Что островецким детям нравится в лагерях
09:01 / 21.06.2019
Што дзецям больш за ўсё падабаецца ў летніку, высвятляў карэспандэнт газеты.
Ганна Навікевіч, Глеб Кумішча і Глеб Кулеш, лагер «Сонейка» гімназія №1
Ганна:
– Мне падабаецца хадзіць на экскурсіі. Нядаўна ў Гудагай ездзілі. Там нам пра людзей, якія ў вайну загінулі, расказвалі. Добра ў школьным летніку – бо блізка хадзіць: жыву я на Берагавой.
Глеб Кумішча:
– І мне падарожнічаць падабаецца. Найбольш запомнілася паездка ў аптэкарскі сад, што ў Мінскай вобласці. І з сябрамі тут гуляць можна – іх у мяне шмат.
Глеб Кулеш:
– У летніку весела. Тут я знайшоў новых сяброў – яны ў іншых класах вучыліся, таму раней іх не ведаў. Больш за ўсё падабаецца ранішняя лінейка.
Падчас яе даюць падарункі і расказваюць, што нас чакае ў гэты дзень.
Вольга Сымановіч і Мацвей Мазура, спартыўна-аздараўленчы лагер «Юны алімпіец»
Вольга:
– З нецярпеннем чакаю малых алімпійскх гульняў. Будзе цікава высветліць, хто хутчэйшы і мацнейшы. З задавальненнем хаджу ў басейн – тут, у лагеры, навучылася плаваць. Вельмі цікава праходзяць віктарыны па гісторыі спорту, а таксама трэніроўкі – у нас жа спартыўны летнік.
Мацвей:
– Больш за ўсё люблю мяч ганяць, на турніках падцягвацца. У нас тут кожны дзень па хвілінах распланаваны – час ляціць хутка. А яшчэ кормяць добра – нават марожанае даюць.
Кацярына Дзенісевіч і Юлія Леўкавец, лагер «Сонейка» СШ №1
Кацярына:
– Мне падабаюцца выхавацельніцы. Яны добрыя. Люблю маляваць, асабліва партрэты. І есці ў сталовай – у летніку смачна кормяць.
Юлія:
– Больш за ўсё люблю ў лагеры маляваць жывёл і гуляць у даміно і лато. А на вуліцы каля школы можна на трэнажорах займацца. І горка там ёсць. Яна жоўтая, высокая і ўецца, як змейка.
Дар’я Пазлевіч і Іван Шышкевіч, лагер «Вясёлка» СШ №2
Дар’я:
– Мне падабаецца з сябрамі тут збірацца, у розныя гульні гуляць. Спартыўную гадзіну люблю, асабліва калі гуляем у шашкі або на скакалцы скачам. А яшчэ – у басейне плаваць.
Іван:
– Ужо 18 дзён у летнік хаджу – ні разу не пашкадаваў, што запісаўся. Тут патрэбнага шмат можна даведацца – напрыклад, пра небяспеку запалак і петардаў… Нядаўна мы на экскурсію ездзілі і на ГЭС паплаваць! Выхавацелі абяцалі, што ў РАНС пойдзем – таксама цікава будзе.