Маладыя гады, маладыя жаданні Марыі Мальдзіс

09:12 / 30.06.2019
З Астравецкім раёнам  Марыя Мальдзіс пазнаёмілася яшчэ ў дзяцінстве. Тут – у Альхоўцы –  жыла яе бабуля, і дзяўчынка на летніх  канікулах пакідала шумную Вілейку і бавіла час  у вёсцы на Астравеччыне.

eP77OEJyKlU.jpg

– З пятага класа я ведала, што буду настаўніцай – такой, як Ганна Яфімава, якая выкладала ў нашым лінгвістыч­ным класе  англійскую мову, – расказвае настаўніца Гудагайскай сярэдняй школы Марыя Мальдзіс. – Я скончыла Рэчыцкі педагагічны каледж і адразу ж паступіла  на трэці курс завочнага аддзялення Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта.
Менавіта пасля заканчэння кале­джа, у 2012 годзе,  дзяўчына і вырашыла размеркавацца на Астравеччыну, дзе жыў яе малады чалавек Уладзімір Мальдзіс.
–  Працаваць мяне накіравалі ў Гудагайскую сярэднюю школу. І сёння я ўпэўнена, што няма лепшага месца на зямлі і людзей, якія за сем гадоў сталі мне роднымі, – усміхаецца Марыя Алегаўна. 
Яна маладая, актыўная і лёгкая на пад’ём – магчыма, менавіта  таму хутка знаходзіць агульную мову не толькі з калегамі, але і з дзецьмі і іх бацькамі.
–   На першым жнівеньскім раённым педсавеце я села  побач са Святланай Пілецкай, у той год мы разам з ёй пачалі  працаваць у Гудагайскай школе, сталі  класнымі кіраўнікамі сёмых класаў, разам выпускалі дзяцей – і сёння я працую побач з ёй і іншымі настаўнікамі школы на адну мэту – вучыць дзяцей не толькі прадмету, але і дабрыні, спагадзе да людзей  і любові да роднай краіны.
 Акрамя школы і свайго прававога класа, без якіх Марыя Мальдзіс ужо не ўяўляе  жыцця, яна мае мноства захапленняў. Сярод іх ёсць і не зусім жаноцкае – рыбалка.
– Вольнага часу практычна не застаецца. Але мы з мужам стараемся знайсці яго, каб разам пакатацца на веласіпедах ці з’ездзіць на рыбалку  – на яе мяне «падсадзіў» Уладзімір, – усміхаецца Марыя Алегаўна. 
– Я шчаслівая, што лёс прывёў мяне на радзіму маёй маці. Тут я знайшла сваё прызнанне, тут жывуць мае школьнікі, якія дзеляцца са мной сваімі сакрэтамі – часам пра іх не ведаюць нават іх бацькі; мае калегі, якія падтрымліваюць і дапамагаюць; і мой каханы чалавек – усе яны мае самыя родныя людзі, якія дапамагаюць марыць, рабіць дабро  і жыць!
Текст: