Навагрудскі каледж запрашае на вучобу

08:54 / 31.03.2011

Гарады, гарады… Яны прыйшлі да нас з розных стагоддзяў. Непадобныя сваім мінулым і сучасным лёсам. Сярод іх ёсць асабліва рамантычныя, хвалюючыя старажытнасцю і загадкавасцю. Такі і Навагрудак, што раскінуўся на ўзвышанасці, акружаны хвалістымі ўзгоркамі, рознакаляровымі палямі, горад з надзвычай цікавай гісторыяй, са сваім тварам.


Горад з насельніцтвам 30 тысяч жыхароў ідзе ў нагу з часам. Раніцай каля тысячы з іх спяшаюцца на вучобу ў аграрны каледж, дзе навучанне вядзецца па трох спецыяльнасцях: “Аграномія”, “Камерцыйная дзейнасць”, “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”.
Значная колькасць выпускнікоў каледжа – гэта гонар навучальнай установы. Многія з іх прызнаны лепшымі ў сваёй прафесіі, з’яўляюцца Героямі працы і выдатнымі вучонымі Рэспублікі Беларусь.
Паспяхова працуюць у гаспадарках Астравецкага раёна многія выпускнікі каледжа. Сярод іх Аляксандр Іванавіч Вярбовіч, старшыня СВК “Варняны”, працаўнікі гэтай гаспадаркі – Аляксандр Аляксандравіч Кулеш, старэйшы аграном па насенняводству, і Аляксандр Ігнатавіч Мармыш, брыгадзір вытворчай брыгады №2 у раслінаводстве, Мікалай Пятровіч Дудук, намеснік брыгадзіра вытворчай брыгады №1 у раслінаводстве СВК “Гервяты”.
Каледж дае магчымасць выпускнікам працягваць вучобу ў сельскагаспадарчых ВНУ Рэспублікі Беларусь па бесперапыннай інтэграванай сістэме.
Навучэнцы каледжа неаднаразова займалі першыя і прызавыя месцы на рэспубліканскіх алімпіядах прафесійнага майстэрства, у спартыўных спаборніцтвах і мастацкай самадзейнасці.
У каледжы авалодваюць рознымі спецыяльнасцямі 19 навучэнцаў з Астравецкага раёна. Сярод іх неабходна адзначыць Алесю Дрэма і Дзмітрыя Сітнікава, якія з’яўляюцца не толькі пераможцамі лёгкаатлетычных спартыўных спаборніцтваў, але і паспяхова авалодваюць ведамі па сваёй спецыяльнасці.
Добра вучацца і актыўна ўзельнічаюь у грамадскім жыцці каледжа Дзяніс Кірпа, Вераніка Пазлевіч, Аляксандр Кавалько, Ала Грэйць, Рамуальд Алёкса, Людміла Сінкевіч, Яўгеній Галабурда, Аляксандр Кавалеўскі, Аляксандр Лапуня і іншыя навучэнцы.
Калектыў каледжа выказвае сваю падзяку настаўнікам школ Астравецкага раёна за іх самаадданую працу па выхаванню моладзі, уклад якой ў жыццё навучальнай установы з’яўляецца значным і адметным.
Мы запрашаем выпускнікоў школ на вучобу ў наш каледж – вы атрымаеце глыбокія веды і добрыя спецыяльнасці, якія запатрабаваны ў цяперашні час і ў будучым.


І. ГЛАДКІ, выкладчык каледжа.