“Т-34” раёна газазабеспячэння перамог у “Плаванні на чым папала”

20:17 / 03.07.2019

Пяць адважных экіпажаў адправілася ў плаванне на самаробных суднах у гонар 75-годдзя вызвалення Астравеччыны і Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – спаборніцтва “Плаванне на чым папала” відовішчна і захапляльна прайшло на гарадскім пляжы.

Ужо ў трэці раз райкам ГА БРСМ пры падтрымцы сектара спорту і турызму праводзіць гэты арыгінальны конкурс у Астраўцы. І з кожным годам удзельнікі больш старанна падыходзяць да майстравання сваіх суднаў, дэманструючы сапраўдныя самаробныя цуды тэхнікі на вадзе.

1.jpg

Сёлета на водны старт выйшла пяць плавальных экіпажаў: “Экаплаў” жыллёва-камунальнай гаспадаркі, “Усё пучком” гімназіі №1, “Т-34” Астравецкага раёна газазабеспячэння, “Непатапляльны” Астравецкага лясгаса і “Трэці блок” Беларускай АЭС.

Каманда жылёва-камунальнай гаспадаркі.jpg

 “Экаплаў”


Каманда гімназіі 1.jpg

“Усё пучком”


Каманда Астравецкага раёна газазабеспячэння.jpg

 “Т-34”


Астравецкі лясгас.jpg

 “Непатапляльны”


Каманда Беларускай АЭС.jpg

“Трэці блок” 

Кожнае з суднаў прадстаўляла сабой сплаў арыгінальнасці, крэатыву і прадуманасці. Тры яноты на баку “Экаплава” нагадвалі пра карысць раздзельнага збору смецця, адважны кіроўца судна “Усё пучком” заклікаў не баяцца ніякіх перашкод, а “Трэці блок” прадэманстраваў, што пластыкавыя бутэлькі ва ўмелых руках ператвараюцца ў цудоўны плавальны сродак. Больш за ўсё ўразілі каманды лясгаса і газазабеспячэння, якія аформілі судны ў ваеннай тэматыцы. Кемлівыя леснікі спачатку адправілі ў разведку замаскіраваны бярозкамі плыт з партызанамі, а затым пусцілі ў ход цяжкую артылерыю – магутны і непатапляльны танк, быццам па сушы, хутка і прыгожа пераадолеў водную перашкоду. А вось Т-34 з раёна газазабеспячэння прадэманстраваў, як трэба сустракаць дзень вызвалення – на працягу ўсяго воднага шляху з дула самаробнага танка вылятаў святочны салют.

2.jpg

Ацэньваць гэтыя шэдэўры для плавання журы было вельмі цяжка. Тым не менш, Гран-пры аднагалосна было прысуджана камандзе раёна газазабеспячэння, чый Т-34 скарыў не толькі журы, але і гледачоў. Самым арыгінальным стала судна, дакладней цэлых два, Астравецкага лясгаса, самым музычным – плавальны сродак ЖКГ, а самым хуткім – Беларускай АЭС. Спецыяльным дыпломам удзельніка адзначылі гімназію №1. Дзякуючы спонсарам конкурсу – раённым арганізацыям “Белая Русь”, БСЖ і ГА БРСМ, – усе каманды атрымалі падарункі.

Каманда пераможцаў Т-34.jpg

Каманда пераможцаў  “Т-34”

Вячаслаў Камчыцкі, удзельнік каманды раёна газазабеспячэння, канструктар “Т-34”.

– У такую важную дату, як 75-годдзе вызвалення Астраўца, хацелася неяк па-асабліваму прадставіць нашу каманду – так узнікла ідэя стварыць танк на вадзе. А які юбілей без святочнага феерверку! Таварышы па камандзе Аляксандр Гудойць і Дзмітрый Місюкевіч дапамаглі ажыццявіць задуманае і годна выступіць. Дый, наогул, увесь наш калектыў падтрымліваў чым мог. Так што гэта агульная перамога!

Текст:
Фото: Марина Мацкевич