Радзімы вялікай няма без малой (Нататкі студэнта)
11:15 / 23.06.2019
Матулін» цягнік
Выходжу з цягніка, ступаю на родную зямлю – і ўсплываюць у памяці успаміны.
…З ранняга дзяцінства я помню перастук цягнікоў. Мой родны пасёлак Гудагай узнік дзякуючы чыгунцы і знакаміты тым, што гэта апошняя беларуская станцыя на мяжы з Літвой.
Калі мне ішоў трэці год, маці вырашыла атрымаць яшчэ адну адукацыю і ездзіла на заняткі ў Мінск. Кожны тыдзень мы з татам хадзілі на вакзал, каб сустрэць яе з поезда. Я так і гаварыў: «Тата, глянь, матулін цягнік прыйшоў!» Мама выходзіла на перон, і я, што ёсць моцы, бег ёй насустрач. Як жа мне хацелася пакатацца на «матуліным» цягніку! Толькі ў бацькоў заўсёды былі нейкія адгаворкі.
Аднойчы мама і тата зрабілі мне такі падарунак. У чарговую паездку ў сталіцу мы паехалі не на машыне, як звычайна, а на цягніку. Колькі было радасці – усе тры гадзіны ў дарозе я без перапынку бегаў з аднаго канца вагона ў другі – і быў, напэўна, самым шчаслівым чалавекам: мая мара ажыццявілася.
Назаўтра ўзахлёб я расказваў бабулі і дзядулю не пра тое, дзе я быў і што бачыў, а пра тое, як цікава катацца на «матуліным» цягніку.
З таго часу прайшло пятнаццаць гадоў. На змену дызель-цягнікам, якія хадзілі ў маім дзяцінстве, прыйшлі электрычкі. І ўжо не я сустракаю матулю з цягніка, а мае бацькі прыязджаюць на вакзал, каб спаткаць сына-студэнта. Аднак я гэтак жа з заміраннем сэрца прыслухоўваюся да перастуку вагонных колаў – і дзякую богу, што нарадзіўся на гэтай зямлі.
Першыя веды
…Вось мой былы дзіцячы садок – ён месціўся ў прыстасаваным будынку. Па праўдзе кажучы, хадзіць сюды я не любіў. Марыў хутчэй падрасці і пайсці ў школу – не разумеў, што самыя лепшыя гады праходзяць менавіта ў дзіцячым садку!
З-за павароту паўстае школа… Усяго два гады мінула з таго часу, калі я развітаўся са сваімі настаўнікамі і выйшаў за яе парог, а яна змянілася – пасталела і разам з тым абнавілася. А за маёй школьнай партай цяпер сядзяць іншыя хлопчыкі і дзяўчынкі...
…Сваё самае першае першага верасня я чакаў з заміраннем сэрца. Да яго мы рыхтаваліся ўсёй сям'ёй. Загадзя купілі новенькія касцюм, кашулю, гальштук і туфлі, школьныя прыналежнасці і прыгожы рукзак.
Першага верасня з велізарным букетам кветак разам з мамай і татам я адправіўся ў школу. Не баяўся: большасць сваіх аднакласнікаў ведаў па садку, ды і з настаўніцай мы таксама былі знаёмы – цэлы год да таго хадзілі на падрыхтоўку.
Адзінаццаць школьных вёснаў і зім за плячамі… Колькі за гэты час мы даведаліся, колькі адкрыццяў зрабілі, колькім з нас школа дапамагла паверыць у сябе, колькі было смешных і сумных гісторый… І ўсё гэта помнім не толькі мы, але і школьныя настаўнікі. Яны, як бацькі, гэтак жа чакаюць нас на сустрэчу.
Гудагайскія забаўкі
«А давайце пакатаемся на каньках!» – прапаноўваю я бацькам – і яны згаджаюцца. Тата бярэ шуфаль, маці дастае з шафы канькі – мы адпраўляемся на сажалку. У дзяцінстве яна здавалася велізарнай – цяпер жа аб'язджаю яе па кругу за некалькі хвілін. І ўжо не мама трымае мяне за руку, а я ўпэўнена вяду яе за сабой… Наперагонкі з татам мы ловім вецер і радуемся магчымасці правесці час разам, усёй сям'ёй.
Потым едзем на Ліпковую горку: калісьці тут пачыналася суседняя вёска Ліпкі, якая ўжо злілася з Гудагаем. Горка – любімае месца зімовых забаў гудагайскай дзетвары. Колькі сябе помню, мы з бацькамі і сябрамі каталіся тут на санках. Ляціш з горкі – аж дух забівае! З'язджаеш, хапаеш санкі і што ёсць моцы бяжыш наверх… І зноў ловіш вецер – і адчуваеш сябе вольным і шчаслівым…
І толькі цяпер, пасталеўшы, звяртаеш увагу на тую прыгажосць, якая адкрываецца з гэтай гары: звілістай стужкай віецца дарога, побач праходзіць старажытны віленскі шлях, узвышаецца ў неба крыж, каля якога ў рэлігійныя святы збіраюцца вернікі, а ніжэй рассыпаліся дамы мясцовых жыхароў. Адсюль Гудагай – нібы на далоні. І сэрца захлынаецца ад любові да роднага краю.
Свету пачатак
Старэйшыя людзі некалі ці то жартам, ці то ўсур’ёз паўтаралі: «Астравец – свету канец». Гэтыя словы былі актуальнымі яшчэ з дзясятак гадоў назад, пакуль у Астравецкім раёне не пачалося будаўніцтва першай у краіне атамнай электрастанцыі.
…Летнія канікулы паміж 6 і 7 класамі былі ў разгары, калі я даведаўся, што праз некалькі дзён змагу трапіць на будаўнічую пляцоўку Беларускай атамнай электрастанцыі. І не проста трапіць: чакаўся прыезд Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, а мне было даручана ўручыць яму капсулу з пасланнем нашчадкам, якую потым замуравалі ў вялікі камень…
Амаль сем гадоў прайшло з таго часу, на памяць засталіся фотаздымкі і кніга, падораная мне прэзідэнтам. Здаецца, да аблокаў дастаюць пабудаваныя за гэты час дзве градзірні атамнай электрастанцыі – яны бачны амаль што з любога населенага пункта раёна, у тым ліку і з нашага Гудагая, побач паўсталі два энергаблокі, якія хутка пачнуць выпрацоўваць ядзерную энергію.
Астравец з таго часу змяніўся непазнавальна. У нашым невялікім гарадку з вялікай гісторыяй – у мінулым годзе Астравечынна адзначыла 550 гадоў з першага пісьмовага ўспаміну – за некалькі гадоў пабудавалі тры новыя мікрараёны! Усім гасцям я паказваю Астравец з гонарам. Хто яшчэ можа пахваліцца атамнай электрастанцыяй, якая будуецца на яго малой радзіме?!
Цяпер Астравец – свету пачатак. Гэта горад, дзе будзе браць свой пачатак мірны атам, і месца, дзе хочацца жыць!
Дзмітрый ЯРАШЭВІЧ.