Галина Андралойть: тридцать лет в общественном питании

08:01 / 06.07.2019

Здымак начальніка аддзела грамадскага харчавання Астравецкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Галіны Андралойць занесены на раённую Дошку гонару.

1.jpg

Прыехала на час…

Чаму месцам адпрацоўкі пасля заканчэння Мінскага гандлёвага вучылішча выбрала менавіта Астравец, Галіна Андалойць да гэтай пары не ведае. Ніхто, і бацькі дзяўчыны ў тым ліку, не мог зразумець, чаму выпускніца-выдатніца, якая магла выбіраць, куды накіраваць свой прафесійны і жыццёвы шлях, не выкарыстала магчымасць асесці ў прыгарадзе сталіцы або вярнуцца ў родны Столінскі раён Брэсцкай вобласці.

– Мабыць, хацелася самастойнасці, а ад Мінска да дому было блізкавата, – усміхаецца Галіна Аляксандраўна. – Таму я і яшчэ тры сяброўкі са Століншчыны выбралі Астравец – хоць і не горад, але і не вёску. Да гэтага мы нават не чулі пра такі населены пункт.

Заставацца ў Асстраўцы дзяўчына не збіралася, планавала: адпрацуе патрэбныя тры гады па размеркаванні і вернецца “ў вялікі свет” за далейшай адукацыяй – вось што было яе юнацкай марай.

– І добра, што кар’еру мне прыйшлося з першай прыступкі пачынаць, – лічыць начальнік аддзела грамадскага харчавання, фота якой у гэтым годзе занесена на раённую Дошку гонару. – Так павінна быць у кожнай прафесіі, каб сапраўдны спецыяліст атрымаўся. Праўда, калі мы выйшлі з аўтобуса ў Астраўцы і ўбачылі, куды трапілі, першы крок насустрач мары паказаўся мне не такім ужо і светлым…

…Засталася назаўсёды

Кропкай адліку прафесійнага станаўлення Галіны Аляксандраўны стаў рэстаран “Юность”, які пазней стаў кафэ “Беларусь”.

– Цікава было працаваць, – успамінае Галіна Аляксандраўна. – Людзей тады па вечарах у нас было шмат, моладзь адпачывала. А днём дзеці прыходзілі марожанага купіць.

…Так непрыкметна праляцелі тры гады – і нават прапанова рукі і сэрца ад каханага не змагла аддаліць дзяўчыну ад яе мэты.

– Вось паступлю вучыцца далей – і пажэнімся, – сказала, як адрэзала, Галіна каханаму. Паступіла на тэхніка харчавання ў Баранавіцкі тэхналагічны тэхнікум – і толькі потым ашчаслівіла таго, хто стаў надзеяй і апорай яе жыцця: вяселле Галіна і Сяргей Андралойці згулялі першага верасня ў астравецкім рэстаране “Юность”.

Крок за крокам

Вучоба ў тэхнікуме перайшла ў дэкрэтны адпачынак: у сям’і Андалойцяў нарадзілася дачка. Але дзяўчынцы не споўнілася і трох гадоў, як яе маці запрасілі выйсці на работу.

– На выбар мне прапанавалі тры пасады: загадчыка кулінарнага камбіната, які якраз адкрываўся ў Астраўцы, загадчыка магазіна “Кулінарыя” і загадчыка раённай харчовай вытворчасці – а на той час толькі сталовых на Астравеччыне было 28, не гаворачы пра іншыя аб’екты! – расказвае Галіна Аляксандраўна. – Я выбрала апошні варыянт – самы адказны і самы складаны ўчастак работы. Аднак мяне гэта не палохала, наадварот: чым больш даводзілася прыкладваць намаганняў, тым большага хацелася дабіцца.

Пасля другога адпачынку па доглядзе дзіцяці Галіна Аляксандраўна вярнулася ў спажыўкааперацыю, працавала намеснікам дырэктара філіяла грамадскага харчавання, і, як і марыла ў юнацтве, атрымала дыплом аб вышэйшай адукацыі – скончыла Гомельскі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт.

Ужо шмат гадоў Галіна Аляксандраўна ўзначальвае аддзел грамадскага харчавання Астравецкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства.

Спраўляцца з цяжкасцямі, якіх, як вядома, у харчовай сферы нямала, ёй дапамагалі вопытныя калегі і сям’я, якая заўсёды была побач, родныя, калі даводзілася затрымацца на працы, і выслухоўвалі, калі з віду заўсёды спакойнай і ўпэўненай у сабе жонцы, нявестцы, дачцэ, сястры патрэбна была камізэлька, каб паплакаць.

– Не кожны разумее, як складана браць на сябе адказнасць, асабліва цяпер, калі з будаўніцтвам АЭС у разы павялічылася нагрузка. Хочаш зрабіць як лепей, каб не падвесці раён, – але не ўсё людзям падабаецца і не ўсё атрымліваецца так, як хацелася б. І тады вельмі прыкра і балюча, – прызнаецца начальнік аддзела грамадскага харчавання.

Распланаваць работу майстроў кандытарскага і мяснога цэхаў, правесці “злёт” загадчыкаў магазінаў, абмеркаваць пытанні харчавання на “лятучцы” з паварамі, адправіць машыны з прадукцыяй па магазінах раёна, арганізаваць закупкі, перагледзець і падпісаць шэраг дакументаў, не лічачы пытанняў з разраду “як снег на галаву”, – у такім рэжыме праходзіць працоўны дзень Галіны Андралойць.

Калі надыходзіць момант, што хочацца змяніць работу, Галіна Аляксандраўна ўспамінае, колькі сіл і часу было пакладзена на тое, каб рэалізавацца як прафесіянал у справе, якую некалі выбрала, колькі ўжо зроблена і колькі яшчэ хочацца паспець, каб вывесці раённае харчаванне на пазіцыю аднаго з лепшых не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы, – яе душа супакойваецца, спіна распрамляецца – і на наступны дзень яна зноў гатова пераадольваць усе цяжкасці і неспадзяванкі, з якімі звязана работа.

– Кінуць, калі стала цяжка? Не, я так не магу. Хочаш пайсці? Спачатку зрабі, каб стала добра і лёгка, а потым ідзі! – лічыць Галіна Аляксандраўна і ўсім падначаленым прапануе працаваць і жыць па гэтым прынцыпе.


АДНЫМ АБЗАЦАМ

Што адчуваеце напрыканцы працоўнага дня?

– Шкадаванне ад таго, што не ўсё запланаванае паспела зрабіць.

Што самае складанае і самае прыемнае ў вашай працы?

– На цяперашні час складана працаваць толькі таму, што не хапае кадраў. Гэта стрымлівае многія парывы і ідэі. Таму самае важнае для мяне і самае прыемнае, калі людзі высока ацэньваюць маю працу, старанні нашага калектыву і дзякуюць.

Як вы адпачываеце?

– На адпачынак часу амаль няма. Нават у выхадныя часта на тэлефоне вішу, асабліва калі нейкія святы ці выставы набліжаюцца. Дзесяці дзён водпуску, каб адпачыць, мне дастаткова – потым пачынаю сумаваць.


Аб занясенні на раённую Дошку гонару

– Для мяне важней за ўсё не асабістае прызнанне, а каб людзям, якіх абслугоўвае наша структура, было добра і камфортна. Я працую не на свой кашалёк, а ў дзяржаўнай сферы, якая патрабуе на першае месца ставіць дабрабыт людзей.

 


Текст:
Фото: Ольга Хотянович