Внештатные авторы “Островецкой правды» – о себе и газете

08:17 / 05.05.2019
Якімі б спрытнымі ні былі журналісты, любому СМІ цяжка абысціся без пазаштатных аўтараў – людзей з гушчыні жыцця, апантаных адной ці некалькімі тэмамі, якія раскажуць, падкажуць, параяць – а часта ўзвальваюць на сябе журналісцкія абавязкі: бяруць інтэрв’ю, робяць рэпартажы, даследуюць гісторыю – і часам не менш паспяхова, чым тыя, хто шмат гадоў працуе ў рэдакцыі. 

У іх 5 мая  таксама пра­фесійнае свята – Дзень друку. І з гэтай нагоды мы вырашылі задаць некалькім актыўным пазаштатным аўтарам, без якіх «Астравецкая праўда» не была б такой, якой яна з’яўляецца сёння,  пяць пытанняў аб галоўным.


1. Як і з чаго пачалося ваша супра­цоўніцтва з «АП»? Памятаеце сваю першую публікацыю?

2. Калі-небудзь узнікала жаданне стаць штатным супрацоўнікам рэдакцыі?

3. Ці лічыце вы Дзень друку сваім святам?

4. Вы чытаеце «Астравецкую праўду»? Чаго, на ваш погляд, не хапае нашай газеце – ці, наадварот, чаго ў ёй зашмат? Што варта змяніць, каб газета стала лепшай?

5. Чаго б вы пажадалі напярэдадні пра­фесійнага свята газеце, журналістам і чытачам?

Іаланта Валуевіч, краязнаўца, пенсіянерка, в. Спонды

Валуевіч 003.jpg



1 Як ні дзіўна, але добра памятаю сваю першую публікацыю ў «Астравецкай праўдзе». Заметка «Ка­лектыўнымі намаганнямі», у якой я расказвала пра вопыт аб­слу­гоўван­ня работнікамі культуры Спондаўшчыны аддаленых вёсак, з’явілася ў раён­най газеце ў 1985 годзе.  Зараз перачытала яе – і падзівілася, якой я тады была «ідэйнай». Зрэшты, напэўна, як і ўсе ў той час… 

Потым было яшчэ пару заметак у 2002 годзе. А сур’ёзнае супрацоўніцтва пачалося з 2003 года. Добра памятаю, як нясмела прынесла ў рэдакцыю краязнаўчую замалёўку пра возера Глухое – і выпадкова сустрэлася з галоўным рэдактарам. Ніна Рыбік, глянуўшы яе мімаходзь, сур’ёзна сказала: «Вы пішыце, у вас добра атрым­ліваецца!»  Гэтыя словы дапамаглі мне  паверыць у свае сілы. І, дзякуючы  аўтарытэтнай падтрымцы Ніны Аляксееўны, я не траціла дарма час, а даследавала гісторыю свайго краю, адшукала многа таленавітых людзей, пазнаёмілася з выбітнымі асобамі – і мела магчымасць расказаць пра ўсё гэта на старонках раённай газеты.

2 Пра тое, каб працаваць у газеце, у мяне нават думкі ніколі не ўзнікала! 

А вось павага да супрацоўнікаў рэдакцыі была заўсёды: журналісты для мяне – людзі асаблівыя, тонкай духоўнай арганізацыі, таленавітыя, вытанчаныя, дасведчаныя, разумныя. У маладосці сябравала з журналісткай Ліліяй Місуна – і ганарылася гэтым: глядзела на яе знізу  ўверх у прамым і пераносным сэнсе. 

3 Ці лічу Дзень друку сваім святам? Калі па-шчырасці, то ў глыбіні душы – так! Але толькі ў душы – не дарасла…

4 «Астравецкую праўду» чытаю ўсё свядомае жыццё. Са школьнага ўзросту дома, разам з бацькамі, а пасля з 16-ці гадоў, як стала працаваць у бібліятэцы, то не толькі чытала ад першага да апошняга радка, але і распісвала артыкулы для краязнаўчай картатэкі. Апошнія гады, праўда, чытаю ў электронным варыянце – і вельмі цешуся, што ёсць такая магчымасць: дзякуючы гэтаму, нашу «раёнку» чытаюць мае сябры ў Расіі, Літве,  Латвіі, Паўночнай Асеціі – ва ўсім свеце! 

Не ведаю, ці можа быць газета яшчэ лепшай. Яна  ахоплівае ўсе  сацыяльныя пласты  насельніцтва, мае шмат цікавых праектаў. На маю думку, галоўнае – не згубіць  тыя грунтоўныя набыткі, якія напрацаваны за апошнія дзесяцігоддзі.

5 Цяжка штосьці жадаць таму, хто мае усё: таленавіты штат, перамогі калектыўныя і індыві­дуальныя,  дыпломы, узнагароды, прызнанне чытачоў. 
Газеце жадаю пашырэння межаў запатрабаванасці і павелічэння коль­касці падпіс­чыкаў. Журналіс­там – не траціць творчы запал, не баяцца вострых тэм, выказваць і адстойваць сваю аўтарскую пазіцыю, «у праўдзе сваёй ісці да канца». Яшчэ жадаю ўзаемаразумення і ўзаемнай павагі паміж чытачамі і журналістамі. Новых перамог, моцнага здароўя ўсім  – і быць на вышыні заўсёды і ўсюды!

Алег Клюшын,  майстар электрычнага цэха Беларускай АЭС

Клюшин.jpg



1 Маё супрацоўніцтва з «Астравецкай праўдай» пачалося ў 2016 годзе, калі я прыехаў у Астравец на новае месца працы. Да таго часу я быў ужо не навічком у журналістыцы: супрацоўнічаў з Камянецкай і Бярозаўскай раённымі газетамі Брэсцкай вобласці, а таксама з прыватным шахматным сайтам. Мяне найбольш цікавіць спартыўная тэматыка, таму і публікацыі былі ў асноўным па гэтым напрамку. Магу нават пахваліцца пэўнымі дасягненнямі: у 2016 годзе быў узнагароджаны дыпломам Нацыянальнага алімпійскага камітэта за актыўны ўдзел у рэалізацыі праекта «Лёс спартыўны». Не палічыце за нясціпласць, але для пазаштатнага аўтара гэта з’ява выключная.

Першы матэрыял на Астравеч­чыне таксама быў прысвечаны спартыўнай тэматыцы: хацелася не толькі развіваць, але і папулярызаваць спорт на Беларускай АЭС. Пасадзейнічаў гэтаму начальнік інфармацыйнага цэнтра нашага прадпрыемства Эдуард Свірыд, які публікаваў мае першыя артыкулы ў сацыяльных сетках, а затым пазнаёміў мяне з калектывам рэдакцыі «АП». 

2 Так, працаваць у штаце рэдакцыі хацелася. Больш таго: у тым жа лёсавызначальным для мяне 2016 годзе мая кандыдатура разглядвалася ў якасці патэнцыяльнага галоўнага рэдактара газеты «Навіны Камянеччыны». Але быў зроблены іншы выбар…

Не скажу, што моцна шкадую аб гэтым. У пазаштатнага аўтара ёсць поўная свабода дзеянняў: ён незалежны ў выбары тэмы, мае магчымасць працаваць, што называецца, для душы і нават дазваляць сабе «творчыя адпачынкі» – штатныя журналісты пра такую раскошу нават марыць не могуць. У магчымасці адчуць сябе «вольным мастаком» і заключаецца асноўная перавага статусу пазаштатнага аўтара.

3 Журналістыка – мая другая прафесія, таму, безумоўна, лічу Дзень друку сваім святам.

4 «Астравецкую праўду» чытаю рэгулярна, праглядваю сайт газеты, тэлеперадачу «ТВой Астравец».

Што тычыцца непасрэдна газеты, то хацелася б, каб больш надавалі ўвагі навінам і падзеям мясцовага ўзроўню, хоць бы за кошт скарачэння тэлепраграмы – мне здаецца, што зусім неабавязкова друкаваць столькі каналаў.

5 Журналістам жадаю натхнення і творчых дасягненняў. Чытачам – увагі і аб’ектыўнага падыходу да газеты, бо для любога аўтара нават «дызлайк», крытыка лепш, чым адсутнасць інтарэсу ў чытача.

І ўсім моцнага здароўя, удачы на ўсіх жыццёвых франтах, даб­рабыту.

Ганна Мілашэвіч, пенсіянерка, в. Вялікая Страча:

A2 031.jpg



1 У лютым 2013 года загадчыца нашага вясковага клуба запрасіла мяне паўдзельнічаць у выставе «Залатыя рукі нашых землякоў», якая праводзілася ў рамках фестывалю творчасці ветэранаў вайны і працы «Мы яшчэ маладыя душой». Я прывезла на выставу свае фотаздымкі, вершы і апавяданні, сабраныя ў невялікую самаробную кніжку.

На выстаўцы я сустрэлася з Таісай Сямёнавай – на той час яна працавала ў рэдакцыі «Астравецкай праўды». Таіса Сямёнаўна высока ацаніла мае фотаздымкі, а калі прачытала вершы і апавяданні, то параіла даслаць іх у рэдакцыю. Праз нейкі час нешта з дасланага з’явілася на старонках газеты. Так і пачалося наша супрацоўніцтва з «раёнкай».

2 Не, у рэдакцыі працаваць я нават не марыла – лічу, што для гэтага патрэбна спецыяльная адукацыя. З мяне дастаткова, што з’яўляюся няштатным аўтарам «Астравецкай праўды» –  вельмі ганаруся гэтым статусам!

3 Так, мне здаецца, што Дзень друку ў пэўнай ступені і маё свята: некаторыя мае творы час ад часу з’яўляюцца на старонках газеты, людзі іх чытаюць, гля­дзяць, аналізуюць…

4 Не падабаецца, што ў раённай газеце вельмі шмат рэкламы – хоць я і разумею, што без грошай, якія прыносяць рэкламадаўцы, выданню не пражыць.

Хочацца, каб часцей выходзілі «Літаратурныя старонкі», змяшчаліся вершы, аповесці і апавяданні нашых землякоў.

Хоць у цэлым «Астравецкая праўда» – добрая газета, наша сям’я пастаянна яе выпісвае і з задавальненнем чытае.

5 Напярэдадні свята хачу пажадаць «Астравецкай праўдзе» заставацца цікавай і любімай чытачамі газетай, а журналістам – поспехаў у іх нялёгкай працы, цікавых артыкулаў і герояў.

Текст: Нина Рыбик