Еўдакія Сігалёва перажыла нямецка-фашысцкі палон

07:21 / 22.05.2019

Лёс можа закінуць чалавека куды заўгодна, падносіць яму самыя розныя жыццёвыя неспадзяванкі – нібы выпрабоўваючы на трываласць ці адорваючы па заслугах. З цягам часу многія ўспаміны, прыемныя і не вельмі, сціраюцца з памяці або застаюцца жыць у скупым выглядзе пад шэрым і невыразным “нешта такое было”. Многія – але не ўсе: страшныя гады ваеннага ліхалецця вогненным шнарам назаўсёды адбіліся на жыццях тых, каго пашкадавала варожая куля, хто перажыў акупацыю, канцлагер і палон…

Вялікая Айчынная вайна заўсёды з Еўдакіяй Рыгораўнай Сігалёвай – яна пасялілася ў яе памяці і сэрцы…

IMG_3604.jpg

– Жыццё я пражыла – як у каляровым кіно. Толькі чатыры ваенныя серыі ў ім былі чорна-белымі…

Беларуская палячка

Сям’я Еўдакіі Рыгораўны Сігалёвай нічым не адрознівалася ад іншых сямей Прыбужжа. Яе працавітыя і сціплыя бацькі Анастасія Якаўлеўна і Рыгор Раманавіч Лошы ў ладзе і згодзе выхоўвалі шасцёра самых прыгожых для іх і самых лепшых у свеце дачок – Марыю, Настачку, Еўдакію, Лену, Таццянку і Антаніну.

– Бацька мой быў тэлефаністам, – успамінае бацькоў вязень фашысцкіх канцлагераў Еўдакія Рыгораўна Сігалёва. – Маці яго вельмі кахала! А жылі мы на беразе ракі Буг у вёсцы Прыбарава – прыгожы гэта край, самы клін паміж Беларуссю, Польшчай і Украінай. Якая там прырода, якія сосны і неба – словамі не перадаць!..

Бацька Еўдакіі пабудаваў хату па суседству з дамамі двух сваіх братоў, Піліпа і Рамана, – разам спарней і лягчэй. У гэтай хаце Еўдакія нарадзілася, тут пражыла і ўсё жыццё да і пасля нямецкага палону – да той пары, пакуль не пераехала да дачкі Валянціны на Астравеччыну.

…У школу, дзе дзяцей вучылі на польскай мове – да 1939 года Заходняя Беларусь належала Польшчы, – Еўдакія хадзіла толькі зімой. Пяць класаў скончыла – пісаць-чытаць навучылася. На большае не хапіла… не, не жадання – часу.

– Ад ранняй вясны да позняй восені працаваць даводзілася, – расказвае жанчына. – Бацька хварэў – я грошы зарабляла: кароў пасла ў польскай пані; прыязджалі ў вёску палякі і прапаноўвалі нам усялякую работу.

– Разлічваліся грашыма, – працягвае Еўдакія Рыгораўна. – Палякі багата жылі, не так, як мы…

З акупацыі – у палон

– Як вайна пачалася, мы падумалі, што гром грыміць, – успамінае Еўдакія Сігалёва. – Ноччу гэта было. Маці выйшла на вуліцу паглядзець, а ёй насустрач нехта бяжыць і крычыць: “Насця, Насця, вайна!” Сёстры мае на сене ў хляве спалі. “Ой, прапалі мае дзеткі!” – заламала рукі маці. А зверху над ёй толькі – бах, бах!

Снарады рваліся доўга: нямецкія самалёты атакавалі пагранзаставу – ад яе да вёскі было крыху больш за кіламетр.

– Немцы ішлі на заставу, страшныя такія, з аўтаматамі, – дрыжачым голасам расказвае жанчына. – Людзі ад іх хаваюцца, а я каля хаты хаджу: рэчы з хаты выкідваю – каб не згарэлі. Сяброўку на вуліцы снарадам забіла на маіх вачах. У дзядзькі – карову і каня. Ой як страшна было! Нікому б гэтага ні бачыць!

Прыйшоў неяк стараста вёскі, грукануў кулаком па стале і сказаў маці Еўдакіі: “Насця, адну дачку аддай у Германію – інакш яны прыйдуць і ўсю сям’ю заб’юць!” Маці ў слёзы: як гэта аддаць?! Старэйшая сястра ўжо замужам была, дзетак мела. Дуся, доўга не вагаючыся, сказала:

– Мама, я пайду…

Шмат тады з Прыбарава моладзі немцы забралі. За калючы дрот сагналі – каб не збеглі.

