4 сакавіка адзначаецца Дзень міліцыі

09:12 / 03.03.2011
Мара збылася

Андрэй Іосіфавіч Матулевіч працуе ў Астравецкім аддзеле ўнутраных спраў нядаўна – няпоўныя два гады. Ён займае пасаду першага намесніка начальніка РАУС, у абавязкі якога ўваходзіць работа з дакументамі і з асабовым саставам. Аднак, напэўна, нямногія ведаюць, што за яго плячыма – больш за дзесяць гадоў стажу службы ў праваахоўных органах,  дзе былі і раскрыццё сур’ёзных злачынстваў, і вышук крымінальных аўтарытэтаў, і барацьба з карупцыяй.


З пытаннем – кім ён хоча стаць? –   Андрэй з недзіцячай сур’ёзнасцю вызначыўся яшчэ ў  юным узросце: толькі міліцыянерам! З захапленнем глядзеў фільмы пра супрацоўнікаў праваахоўных органаў і марыў: калі вырасце, абавязкова будзе, як і любімыя кінагероі, змагацца за справядлівасць і дапамагаць людзям. Асабліва хлопцу падабаўся Глеб Жаглоў з серыяла “Месца сустрэчы змяніць нельга”, які так і застаўся яго  кумірам на ўсё жыццё, таксама яго цiкавяць саундтреки к сериалам.
Ішоў час, а рамантыка і жаданне стаць міліцыянерам не праходзілі. І Андрэй пачаў сур’ёзна рыхтавацца да паступлення – ужо з 9 класа добра ведаў, якія іспыты прыйдзецца здаваць, і старанна “налягаў” на патрэбныя прадметы. І пасля паступіў у Магілёўскую школу міліцыі. Так у сям’і Матулевічаў, у якой ніколі не было прадстаўнікоў праваахоўнай дзейнасці, з’явіўся першы міліцыянер.
У 20 гадоў Андрэй ужо працаваў оперупаўнаважаным у крымінальным вышуку. Пасля была завочная вучоба ў Акадэміі МУС, цікавая і насычаная самымі рознымі падзеямі праца старшага оперупаўнаважанага ў Галоўным упраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй у Мінску, пасада начальніка крымінальнага вышуку ў родных Ашмянах… А сёння – Астравец.
–Шчыра кажучы, мне прыемна жыць і працаваць у Астраўцы, – гаворыць Андрэй Іосіфавіч. – Больш  за ўсё радуе, што людзі тут больш свядомыя ў параўнанні нават з суседнім раёнам, не кажучы ўжо пра сталіцу. А менавіта ад гэтага ў многім залежыць, наколькі шмат работы ў супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Наогул, у нас у міліцыі ёсць агульны дэвіз: законнасць, справядлівасць, гуманнасць. І вельмі прыемна, калі яго прытрымліваюцца і акружаючыя людзі.
Напярэдадні прафесійнага свята першы намеснік начальніка РАУС выкарыстаў момант сустрэчы з журналістам, каб павіншаваць супрацоўнікаў.
–Ад імя ўсяго кіраўніцтва раённага аддзела хочацца павіншаваць усіх супрацоўнікаў міліцыі. І ў першую чаргу – нашых былых работнікаў, якія аддалі не адзін год свайго жыцця ахове спакою грамадзян. Гэта А.І. Тумашчык, І.І. Тухта, Т.С. Даўляш, П.І. Азевіч, І.С. Матвейчык, В.Г. Маўрына, А.І. Дудко, С.Б. Александровіч, С.І. Мацкевіч, С.В. Шэін і многія іншыя, чые заслугі, вопыт і прафесіяналізм доўга будуць служыць цудоўным прыкладам для цяперашняга пакалення. Усім супрацоўнікам і ветэранам жадаю моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, разумення і падтрымкі з боку блізкіх людзей, менш трывожных сітуацый на рабоце, надзейнага тылу і ўсяго найлепшага. А яшчэ напярэдадні Восьмага Сакавіка хочацца павіншаваць з гэтым цудоўным вясеннім святам жанчын – як нашых супрацоўніц, так і наогул усіх прадстаўніц прыгожай паловы.



