Как пришло освобождение: вспоминают дети войны

11:37 / 05.07.2019
Юбілей вызвалення… Чорны, жалобны юбілей… Амаль не засталося франтавікоў і партызан, якія набліжалі яго, як маглі. Дажываюць свой век дзеці вайны – тыя, хто ведае яе не па кніжках і фільмах, а нясе праз гады ў душы жывую памяць гісторыі…

…Помню страшэнную ня­мецкую блакаду ў жніў­ні 1943 года. Пасля яе ад людскога жытла засталіся толькі папялішчы. 

А жылося ж тут людзям прывольна! Бярозы, хвоі, ліпы, водар якіх кружыў галаву. Штораніцы – пераклічка жураўлёў, жаваранкаў, салаўёў. Арэхі, ягады, грыбы – рукой падаць. І неабсяжныя заліўныя лугі Налібоцкай пушчы!

У адзін суботні дзень нічо­га не засталося. Вёскі, хутары, мястэчка – усё спалілі карнікі. Лямант, крыкі, плач… Дулы нямецкіх аўтаматаў, незразумелая гаворка, ашчэраныя пашчы нямецкіх аўчарак, якія гналі людзей па дарозе ў Нямеччыну, – усё памятаю… Як нам удалося ўцячы – да гэтага часу не разумею…

Хаваліся глыбока ў пушчы, у чужой лясной хацінцы. У ліпені 1944 года прыйшло вызваленне – а мы не ведалі. Час ад часу да нас далятаў голас касцёльных званоў – мы з надзеяй і насцярожанасцю слухалі: што яны абвяшчаюць? 

Потым над пушчай сталі лятаць самалёты. Свае, чужыя –  хто разбярэ? Яны кружылі над лесам дзве ночы запар. Ба­ючыся, што самалёты нямецкія, мы ўцякалі яшчэ глыбей у лес. Моцны гул і яркае святло пражэктараў, якія асвятлялі кожную травінку, кожны кусцік, наганялі жудасны страх. Мы ўсім целам ўціскаліся, літаральна ўрасталі ў зямлю. 
Гэты страх ад гулу самалёта суправа­джае мяне ўсё жыццё, хоць і разумею, што баяцца ўжо няма чаго, але ўсё роўна – баюся… Мусіць, гэты страх пасяліўся з таго часу недзе ў падсвядомасці.

Ужо пазней, калі вестка пра вызваленне дайшла і да нас, мы даведаліся, што гэта былі нашы самалёты, якія вялі начную здымку мясцовасці, па якой немцы ўцякалі на захад. Раніцай, атрымаўшы ад лётчыкаў каардынаты, нашы салдаты лавілі фашыстаў. Часта то тут, то там чуліся перастрэлкі – і зноў страх і невядомасць…
Палонных нямецкіх салдат затым адпраўлялі ў Мінск адбудоўваць сталіцу: знішчылі – аднаўляйце!

Летам 1946 года, калі мы вярнуліся на папя­лішча свайго хутара і паціху яго адбудоўвалі, сюды прывезлі палонных немцаў, яны нарыхтоўвалі сена на налібоцкіх лугах. Вартавалі іх нашы салдаты, дапамагалі ім аўчаркі – і зноў тыя ж ашчэраныя пашчы… Ці ж не бумеранг?

Успаміны, параўнанні, пачуцці… Яны жывуць з намі, дзецьмі вайны, – і будуць жыць да таго часу, пакуль будзем жыць мы…

Яна ГАЛІНА, г. Астравец



Текст: Главный администратор