– Некаторыя бацькі ўпотайкі прыходзілі, каб забраць дзяцей, – расказвае Еўдакія Рыгораўна. – Я адмовілася ўцякаць – шкадавала бацькоў. З-за мяне адной усіх расстраляюць? Не трэба! А так і было: схавалася адна сям’я пад магазін у зямлянку – пяцёра чалавек, знайшлі іх… Вывелі – і расстралялі.

Не разгінаючы спіны

Вывозілі палонных праз Брэст у Германію эшалонамі, у вагонах для жывёлы.

Спачатку яны на фабрыцы фасолю і гарох перабіралі. Але нядоўга.

– Прыехаў немец, выбраў здаравейшых – сярод іх я была, – працягвае былы вязень Еўдакія Сігалёва. – Як кароў, агледзеў, адлічыў – і паехалі мы...

Жыць дзесяцярым дзяўчатам давялося ў хляве, адна ежу гатавала, іншыя на работу хадзілі. Працавалі цяжка, з ранку да позняга вечара: гародніну садзілі і капалі, кароў пасвілі, даілі – усёй гаспадаркай займаліся.

– Немцы розныя былі, – гаворыць жанчына. – Не ўсе благія. Але ўсе – гаспадарлівыя і працавітыя. Прыйшла неяк да нас немка з прысмакамі, паклала іх на стол і нешта гаворыць, а мы не разумеем. Думалі, можа, атруцяць нас зараз (Смяецца). Бедная яна была: мужа на вайне забілі, двух сыноў забралі ў Расію. Яна нас шкадавала. “Можа, – казала, – знойдзецца руская маці, якая і маіх сыноў пашкадуе, хоць хлеба кавалак ім падасць”.

Аднойчы дзяўчаты выкапалі бульбу немцу-пекару, перабралі яе, па мяхах рассыпалі – іх работа яму так спадабалася, што той да канца палону булкі, хлеб і муку ім прывозіў.

А вось вартаўнік, паранены нямецкі лётчык, быў жорсткі і злы. Падчас працы ні на метр не дазваляў адысціся, нават па патрэбе. Назаўсёды запомніла Еўдакія, як адна дзяўчына, не вытрымаўшы такіх здзекаў, у твар вартаўніку “швайн” сказала.

– А ён яе бізуном! Ды па галаве! Навошта ж ты, дурненькая?!. – з болем, бы гэта было толькі ўчора, пытае ў былой каляжанкі жанчына. – Ён жа ўсё разумеў!

Каханне час не выбірае

– Недалёка ад нас быў канцлагер, – распавядае Еўдакія Сігалёва. – Страшна было да яго падыходзіць. Палонным мучэнне там было! Мацнейшых забіралі лес цягаць – то ж быў здзек!

Жанчына памятае, як адзін савецкі палонны збегчы паспрабаваў: праз варту прарваўся, на вагон залез і зацішыўся. Так бы і выехаў, ды галаву рана падняў – і яго застрэлілі.

Не раз Еўдакія бачыла, як немцы савецкіх палонных гналі.

– Мы ў полі, а яны міма ідуць, нашы салдацікі, – усхліпвае Еўдакія Рыгораўна. – Каторы з іх паваліцца, знямоглы, знясілены, зарослы. Бурак з зямлі падыме і грызе. Галодныя яны былі… А які сагнецца – так і распластаецца, падняцца не можа…

Але і ў канцлагеры не ўсе немцы злымі былі: некаторыя дазвалялі палонным хоць крыху ўбок агароджы адысціся – толькі каб ціха.

Так уздоўж дроту прагульваўся і Якаў Сігалёў. Рускі салдат, які трапіў да ворага ў першыя дні вайны, запрыкмеціў Еўдакію – яна якраз палола бульбу непадалёк. Маладыя людзі пераглянуліся першы раз, другі, лічы – пазнаёміліся…

– Ці сябравалі мы? – перапытвае жанчына. – Якое там сяброўства было?! Здрасце-да пабачэння адзін аднаму не казалі і за ручку не хадзілі. Амаль год праз плот пераглядваліся. А аднойчы Яша ціхенька сказаў: “Дзе б ты ні была, я цябе знайду!”