Лэдзі ў пагонах

Згадзіцеся, што пры словах “супрацоўнікі міліцыі” ўяўленне большасці хутка малюе высокага статнага мужчыну ў форме. Ну каму ж яшчэ сачыць за парадкам на нашых вуліцах, абараняць закон? Тым не менш, ёсць у радах раённых праваахоўнікаў і прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва, пра адну з якіх і пойдзе гутарка далей. Знаёмцеся: старшы інспектар групы па грамадзянству і міграцыі, адказны работнік і проста прыгожая дзяўчына Наталля Анімуцкая.


Спачатку Наталля не магла вызначыцца з выбарам прафесіі. З аднаго боку, ёй падабалася працаваць з дакументамі. А з іншага – з самага дзяцінства ў дзяўчыны выклікалі захапленне людзі ў форме. І ў марах яна таксама бачыла сябе ў форме. Аднак мары марамі, а пасля школы Наташа вырашыла паступаць на сацыёлага. “Канешне, не форма з пагонамі, але таксама прафесія нядрэнная”, – думалася дзяўчыне. Ды, пэўна, лёс вырашыў усё ж  не збіваць яе з правільнага шляху – у выніку на абраны факультэт яна не паступіла.
–Ну што зробіш? Прыйшлося са слязамі на вачах ісці вучыцца ў Ашмянскі каледж. А пасля і вышэйшую адукацыю атрымала –  скончыла юрфак Гродзенскага ўніверсітэта імя Я.Купалы. У міліцыю ўладкавалася працаваць. Пачынала я са старшага інспектара групы рэжымна-сакрэтнай дзейнасці. Там у асноўным была работа з дакументамі – такім чынам, я трапіла ў сваю стыхію. Адпрацавала каля пяці гадоў. Здаецца, і задавальняла ўсё, і падабалася мне тая папяровая работа, але… Гэта была грамадзянская пасада, а хацелася ўсё тую ж форму, пагоны…
Вось так Наталля, хоць і невялікімі крокамі, але цвёрда і мэтанакіравана ішла да сваёй мары. І перыядычна цікавілася ў аддзеле кадраў: можа, якая-небудзь вакансія з’явілася?
Праз некаторы час яе адданасць мары была ўзнагароджана – у тады яшчэ пашпартна-візавую службу патрабаваўся супрацоўнік. Але перш дзяўчыну чакала сапраўднае выпрабаванне – курсы маладога байца. На працягу трох месяцаў яна з іншымі курсанткамі бегала, страляла, адпрацоўвала страявую.
–Ці было цяжка? Зараз, канешне, можна і з усмешкай успамінаць. А тады… Ніколі не забуду першы дзень – лета, спякота, а мы на абцасах па пляцы маршыруем. Ды і пасля ўспамінаў хапала. У дзень па 4 кіламетры бегалі – а я больш за ўсё бег не любіла. Але нічога, неяк перамагла сябе і вытрымала. Затое зараз загартоўка з’явілася. Мае родныя пасля гаварылі: “Ну ты і ўпёртая, калі захацела чагосьці – ідзеш да канца, нават фізічныя нагрузкі цябе не спынілі.”
Зараз Наталля – старшы інспектар групы грамадзянства і міграцыі. І тая жаданая форма, пра якую яна так марыла, сапраўды вельмі пасуе дзяўчыне. Ды і работа ёй таксама падабаецца.
–Па сутнасці, работа ўсё тая ж – з дакументамі, цікавая, але адначасова і вельмі адказная. Прыходзіцца больш мець справу з людзьмі. І далёка не ўсе з іх прыветліва і добразычліва настроены. Але мы стараемся зрабіць усё магчымае, каб кожны чалавек выходзіў, задаволены тым, што мы вырашылі яго пытанне. Усё для людзей – вось такі наш асноўны прынцып работы.
Яшчэ Наталля вельмі любіць падарожнічаць. А па жыцці стараецца быць аптымістам і ніколі не падаць духам. Можа, таму і атрымліваецца дасягаць таго, аб чым марыла?



