Перадавыя тэхналогіі Астравецкага лясгаса

15:23 / 01.04.2011

27 сакавіка ў ДЛГУ “Астравецкі лясгас” прайшоў рэспубліканскі семінар па ўкараненню перадавых тэхналогій і бяспечнай арганізацыі працы ў лесанарыхтоўчай вытворчасці, на якім прысутнічалі прадстаўнікі Мінлясгаса, галоўныя інжынеры, галоўныя механікі, начальнікі бюро аховы працы Гродзенскага ДВЛГА. Удзельнікі мерапрыемства высока адзначылі арганізацыю семінара і работу Астравецкага лясгаса ў цэлым.


Семінары звычайна праходзяць з узаемааддачай, калі можна не толькі сябе паказаць, але і павучыцца ў калег. У нашым лясгасаўцам было што прадэманстраваць. У Палушскім лясніцтве гасцей семінара пазнаёмілі з перадавымі тэхналогіямі ў лесанарыхтоўчай вытворчасці. У кожным лясніцтве зараз ёсць па 2-3 чалавекі, якія працуюць па індывідуальнаму скандынаўскаму метаду: адзін вальшчык выконвае ўсе этапы лесанарыхтоўкі – і валіць, і абразае сукі, і кражуе, і рыхтуе неабходную драўніну на высечках галоўнага карыстання. Гэты метад лічыцца больш бяспечным і эканамічна эфектыўным: калі чалавек працуе без памочніка, то ўся адказнасць ляжыць на ім самім і ён усё прадумвае да дробязяў. Да таго ж, зарплата ў такіх работнікаў вырасла прыкладна да 2,5 мільёна.
Пахваліліся работнікі лясгаса і шматаперацыйнай лесанарыхтоўчай машынай харвестар, якая замяняе працу 15-20 работнікаў – а значыць, павышае прадукцыйнасць пры мінімуме затрат, у тым ліку працоўных, і павышае бяспечнасць працы.
Добрыя водгукі пакінулі ўдзельнікі семінара пасля наведвання дрэваапрацоўчага цэха ў Астраўцы.
Высокая адзнака работы Астравецкага лясгаса яшчэ раз пацвердзіла правільнасць шляху, па якому ідзе прадпрыемства. У бліжэйшых планах – набыць яшчэ адзін харвестар і фарвардэр.


Вольга ШОЎКУН.