Вяртанне на радзіму

Тры гады Еўдакія Рыгораўна з сяброўкамі па няшчасці прабыла ў палоне. Дзяўчаты кожны дзень чакалі вызвалення або моманту, каб уцячы – хадзілі чуткі, што свае ўжо блізка. Жанчына ўспамінае:

– Немец, які нас на работу будзіў, папярэджваў: не ўздумайце пакуль бегчы – вакол вайна, вас пераб’юць. Мы ўжо клункі сабралі – падрыхтаваліся, толькі куды ўцякаць – не ведалі. Немцы ж у адным споднім уцякалі. А колькі загінула – і ворагаў, і нашых! Одар чырвоны ад крыві быў…

Еўдакія бачыла гэта, калі дахаты вярталася: везлі іх дадому на грузавой машыне, а ўздоўж дарогі трупы ляжалі. Шмат трупаў…

Двойчы шчаслівая

Вайна скончылася. Усе прыбараўцы, якіх, як і Еўдакію, немцы вывезлі ў Германію, вярнуліся ў родную вёску.

– Ехалі з дзяўчатамі дадому і не ведалі, ці чакае хто, – расказвае былы вязень. – Вырашылі: калі нікога не знойдзем, разам утрох будзем жыць. Але і хата цэлая засталася, і ў хаце…

Праз некалькі месяцаў у Прыбарава прыехаў Якаў Сігалёў – знайшоў Еўдакію, як і абяцаў! Толькі яна ўжо з пагранічнікам Мішам Артамонавым сябравала, замуж за яго збіралася.

Яша настойліва зваў Еўдакію з сабой – у Пензенскую вобласць. Аднак маці дзяўчыны сказала, як адрэзала: “Мая донька нікуды не паедзе!”

– Дый і я не згадзілася: была ў Германіі – хопіць. Больш нікуды не паеду! – паставіла яна кропку ў нялёгкім выбары паміж каханым і радзімай.

Якаў паехаў дадому ні з чым, а Міхаіл і Еўдакія пажаніліся. Жылі маладыя ў бацькоўскай хаце Еўдакіі, дзе ў хуткім часе па падлозе забегалі маленькія ножкі спачатку сына Славіка, потым – дачушкі Валечкі і малодшанькага Толіка

– Добры Міша быў чалавек і муж, – гаворыць Еўдакія Рыгораўна. – І жылі мы з ім – лепш не трэба!

Аднак не доўга яна радавалася свайму шчасцю: калі Валечцы споўнілася дзевяць гадкоў, Міхаіл захварэў і памёр…

Як спраўляцца адной з трыма дзецьмі на руках? Не паспела Еўдакія знайсці адказ на гэтае пытанне, як жыццё зрабіла новы паварот: з паўторнай прапановай рукі і сэрца да яе прыехаў Якаў Сігалёў. Еўдакія не мела ні сіл, ні жадання яму адмовіць – і ў хуткім часе зноў выйшла замуж і нарадзіла сыночка Сашку.

– Пашанцавала мне і з Яшам, – дзеліцца жанчына. – Ён выгадаваў маіх дзяцей, ніколі не дзяліў іх на сваіх і чужых, на ногі паставіў. Працаўнік быў, гаспадарку вялікую трымалі… Для Валі і Толіка ён быў татам, а старэйшы сын Славік з павагай называў яго Іванавіч.

– Людзі казалі: ой, Дуська, шчаслівая ты! Не паспела аднаго пахаваць – другі падкруціўся. Зайздросцілі, – робіць выснову Еўдакія Рыгораўна Сігалёва. – А я спакойна слухала – і проста радавалася, што жыву…

Шмат з таго, што адбывалася ў яе жыцці, вязень фашысцкіх канцлагераў Еўдакія Рыгораўна Сігалёва расказаць не можа – гады ўсё ж накладваюць свой адбітак. Аднак усё, што давялося перажыць за чатыры гады ваеннага ліхалецця, яна памятае да драбніц. Таму што такія шнары не зацягваюцца – і кожны год вясеннімі днямі сакавітай майскай квецені баляць і крываточаць. І Еўдакія Рыгораўна зноў і зноў просіць у Бога аднаго: каб неба над усімі намі заўсёды было чыстым і каб ніколі не было вайны.

Текст:
Фото: Ольга Хотянович