Праваахоўныя фінансісты

Хтосьці можа сказаць, што супрацоўнікі гэтага аддзела не маюць ніякіх адносін да праваахоўных органах. Маўляў, і спецыфіка работы тут зусім іншая, і крыміналістыкай зусім не пахне – тут нават міліцэйскую форму не носяць! Аднак непасрэдна самі работнікі справядліва  лічаць сябе адным цэлым з раённай міліцыяй. Гэта лішні раз пацвярджае і назва – традыцыйны для ўсіх іншых арганізацыях фінансавы аддзел тут называецца фінансавай часцю.


У гэтым кабінеце пануюць не раскрыццё злачынстваў, не збор доказаў, не вочныя стаўкі і не допыты, а дэбет, крэдыт, разлік эканоміі, фактычныя справаздачы і іншае. Адным словам – бухгалтэрыя. І напэўна, ніводзін, нават самы вопытны і смелы, крыміналіст ці опер не ў стане пазмагацца з гэтым наборам цяжкай лічбава-фінансавай артылерыі. А вось дзве жанчыны – гаспадыні гэтай самай часці – начальнік фінансавай часці Яніна Францаўна Цехановіч і вядучы бухгалтар Ірэна Чаславаўна Лісоўская  – з лёгкасцю, без сілавых прыёмаў і метаду дэдукцыі з гэтым спраўляюцца. І ў выніку іх стараннай працы кожны месяц у адпаведны дзень міліцыянеры атрымліваюць зарплату.
–Сапраўды, наша праца далёкая ад дзейнасці калег, з якімі працуем побач. У іх – барацьба са злачыннасцю, у нас – планаванне і размеркаванне фінансавых затрат, вядзенне бухгалтэрыі. Але кожны дзень мы бачым іх цяжкасці і праблемы, радасці і ўзнагароды. І таму ўсе мы – адно цэлае,  адзіная сістэма, дзе кожны выконвае свае абавязкі. А калектыў у нас добры. Мужчыны – іх, вядома, больш – карэктныя, адносяцца з павагай і, калі ўзнікаюць складаныя моманты – з разуменнем. Таму нам вельмі прыемна працаваць у такой атмасферы і, калі ёсць такая нагода, налічваць нашым мужчынам прэміі.
Яніна Францаўна і Ірэна Чаславаўна працуюць разам у праваахоўных органах ужо сямнаццаты год. І кожны год разам з усім міліцэйскім саставам аддзела ўнутраных спраў святкуюць Дзень  беларускай міліцыі. І лічаць яго самым што ні ёсць прафесійным святам – нават большым, чым дзень фінансавага работніка.



Прафесія – следчы

Візітная картка:
Імя, прозвішча: Аляксандр Яскевіч.
Месца працы: райаддзел унутраных спраў.
Пасада: следчы.
Адукацыя: Акадэмія МУС, следча-экспертны факультэт.
Галоўныя прынцыпы работы: “Да кожнага чалавека трэба адносіцца па-чалавечы” і “Работу трэба выконваць добра і да канца”.

