Вызначаны пераможцы конкурсу "Астравеччына, край дарагі"

08:55 / 09.03.2011
3

Чарговы фотаконкурс на сайце “Астравецкай праўды” ostrovets.by, якому мы далі назву “Астравеччына, край дарагі” праходзіў, можна сказаць, драматычна. Скажам шчыра: былі ў калектыву рэдакцыі нават сумненні, ці зможам мы падвесці вынікі…


Справа ў тым, што пасля яго аб’яўлення толькі два аўтары адгукнуліся і прадставілі на конкурс свае фотаработы: Іван Дзятловіч даслаў “Адзінокі дуб”, а Марына Пілецкая – фота храма Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Астраўцы. І доўгі час панавала зацішша…
Ажно да таго моманту, пакуль на сайце не адкрывалася галасаванне – вось тады і пасыпаліся здымкі розных аўтараў і родных мясцін. І нават у апошнія дні лютага некаторыя цікавіліся: ці можна яшчэ даслаць на конкурс фотаздымак? Таму, забягаючы наперад, хочацца параіць: нават памятаючы пра агульную звычку рабіць усё ў апошні момант, усё ж лепш творы на конкурс прысылаць загадзя. Па-першае, так у іх будзе больш шансаў перамагчы, а па-другое, сам конкурс будзе праходзіць больш дынамічна. Было крыху крыўдна, што цікавыя здымкі Яўгенія Ясевіча, якія з’явіліся на сайце ў ліку апошніх, не паспелі стаць пераможцамі…
Што тычыцца самога галасавання, то тут сітуацыя была непрадказальная. Спачатку наведвальнікі сайта галасавалі, на мой погляд, па прынцыпу: гэта мае родныя мясціны – яны, канешне ж, самыя лепшыя! Як шчыра напісаў у сваіх каментарыях адзін з наведвальнікаў сайта, “Галасую за фота Рэгіны Дрэма “Зімовая раніца ў Ліпках” (бо жыву ў Ліпках)”. Тое, што гэта конкурс фотаздымкаў, а не самых прыгожых мясцін Астравеччыны, некаторымі пад увагу не бралася. Таму доўгі час лідары галасавання мяняліся: наперад выходзіў то Гервяцкі касцёл, то Міхалішкі, то царква ў Астраўцы…
Сітуацыя змянілася, калі на сайце з’явіліся тры здымкі Жанны (прозвішча аўтара нам пакуль невядома) “Успаміны аб леце. Мясціны Янаўскага вадасховішча”, “Зімовае ўбранне” і “Вячэрняе неба над Астраўцом” – яны вельмі хутка сталі набіраць галасы і неўзабаве дружна апынуліся, адзін за адным, у тройцы лідараў.
Але і гэта не было канчатковым рашэннем: фота Насці “Спакой” хоць і з’явілася на сайце ўжо ў лютым, у пешыя ж дні вырвалася ў лідары. Праўда, пратрымалася на першай прыступцы рэйтынгу нядоўга: неўзабаве фота ад Жанны зноў абышлі ўсіх канкурэнтаў і да заканчэння галасавання, хоць і з невялікім адрывам, трымаліся на верхніх радках рэйтынгу. У выніку галасавання наведвальнікаў адзін з іх – “Успаміны аб леце” – і стаў пераможцам конкурсу па версіі наведвальнікаў сайта.




Але рэдакцыя абяцала, што ў гэтым конкурсе будзе два пераможцы: другога вызначыць рэдакцыйнае журы. Па яго меркаванню, лепшай работай, прадстаўленай на конкурс “Астравеччына, край дарагі”, стала фота “Адзінокі дуб” Івана Дзятловіча – не проста прыгожы, а вельмі цікавы, можна сказаць, філасофскі здымак. Які аўтар дапоўніў яшчэ і гісторыяй стварэння: «Гэта адзінокі дуб, які расце ля дарогі “Малі-Варона”. У гэтай работы ёсць свая гісторыя, хай сабе і маленькая. Паўтара года я перыядычна, прыкладна раз у тыдзень, праязджаў каля гэтага дрэва – такога адзінокага, такога сумнага… Дуб быў апрануты ў жоўтую карону… Пакрыты маладымі лістамі… Каля яго ног то каласілася залатая ніва, то ціха шапацела трава… Дождж абмываў яго сукі – у розны час сутак, у розную пару года… І вось, нарэшце, адбылося – я яго сфатаграфаваў!..”
Такім чынам, пераможцамі фотаконкурсу “Астравеччына, край дарагі…” прызнаны Жанна і Іван Дзятловіч. Просім іх звязацца з рэдакцыяй для атрымання ўзнагарод.


Ніна РЫБІК.