Новыя звесткі пра Марыянскую Кальварыю ў Дубку

09:17 / 14.06.2019
Мінулагодняя навіна аб наданні Марыянскай кальварыі ў Дубку статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці трэцяй катэгорыі ў чарговы раз прыцягнула ўвагу да ўнікальнага помніка нашай мінуўшчыны. З’явілася падстава вярнуцца да ранейшага матэрыялу пра гэты сакральны аб’ект, аб якім мы пісалі ўжо неаднойчы, удакладніць і дапоўніць яго новымі звесткамі.

Сёлета споўнілася 90 гадоў, як у нядзелю 26 мая 1929 года на свята Святой Тройцы біскуп Уладзіслаў Бандурскі асвяціў у Дубку капліцу Маці Божай Нястомнай Дапамогі. 

Пра гэтую падзею праз ты­дзень надрукаваў кароткую абвестку грамадска-палітычны што­тыднёвік «Наш прыяцель», адзначыўшы шмат­лікасць пры­быўшых на ўрачыстасць свята­роў і вернікаў. Праўда, у сваёй брашуры пра Марыянскую кальварыю ксёндз Рамуальд Дроніч памылкова піша, што капліца была асвечана 29 мая. 

Цікавым у публікацыі здаецца той факт, што новазбудаваная капліца адносілася да вёскі Курганы Жодзішкаўскай парафіі. Пісьмовыя крыніцы падаюць іншыя тапонімы гэтага кутка астравецкай зямлі. У час вод­нага падарожжа 1857 года па Віліі вядомы краязнаўца граф К. Тышкевіч сярод левабярэжных паселішчаў адзначыў двор Дубок, які належаў Пяткевічу. Пазней тут узгадваецца двор Навасёлкі Свяцкевічаў, які адносіўся да Сакалойскай сель­­скай грамады Варнянскай во­ласці Віленскага ўезда. У між­ваенны час 20 стагоддзя ў Гервяц­кай вясковай гміне Вілен­ска-Троцкага павета за гэтым месцам афіцыйна зама­цоўваецца ранейшая назва – Дубок. Але відаць, што паралельна існавала і неафіцыйная назва, якая нагадвала пра шматлікія старажытныя курганы наваколляў.

Курганская капліца.jpg

Курганская капліца

Вось у такім адметным месцы, як адзначана ў памятным лісце на адкрыццё Курганскай капліцы, «агульнымі намаганнямі і стараннямі кс. Рамуальда Дроніча … пры дапамозе і вялікай ахвярнасці набожных парафіянаў, мясцовай інтэлігенцыі і настаўніцтва», на радасць вернікам была пабудавана святыня. З таго часу набылі моц атуляючыя святыню дубы і елкі, а не так даўно заменены дах надаў ёй новы каларыт.

Узнавіць гісторыю бу­даў­ніцтва іншых стацый Кальварыі дапамагае брашура ксяндза Дроніча пад назвай «Памятка з Жодзішак. Сем стацый Маці Божай Смуткуючай», якая была надрукавана 5 снежня 1936 года ў Вільні. На шчасце,  знайшлася перавыдадзеная 15 чэрвеня 1937 года кніжка з той жа назвай, дапоўненая аўтарам новымі каштоўнымі звесткамі, што дае магчымасць удакладніць і прасачыць у часе ход пабудовы сакральнага помніка. 

Вокладка брашуры 2-га выдання.jpg

Вокладка брашуры 2-га выдання

Першапачаткова думка аб стварэнні стацый сямі смуткаў Маці Божай узнікла ў 1936 годзе. У гэты год на левым пейзажным беразе Віліі, у Ціхай даліне, узнесліся сем драўляных крыжоў. Да іх прымацавалі абразы, намаляваныя прэфектам Свянцянскай гімназіі ксяндзом Баляславам Грамзам на блясе памерам 24 на 50 см. Для Курганскай капліцы святар таксама намаляваў абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі, які, на жаль, не захаваўся. Дарэчы, у гервяцкім касцёле можна ўбачыць абраз «Пакутніцтва св. Станіслава», першапачаткова  напісаны ксяндзом Б. Грамзам для алтара капліцы ў Сакалойцях, які захоўваўся там да яе спусташэння ў пасляваенны час.

