За што жыхарка Смаргоншчыны дзякуе астравецкім журналістам

10:59 / 05.07.2019
Мы атрымалі ліст ад Яўгеніі Кулевіч з вёскі Сялец Вішнеўскага сельсавета Смаргонскага раёна. Ліст асабісты – але ёсць у ім моманты, важныя для ўсёй рэдакцыі. Бо кожнаму чалавеку трэба ведаць, як ацэньваюць яго працу, а журналістам – асабліва: нам неабходна разумець, у якім накірунку развіваць газету, ведаць, што чытаюць людзі, якіх артыкулаў чакаюць. 

Таму, калі нехта з вас, шаноўныя чытачы, таксама палічыць патрэбным выказаць сваё меркаванне, будзем вам бязмерна ўдзячны – нават калі  вашы водгукі будуць не такімі станоўчымі, як у Яўгеніі Барысаўны.

Родам я са Скідзельшчыны, але з 1975 года жыву на Смаргоншчыне. Працавала дырэктарам Замосцьеўскай васьмігодкі і выкладала беларускую мову, але ўжо даўно на пенсіі. Цяпер маю час – і чытаю, чытаю, пакуль вочы не стомяцца.

У Астраўцы жыве дачка маёй суседкі Данута Шэміс, і неяк яна прывезла маці цэлы пакунак газет «Астравецкая праўда» – я папрасіла іх пагартаць. Пагартала – і захапілася: кожны артыкул хацелася пачытаць, кожны прымушаў задумацца, паразважаць. Я так зацікавілася, што не адарвацца! Не аддала суседцы пакунак, пакуль усе нумары не перачытала, – а потым папрасіла яшчэ прывезці.

Найперш мяне зацікавіла рубрыка «Ста­ронкі гісторыі». Але ж у газеце ўсё –  гісторыя! Артыкулы пра станаўленне раёна прачытала не толькі я, але і мае дзеці. 

Спадабаўся мне выраз у адным з артыкулаў галоўнага рэдактара пра будні журналістаў: «Трэба ўціснуць у газетны нарыс багатае, на цэлы раман, жыццё чалавека – каб ведалі…» Сапраўды, трэба ўціснуць, каб ведалі, – бо хто ж пра  гэтых простых людзей напіша раман?  А прачытаўшы артыкул, мы пазнаёмімся з чалавекам і яго жыццём. 

У газеце безліч фотаздымкаў. Немагчыма без замілавання глядзець на фота старэнькай бабулі, якая сядзіць на лавачцы з кіёчкам і гладзіць коціка. І я ўспамінаю сваю бабулю, якая, вяртаючыся з хлява з даёнкай, перш за ўсё ў сенцах налівала сырадою ў місачку коціку і прыгаворвала: «Пі, на цябе Бог дае…»

Чытала газету – і дзіву давалася: як можна дайсці да кожнага, абняць неабдымнае? Умееце выдзеліць галоўнае, а ў галоўным паказаць, што гэта – паўсядзённае, але такое патрэбнае. Нельга знайсці тэму з жыцця Астравеччыны, якая б не асвятлялася ў газеце! Праца, адпачынак, жыццё школы, святыні раёна, экалогія… Пра мясціны розныя расказваеце – а кожная ж з іх мае сваю гісторыю, з якіх, як з маленькіх кавалачкаў мазаікі, складваецца вялікая карціна – гісторыя нашай Айчыны. Журналісты расказваюць нават пра тыя вёскі, якіх ужо няма ці якія знікаюць, – а гэта так важна для лю­дзей, якія тут жылі, выраслі, – для іх гэта повязь са сваёй малой радзімай! 

І пра сямейныя дынастыі піша «раёнка». А што такое прачытаць на старонках газеты пра сваю сям’ю? Гэта згуртоўвае, аб’ядноўвае, акрыляе! А колькі гутарак з вядомымі людзьмі змешчана на старонках. І кожная – цікавая, адметная, непаўторная!

Я не раблю аналіз газеты, а пішу свае ўражанні – прабачце, што крыху сумбурна. Упэўнена, што старонкі «Астравецкай праўды» будуць запатрабаваны  гісторыкамі і даследчыкамі, бо, як ні парадаксальна, сучасная гісторыя, занатаваная сотнямі лю­дзей, страчваецца і забываецца нават хутчэй, чым летапісная. 

Дзякуй вялікі калектыву «Астравецкай праўды» за вашу працу, якая цікавая не толькі мясцовым жыхарам, але і тым, хто жыве за межамі раёна!

З павагай Яўгенія КУЛЕВІЧ, 
пенсіянерка са Смаргонскага раёна



Текст: Главный администратор