Экслюзіўнае інтэрв’ю аўтара фотавыставы «Містэрыі Гервят» Валерыя Вядрэнкі

09:23 / 05.07.2019
Гервяцкі касцёл Святой Тройцы – адзіны ў Беларусі, які можа пахваліцца не толькі багатай унікальнай архітэктурай і велічнасцю, але і фотапрысвячэннем «Містэрыі Гервят» вядомага ў нашай краіне і за яе межамі фотамастака Валерыя Вядрэнкі. Такі гонар у свеце мае толькі знакаміты іспанскі храм Святой Сям'і, які праектаваў сам Гаудзі.

Падчас адкрыцця фотавыставы, наведаць якую можна ў любы дзень у касцёле Святой Тройцы, з Валерыем Вядрэнкам атрымалася пагутарыць нашаму журналісту.

2.jpg



–  Над фотавыставай гервяцкай святыні вы працавалі больш за дзесяць гадоў. Ці здаралася, калі хацелася ўсё кінуць, ці, наадварот, былі моманты натхнення? Сюжэты работ дыктавала сама святыня ці яны нараджаліся пасля фотаработы?

–  «Містэрыі Гервят» адзіная з нямногіх маіх работ, дзе было няпроста спачатку, – але потым, на дзіва, усё вельмі роўна пайшло. Пасля першай фотаздымкі я адклаў матэрыял на паўгода. Нездарма кажуць, самы складаны – першы крок. 

…Словамі не перадаць майго  захаплення, калі я ўпершыню ўбачыў касцёл  Святой Тройцы праз аб’ектыў фотакамеры. Чатыры гадзіны, што занялі першыя фотаздымкі ў сакавіку 2008 года, праляцелі, як імгненне. Было асаблівае надвор’е: мяцеліца спрачалася з дажджом – і гэтую барацьбу стыхій на фоне гервяцкага храма я імкнуўся «схапіць» фотаапаратам. Настрой быў узнёслы,  работа  захоплівала. Калі дома праглядзеў адзняты матэрыял, зразумеў, што атрымалася зусім не тое, што бачыў праз фотааб’ектыў.

4.jpg



Ездзіў у Гервяты неаднойчы, здымаў, потым праглядаў здымкі – у адно імгненне яны пачалі ажываць у галаве. Я адчуў  ледзь не кожны з іх і злавіў сябе на думцы, што ў мяне ўсё атрымаецца…

Аднак нечага ўсё роўна не хапала. Калі ў чарговы раз прыехаў у Гервяты, зразумеў, што не ставала апосталаў, усталяваных на прыкасцёльнай плошчы. Дзеля іх фотаздымкаў я прыязджаў у аграгарадок не раз. Адным летам занатаваў тое, чаго прагнула душа: адзняў дванаццаць скульп­тур апосталаў на захадзе сонца. 

– Наколькі ведаю, упершыню гэтая фотавыстава адбылася ў касцёле Святых Сымона і Алены ў Мінску…

– Так, але яна была больш сціплая, чым у Гервятах. Там я зрабіў яшчэ сем ці восем работ, якія зараз знаходзяцца ў экспазіцыі гервяцкага касцёла,  – праца адзінаццаці гадоў майго жыцця, лёсам якой я вельмі задаволены: работы вярнуліся туды, дзе яны нарадзіліся – у гервяцкі храм.

3.jpg



Калі ксёндз Эльяс Анатоліюс Маркаўскас прапанаваў, каб выстава дзейнічала ў храме пастаянна, я зразумеў, што для мяне гэта будзе найвялікшым шчасцем.

– Кажуць, што для творцы  яго работы, як дзеці. Якія фотапалотны вы найбольш любіце?

– Работа «Снег Марыі», мне здаецца, вылучаецца сярод іншых: снег падае з даху касцёла, утвараючы сімвалічную лесвіцу, а побач размяшчаецца выява Дзевы Марыі. У гэтай работы  няпростая гісторыя. 

Цяпер Гервяты на слыху ледзь не ў кожнага, а сам аграгарадок – турыстычна-паломніцкі цэнтр Беларусі.  Калі я здымаў храм напачатку 2000-х гадоў, Гервяты былі не такімі вядомымі. 

Неяк вясной прыехаў здымаць касцёл, тут такая цішыня была – не расказаць! Раптам гэтую сусветную гармонію парушыў моцны гук, потым ён раздаўся яшчэ раз… Агледзеўся – снег падае з даху – тое, што трэба.