Абраз аўтарства Б.Грамза.jpg

Абраз аўтарства Б. Грамзы

У 1936 годзе з палявых камя­нёў быў змураваны грот над крынічкай на беразе Віліі – гэта трэцяя стацыя. 

3 стацыя.jpg

Трэцяя стацыя



Асвячэнне ўсяго новазбудаванага «шляху да Галгофы» адбылося 30 жніўня. У наступным 1937 годзе працягвалася пабудова прыпынкаў. Вясной набыла канчатковы выгляд трэцяя стацыя, якую іншым разам узгадваюць як «Багіня ля крынічкі». 

За кароткі тэрмін была ўзведзена мураваная каплічка пад назвай Маці Божая Смуткуючая. Невялікая па памерах святыня з імправізаваным алтаром была вымуравана за кошт сям’і Сідаровіч – аб гэтым нагадвае прымацаваная з левага боку ад уваходу памятная каменная табліца. З правага боку на сцяне пазначаны нумар стацыі лацінскай лічбай VI і ўмацаваны абраз аўтарства ксяндза Грамзы, дзе адлюстравана Марыя, якая прымае цела Езуса, знятае з крыжа. Два  намаляваныя на блясе рарытэтныя абразы ўнутры капліцы захаваліся да гэтага часу, але знаходзяцца ў вельмі дрэнным стане.

6 стацыя.jpg

Шостая стацыя


У першай палове 1937 года бы­ла распачата пабудова першай стацыі ў выглядзе маляўнічай брамы. Яе мастацкае рашэнне ў традыцыях самабытнай народнай культуры  з непаўторным шыкоўным металічным навершшам і адмысловымі крыжамі пакідае моцнае ўражанне ў наведвальнікаў Кальварыі. І гэтаму ёсць тлумачэнне. Першая стацыя будавалася пад кіраўніцтвам знанага беларускага мастака Пётры Сергіевіча. Як вядома, у 30-я гады мінулага стагоддзя ён шмат пісаў для хрысціянскіх храмаў у суседніх з Кальварыяй мястэчках. У 1934 годзе ён выканаў фрэскавыя размалёўкі з арнаментамі ў сольскім касцёле – сценапіс у Солах стаў самым вялікім цык­лам мастака. У 1936 годзе Пётра Сергіевіч упрыгожыў роспісамі купал і часткова сцены смаргонскага касцёла. На наступны год ён жа распісаў скляпенні касцёльных капліц у Жодзішках, пакінуўшы пад адным са сваіх твораў манаграму «P.S.1937». 

1 стацыя.jpg

Першая стацыя



Па просьбе тагачаснага жо­дзішкаўскага пробашча ксян­дза Ра­муальда Дроніча мастак да­лу­чаецца да завяршэння пабудовы Марыянскай кальварыі ў Дубку. Існуе меркаванне, што Сергіевіч не толькі меў дачыненне да ўзнясення першай ста­цыі ў выглядзе брамы, але і аздобіў каплічку Маці Божай Смуткуючай. Майстар пейзажа, партрэта і сакральнага жывапісу раскрыў тут яшчэ адзін накірунак свайго таленту.

Таму, наведваючы штогадовыя ліпеньскія ўрачыстасці ў Дубку і проста вандруючы тут па кальварыйскай сцежцы, варта памятаць людзей, дзякуючы якім быў створаны непаўторны і ўнікальны комплекс, што ўз­ба­гаціў нашу духоўную спадчыну. 

Уладзімір ПРЫХАЧ


Текст: Главный администратор