–Следчы... У чым заключаецца спецыфіка яго работы?
–Як правіла, следчы з’яўляецца галоўным у аператыўнай групе, у якую ўваходзяць участковы інспектар, супрацоўнік вышуку і іншыя спецыялісты, якія выязджаюць на месца злачынства. Ён арганізуе іх работу – напрыклад, хтосьці збірае матэрыялы, нехта праводзіць апытанне і гэтак далей. Ну і сам непасрэдна ўдзельнічае ва ўсёй гэтай рабоце.
–І даўно працуеце на гэтай пасадзе?
–З 2005 года, як толькі скончыў Акадэмію МУС. Праўда, з паступленнем цэлая гісторыя атрымалася. Справа ў тым, што у той год у акадэмію быў вельмі вялікі конкурс – 10 чалавек на месца. Па балах я праходзіў, але гэтага аказалася недастаткова. У выніку – “праляцеў”. А ў тым жа годзе адкрывалі вышэйшы каледж МУС. Розніца з Акадэміяй – адзін год навучання. Туды я нават экзаменаў не здаваў – адразу па балах прайшоў. Адвучыўся два гады, а пасля нас на адпаведны курс у Акадэмію перавялі. І заканчваў ужо гэтую ўстанову.
А затым сюды працаваць прыйшоў. Мне яшчэ на размеркаванні сказалі, што буду працаваць следчым. Так яно і атрымалася.
–Няўжо вы заўсёды марылі стаць міліцыянерам?
–Ой, шчыра кажучы, ужо і не памятаю, кім я там хацеў стаць у дзяцінстве. А вось у больш свядомым узросце спачатку сур’ёзна хацеў на філалагічны паступаць. Здзіўляецеся? Я не жартую. Проста ў школе мовы добра даваліся. І мне заўсёды здавалася, што гэта вельмі цікава – вывучыць якую-небудзь мову дасканала. А пасля яшчэ “масла ў агонь падліў” сябар. Ён паступіў у БДУ на філфак з вывучэннем сербска-харвацкай мовы. Ну і давай расказваць, як там цікава, як яны штогод на практыку ў Сербію ездзяць і дзе падарожнічаюць, што бачаць. Я яшчэ больш загарэўся ідэяй таксама туды паступаць. Толькі вось ніяк з мовай вызначыцца не мог. А пасля раптам, сам не ведаю чаму, захацеў у міліцыю пайсці.
–І не шкадуеце, што ў свой час перадумалі?
–Ні кроплі. Работа мне падабаецца. Я нават ні ў якую іншую службу не хацеў бы пераходзіць, не гаворачы пра тое, каб кардынальна змяніць накірунак дзейнасці. У следстве складана, але цікава.
–Бачу, на стале ў вас – цэлы стос папер. Відаць, папяровай работы таксама хапае. Што ж тут цікавага?
–Тое, што бачыце на стале, – усяго адна справа, і гэта толькі мінімум. Сапраўды, лагічна думаць, што па ўсіх справах трэба праводзіць адны і тыя ж следчыя дзеянні. Аднак на практыцы выходзіць, што кожная справа адрозніваецца ад іншых. У адной – такія абставіны, у другой – іншыя нюансы. У выніку заўсёды атрымліваецца штосьці новае, назапашваецца вопыт. І гэта цікава.
Таксама прыходзіцца сустракацца і размаўляць з рознымі людзьмі – сведкамі, пацярпеўшымі, абвінавачваемымі. Бывае, што і дрэнным словам назавуць – як напрамую, так і за вочы. Толькі я не крыўджуся – работа ў мяне такая. Усё роўна, калі нешта здарыцца – у міліцыю ідуць і дапамогі просяць.
–Як аднесліся бацькі і сябры да выбару прафесіі міліцыянера?
–Сябры – нармальна. А бацькі ніколі не навязвалі мне прафесіі і заўсёды дазвалялі самастойна зрабіць выбар. Гэта маё жыццё, і мне вырашаць, кім быць і што рабіць.
–У вольны час чым любіце займацца – хобі, адпачынак для душы?
–Раней неяк разьбой па дрэву захапляўся – шкатулкі там розныя, карціны выразаў. Але гэта пакуль у школе вучыўся. У гімназіі і зараз на першым паверсе мае работы вісяць. А зараз, шчыра кажучы, і часу вольнага мала. Для сябе спортам займаюся – лёгкай атлетыкай.
–Плюсы і мінусы прафесіі?
–Мінусы, як я ўжо казаў – мала вольнага часу. З-за гэтага церпяць родныя і блізкія. А плюсы – прэстыж, стабільная зарплата і, што б там ні казалі, павага акружаючых. А яшчэ – стасункі з людзьмі і абставіны, пры якіх знаёмішся з цікавымі людзьмі, частка з якіх становіцца сябрамі.
–Калі “зялёным” выпускніком Акадэміі прыйшлі працаваць сюды, хто дапамагаў? Каго лічыце сваім настаўнікам?
–Ды шмат хто. Пры мне яшчэ працавалі і дапамагалі цяперашнія ветэраны – Мікалай Іосіфавіч Макей, напрыклад. А яшчэ, калі я толькі  прыйшоў, тут ужо працаваў мой сябар Сяргей Кумішча – вось ён мяне вельмі многаму навучыў і падказваў, што рабіць у складанай сітуацыі.
–Што хочаце пажадаць сваім калегам з нагоды прафесійнага свята?
–Дабрабыту, разумення сваіх блізкіх, моцнага здароўя і цярпення.


Матэрыялы падрыхтавала Марына МАЦКЕВІЧ.