Я здымаў касцёл ужо каля пяці гадзін – але патрэбнага кадра не было. Гадзіна, другая – хвіліны цягнуліся вечнасць – снег, як трэба было для кадра, не падаў. Думаю: не лёс. Рушыў у накірунку машыны, але камеру не выключаў. Праз імгненне  пачуў гук пада­ючага з даху снегу – кадраваць не было калі – адвярнуўся і зрабіў два кадры. Толькі вечарам дома ўбачыў, што  яны – у фокусе!

Работа дарагая тым, што гэта не пастановачны кадр і нават спецыяльна падлоўлены – ён нарадзіўся дзякуючы Богу. 

Другая любімая работа – «Ліст ад Брэйгеля». Падчас шпацыру па Гервятах убачыў храм збоку млына каля рачулкі. Думаю: што мне гэта нагадвае? Дык гэта ж Брэйгель! На першы погляд нічога агульнага, але па духу, па настроі – тая ж атмасфера. Я дапрацаваў фотаздымак і дадаў толькі вогнішча і чалавека, які сядзіць на лёдзе і нешта чытае. Гэтая работа вісіць і ў мяне дома.
 
– Валерый, гэта супадзенне, выпадковасць ці вы самі так задума­лі, што фотавыстава ў гервяцкім храме складаецца менавіта з трох частак, як і касцёл называецца ў гонар Святой Тройцы? 

(Усміхаецца). Гэта не што іншае, як Божы правід. Так атрымалася менавіта ў самой выставе ў Гервятах. У фотаальбоме крыху інакш: там змешчана больш фотаздымкаў гервяцкага касцё­ла, а таксама ёсць чацвёртая част­ка, прысвечаная Вялікадню ў Гервяцкім краі.

7.jpg



Фатаграфікай можна займацца толькі ў стужкавай фатаграфіі. А вось у «лічбе» другія прынцыпы і падыходы. Серыя прадстаўленых у храме фотаработ – гэта не проста адлюстраванне касцёла ў розны час і поры года, а фотамантаж, які для сябе я назваў «фотаплас­тыкай». 

Першая частка стылізаваная пад час стварэння храма – пачатак ХХ стагоддзя. Калі рыхтаваў фотаздымкі да экспазіцыі, падумаў: не трэба мудрыць, таму работы атрымаліся графічнымі, у стылі рамантызму.

Другая частка больш фотапластычная. Мне хацелася паказаць, што адбываецца ў храме ноччу, калі там нікога няма, чым жывуць касцёльныя вобразы без людзей. Гэтую містычную фантазію мне вельмі хацелася ўвасобіць у жыццё. 

Трэцяя каляровая частка – увасабленне маіх самых моцных уражанняў ад касцёла, дванаццаці фігур апосталаў і, наогул, разважанне аб сучаснасці, веры і засяроджанасці чалавека на ёй, аб штодзённым і вечным. 

Некаторыя кажуць, што трэцяя частка – дэпрэсіўная. Я так не лічу. Мне хацелася, каб энергія сумневу чалавека, які глядзіць на мае работы, трансфарміравалася ў энергію надзеі. Калі ў мяне гэта атрымалася – я задаволены.

6.jpg



– Які пасыл вы накіроўваеце гледачу? Што павінен адчуць ча­ла­век,  гледзячы на вашы работы?

– Па-першае, каб людзі адчулі гордасць за такі ўнікальны касцёл на іх зямлі. Па-другое, каб яны зразумелі, што ўсё, што напісана ў Евангеллі, – не гісторыя, а сучаснасць; апісаныя ў ім падзеі адбываліся не шмат стагоддзяў таму – яны адбываюцца тут і зараз: брат забівае брата, сын выракаецца бацькі,  Іуда прадае Ісуса… 

Распяцце Хрыста на крыжы пры­сутнічае ў жыцці кожнага з нас.  

– Ці плануеце працягнуць работу ў гэтым накірунку? Магчыма, у нас будзе нагода яшчэ ўбачыць фотапрысвячэнні якому-небудзь храму Бела­русі?

– Такое пытанне я задаваў сабе неаднойчы. Напэўна, не… Я яшчэ раз прагледзеў работы гервяцкага храма і зразумеў, што  паставіў кропку.

01.jpg


Текст:
Фото: Алёна Гунулич