С песнями, подарками, сюрпризами отметила «Островецкая правда» свой 78-ой день рождения
Гэта ўжо стала добрай традыцыяй: незалежна ад дня тыдня і надвор’я за акном супрацоўнікі «Астравецкай праўды», нашы няштатныя аўтары і чытачы 29 мая збіраюцца на ганку раённага вузла паштовай сувязі, каб разам, у цёплай сяброўскай, можна сказаць – сямейнай кампаніі, адзначыць дзень нараджэння газеты.
Хоць пачалося свята з віншаванняў нашых заснавальнікаў і сяброў: старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Свіла, старшыні грамадскіх аб’яднанняў «Белая Русь» Ірына Раткевіч і «Беларускі саюз жанчын» Наталля Баніцэвіч у дзень нараджэння газеты завіталі ў рэдакцыю, каб выказаць нашым супрацоўнікам словы падзякі за іх працу, а лепшых з іх – яшчэ і адзначыць. Падзячны ліст раённага выканаўчага камітэта атрымала Алёна Гануліч, Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў адзначана праца Рыты Дрэмы, а Падзячнымі лістамі – творчыя здабыткі нашых тэлевізійшчыкаў Дзмітрыя Каралевіча і Рыгора Рэвакі. Актывістаў Марыну Мацкевіч і Марыну Субко адзначылі і лідары грамадскіх арганізацый.
А вось сустрэчы журналістаў з чытачамі спрабаваў перашкодзіць дождж – але ўсе яго так доўга чакалі і прасілі, што нават не пакрыўдзіліся на «нябесную канцылярыю» за тое, што ўнесла свае карэктывы ў нашы планы, а хуценька перанеслі свята ў залу пошты. Некаторыя сцвярджалі, што так атрымалася нават больш утульна.
А ў астатнім традыцыям здраджваць не сталі. Гасцей свята прывітала галоўны рэдактар «Астравецкай праўды» Алена Ярашэвіч; наша дапытлівая АПэшка правяла віктарыну па гісторыі і сучаснасці газеты, пераможцай якой у чарговы раз стала Ванда Вайшнаровіч.
Галоўны рэдактар «Астравецкай праўды» Алена Ярашэвіч
АПэшка
Ванда Вайшнаровіч
Сёлета ў нашай АПэшкі з’явіўся юны сябар Ягорка, які таксама правёў віктарыну, толькі па правілах бяспекі, – на жаль ці на шчасце, але тут не было адназначных лідараў, а ўсе, хто даў правільныя адказы на яго няпростыя пытанні, атрымалі салодкія прызы.
Ягорка
З сюрпрызамі прыйшлі на дзень нараджэння нашы чытачы і няштатныя аўтары: Рэгіна Дрэма і Капіталіна Пятроўская, якія парадавалі гледачоў вершамі, жартамі і песнямі. Шмат добрых слоў выказалі калектыву рэдакцыі сябры газеты – старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Расціслаў Бразінскі, інспектар раённага аддзела на надзвычайных сітуацыях Аляксандр Сачак, старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун.
Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Расціслаў Бразінскі
Інспектар раённага аддзела на надзвычайных сітуацыях Аляксандр Сачак
І, як заўсёды, было шмат музыкі і песень, якія дарылі прысутным юныя астравецкія зорачкі Анастасія Веська, Валерыя Дарашкевіч і Валерыя Шлыковіч.
Анастасія Веська
А на заканчэнне адбыўся розыгрыш прызоў сярод тых, хто ў гэты дзень выпісаў газету – іх было сямнаццаць чалавек, і чатыром з іх усміхнулася ўдача.
Зрэшты, без прыза, як і абяцала рэдакцыя, не застаўся ніхто: АПэшныя кексы атрымалі ўсе, хто завітаў на свята.
А яшчэ адным агульным падарункам, думаецца, стаў добры настрой, з якім усе пакідалі залу. І таму хочацца верыць, што сяброў у «раёнкі» будзе толькі прыбаўляцца.
Так што заставайцеся з намі ў святы і ў будні – і будзем сябраваць і надалей!