Вядомыя паэты Дранько-Майсюк і Акулін завіталі на Астравеччыну

15:42 / 04.03.2011

Для астравецкіх жанчын свята 8-га Сакавіка наступіла намнога раней вызначанай даты. І нават раней, чым іх павіншавалі на рабоце калегі па працы. Прынамсі, для тых з іх, хто ў першы дзень вясны прыйшоў у цэнтральную раённую бібліятэку на сустрэчу з вядомымі беларускімі паэтамі Леанідам Дранько-Майсюком і Эдуардам Акуліным.


Так ужо сталася, што пераважная частка гасцей на падобных сустрэчах – жанчыны. Так было і на гэты раз. І ў гэты дзень, пад акампанемент разамлелых вясновых капяжоў, распешчаныя далікатна-пяшчотным сакавіцкім сонейкам, яны выслухалі столькі кампліментаў, цёплых слоў у свой адрас, колькі і на жаночае свята, на жаль, чуць не заўсёды і не ўсім даводзіцца. Ды яшчэ ад каго – ад такіх прыгожых, галантных, рамантычных мужчын, прызнаных майстроў паэтычнага слова, аўтараў не адной кніжкі! Якія, напэўна, калі і прызнаюцца ў каханні, то выключна вершамі – для цябе, адной-адзінай, напісанымі! І хоць цвярозым розумам жанчыны разумелі, што не ўсё са сказанага ў іх адрас –  чыстая і абсалютная праўда, але ж, што грэх таіць,  – было прыемна і радасна. І, напэўна, кожнай хацелася хоць на хвіліну адчуць сябе каханай, якой муж кожны год дорыць кветкі не толькі на дзень нараджэння і 8-га Сакавіка, але яшчэ і на дзень першага пацалунку – прыгожую пунсовую ружу, як Эдуард Акулін сваёй каханай жонцы…
У той дзень у чытальнай зале бібліятэкі гучалі вершы і расповеды, цудоўныя, пранікнёныя песні ў выкананні Эдуарда Акуліна, пытанні і адказы на іх… А затым выстраілася чарга, каб набыць кніжкі паэтаў і атрымаць ад іх аўтографы. Тым больш, што для кожнай жанчыны паэты знаходзілі самыя лепшыя, самыя пранікнёныя, толькі ёй адрасаваныя словы. Якія  разам з лірычнымі вершамі,  думаецца, стануць цудоўным падарункам для кожнай жанчыны…


Ніна ПАЛЕСКАЯ.