«Можем повторить!» Вы уверены, что можно и нужно?

11:51 / 09.07.2019
1402
Перад Днём Перамогі, а цяпер – і перад  Днём Незалежнасці многія аўтамабілі расквечваюць патрыятычныя георгіеўскія і  нацыянальныя чырвона-зялёныя стужкі і надпісы «Дзякуй дзеду за Перамогу», «На Берлін!», «Можам паўтарыць!». І калі супраць першага з гэтых заклікаў я нічога не маю, то два апошніх наводзяць на пэўны роздум.

Наглядзеўшыся ваенных філь­маў, дзе зусім не страшна рвуцца бомбы і снарады, а галоўны герой насуперак усяму застаецца жывым; дзе маладая медсястрычка з прыгожай стрыжкай ці моднай укладкай, у кароценькай спаднічцы і ў па-заліхвацку насунутай на падмаляваныя броўкі пілотцы абдымае свайго каханага; дзе калі нехта і загіне, то так гераічна і рамантычна – і вядома ж, не галоўны герой, сучасныя маладыя людзі, мне здаецца, міжволі пачынаюць лічыць, што чатыры гады вайны былі гэткай захапляльнай, поўнай прыгод вандроўкай ад Брэста да Масквы, а затым назад да Берліна – прыкладна як шматузроўневая камп’ютарная гульня, дзе, калі раптам заб’юць, можна купіць новае жыццё. Ці пачаць усё спачатку.  І так заманліва прайсці па слядах дзеда, выбрацца ў падарожжа па Еўропе – тым больш што вынік яго даўно вядомы: перамога! А наслухаўшыся святочных пра­моў каля помнікаў пра вечную памяць і гераізм савецкага народа, пасля якіх абавязкова – святочны канцэрт, шашлыкі і салют, яны, напэўна, лічаць, што перамога – яна менавіта такая: з феерверкамі, чаркай за перамогу і крыкамі «Ура!»

…Іх ужо практычна не засталося – ветэранаў, якія могуць расказаць, якой на самой справе была вайна. Але ёсць іх дзеці, якія, магчыма, некалі знайшлі час і жаданне выслухаць тыя расповеды. І жывыя яшчэ дзеці вайны, у якіх на ўсё жыццё захаваўся страх ад гулу самалётаў у небе і якія зусім не талерантна на падсвядомым узроўні не любяць немцаў, хоць цудоўна разумеюць, што дзеці за бацькоў, а тым больш – унукі за дзедаў не адказваюць. 

Спытайцеся ў іх, ці згодны яны паўтарыць і ці рвуцца на Берлін? І чаму яны так упарта жадаюць сваім дзецям і ўнукам не вялікага ўзаемнага кахання, не грошай у кожную кішэню, нават не здароўя і шчасця – а найперш міру? Маладых гэта нават раздражняе – маўляў, што яны паўтараюць, як мантру: толькі б не было вайны! Нібы няма ў свеце іншых каштоўнасцей…

…Нам, сённяшнім, выхо­дзячы ранкам з цёплага душа, абматаўшыся мяккім махровым ручніком, цяжка ўявіць, як гэта – не мыцца тыднямі і месяцамі.

Дзецям, якім тое не падабаецца і гэтае не па густу, не зразумець смак акрайчыка чэрствага хлеба і энергетыку шматка сала. Калі сэрца заходзіцца ад болю ад незнарок парэзанага пальца ці невялікага апёку, цяжка ўявіць пакуты тых, хто жывым гарэў у танку ці ў хляве. Тым, каму давялося пры падтрымцы родных і блізкіх, ва ўсеагульнай жалобе, праводзіць у апошні шлях родных ці сяброў, цяжка усвядоміць, што цела дарагога чалавека можна пакінуць у варонцы, нават не паспеўшы ўпэўніцца, жывы ён ці не – і ісці наперад, не ведаючы, на якім кроку, сёння ці заўтра ўпадзеш ты сам – з патаемнай надзеяй, што, можа, Бог усё ж пашкадуе.

Ці гатовы вы, маладыя, усё гэта адчуць, перажыць, вытрываць? Ці хочаце, каб такое зведалі дарагія вам людзі? Бо, калі задумацца над сэнсам надпісаў на машынах, а не ўспрымаць іх як дасціпны жарт, менавіта боль, пакуты і смерць схаваны за нібыта патрыятычнымі заклікамі «Можам паўтарыць!» і «На Берлін!»

Дакладна магу сказаць: ветэраны, дзяды і прадзеды, дзеля памяці і ўшанавання подзвігу якіх «крутыя» ўнукі так ярка і крэатыўна ўпрыгожылі свае нямецкія, французскія ці кітай­скія іншамаркі, вам бы гэтага не пажадалі. 

Больш таго: жыццё б аддалі – а колькі з іх і сапраўды аддалі! – каб вайну вы бачылі і ў бітвах перамагалі толькі на экранах тэлевізараў і камп’ютарных манітораў. 

У жыцці, на жаль, так не бывае…

Таму – падзякуйце дзеду за Перамогу – і не варта паўта­раць. А ў Берлін, калі так хочацца, лепш з’ездзіць на экскурсію. Бо вайны добрай не бывае. Бо і пераможцы, і пераможаныя – усе яе ахвяры.  

Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений