Што “пасадзім” на кальцы?

09:21 / 04.05.2019
Падчас рэспубліканскага суботніка кіраўніцтва райвыканкама, арганізацый і прадпрыемстваў добраўпарадкавала аўтамабільнае кальцо на ўездзе ў Астравец з боку вуліцы Бялькішкі. У суседства да стройных туй так і просіцца якая-небудзь скульптура ці памятны знак.

У астраўчан і гасцей горада наш карэспандэнт пацікавіўся, што яны  хацелі б там бачыць.

Ганна Урбановіч, пенсіянерка: 

– Хочацца, каб там з’явілася  сімвалічная скульптура ці кампазіцыя, якая адначасова адлюстроўвала б багатую гісторыю нашага горада і яго імклівае развіццё. Мне здаецца, што для гэтага найлепш  падыходзіць дуб – па-першае, ён адлюстраваны на гербе нашага горада, па-другое, гэтае дрэва сімвалізуе моц, сілу і даўгалецце. Летась мы святкавалі 550-годдзе Астраўца – няхай ён жывё і квітнее яшчэ столькі ж і нават больш!

урбановічч.jpg


Раіса Казачэнка, галоўны бухгалтар:

– Я люблю Астравец. Ён па праве можа лічыцца зялёным горадам. Думаю, што найлепш на кальцы будзе паставіць фігуру якога-небудзь дрэва – кампазіцыя павінна быць ажурнай, бо там кругавы рух аўтатранспарту, таму не варта забываць пра бяспеку. 

Казачэнка.jpg


Міхаіл Бандарчукіндывідуальны прадпрымальнік:

– Гэтым пытаннем павінны займацца прафесіяналы. Але важна, каб памятны знак ці кампазіцыя,  што там будуць змешчаны, не адцягвалі ўвагі вадзіцеляў і не засланялі агляд дарогі. Мне здаецца, найлепш для гэтага падышла б выява нашага герба – кампактна, лаканічна і сімвалічна!

Бандарчук.jpg


Ірына Мілейша, санітарка:

– Мы ехалі з суботніка, падчас якога наводзілі парадак на тэрыторыі новай бальніцы, і бачылі, як папрыгажэла гэтае аўтамабільнае кальцо. Там  сапраўды нечага не хапае! А вось чаго – складанае пытанне. Хацелася б, каб памятны знак увасабляў у сабе сувязь горада і атамнай энергіі, усё ж Астравеччына – першае і адзінае месца ў Беларусі, дзе будуецца атамная электра­станцыя. 

мілэйша.jpg


Ірына Цвірко, пенсіянерка:

– У тым  мікрараёне Астраўца даўно не была, таму  не вельмі ўяўляю, пра што ідзе гаворка. Каменныя скульптуры, устаноўленыя ў нашым горадзе некалькі гадоў таму падчас пленэру, мне падабаюцца, яны ўжо сталі своеасаблівай візітнай карткай Астраўца: «Хлопчык-дубочак», «Чалавек ідзе»… Мне здаецца, нешта кшталту гэтага можна было б усталяваць і на кальцы. Але гэтым павінны займацца спецыялісты – ім лепш відаць.

цвірко.jpg


Текст:
Фото: Алёна Ганулич