Падчас справаздачна-выбарчай канферэнцыі Уладзімір Карлавіч атрымаў заслужаную ўзнагароду.

Текст:
Фото: Алёна Ганулич