О чем поет церковный хор

13:03 / 29.04.2019
Царкоўны хор – гэта музычны калектыў ці нешта большае? Хто стаіць на клірасе і як гэтыя людзі туды трапілі? Што адчуваюць прыхаджане ў храме, калі спявае хор царквы Святых апосталаў Пятра і Паўла?

За адказамі на гэтыя і іншыя пытанні журналіст «Астравецкай праўды» паднялася на клірас…

IMG_5462.jpg

Удзельнікі царкоўнага хору Святлана Радзько, Наталля Курыла, Аляксандр Лётчанка, Юрый Жэбіт


Дзе жыве благадаць?

– Што такое благадаць? – спытала мяне неяк мала­дзейшая калега.

І я не змагла знайсці слоў, каб апісаць пачуццё шчасця, свет­лай радасці, любові да ўсіх і кожнага: незнаёмага чалавека, прыдарожнай былінкі, дажджавога чарвяка, – якія раптам, без нейкай бачнай прычыны, запаўняюць душу – і пераліваюцца праз яе краі ачышчальнымі, жыцця­дай­нымі слязьмі, калі хочацца абняць увесь свет ці ўпасці ніц і, рас­пластаўшыся, дзякаваць Богу за шчасце жыць і зведаць адчуванне гэтага немагчымага шчасця…

Гэта вельмі асабістае, я б сказала, інтымнае пачуццё – напэўна, у некага для яго тлумачэння знойдуцца іншыя словы. Яно непрадказальнае, «непрыручаемае». Немагчыма нават самаму блізкаму чалавеку параіць: пайдзі ці паедзь туды, стань там, зрабі тое ці гэтае – і табе адкрыецца таямніца благадаці. 

У мяне гэтае адчуванне бес­прычыннага шчасця і ўсе­аб­дым­най любові найчасцей з’яў­­ляец­ца, калі я наведваю на­мо­ле­ныя стагоддзямі  мясціны – Жы­ровіцкі манастыр, да прык­ла­ду, ці царкву Еўфрасінні По­лацкай…

CRW_8802.jpg

Царква святых апосталаў Пятра і Паўла ў Астраўцы


Буду шчырай: у нашай царкве, дзе я бываю не сказаць каб кожную нядзелю, але трохі часцей, чым два разы на год, я, хоць і рабіла ўсё, што належыць: ставіла свечкі, малілася, спавядалася, прымала святое прычасце, – благадаці не адчувала…  

Пакуль аднойчы падчас Літур­гіі не пачула сто разоў да таго чутую «Херувімскую» ў новым выкананні. І… Слёзы пака­ціліся з вачэй, душа адарвалася ад цела – і паляцела некуды туды, за аблокі, дзе незямнымі галасамі спявалі херувімы – людзі, я была ўпэўнена, так спяваць не могуць!

…Потым, калі дайшла да памяці, стала распытваць: хто ж зараз спявае ў царкоўным хоры? Адвечная журналісцкая цікаў­насць падбухторвала па­знаёміцца бліжэй з гэтымі людзьмі – і расказаць пра іх нашым чытачам. І нарэшце айцец Георгій блаславіў мяне падняцца на клірас…

«Небажыхары»

…«Небажыхары» аказаліся звычайнымі людзьмі – некаторых з іх я нават ведала, праўда, у іншай якасці. 
Святлана Радзько – урач, загадчык тэрапеўтычнага аддзялення бальніцы. У мірскім жыцці працэдурнай медсястрой у тэрапеўтычным аддзяленні №2 працуе Наталля Курыла. А Юрый Жэбіт, выкладчык дзіцячай школы мастацтваў, – мой сусед па «чарнобыльскім» двары. Беларускую АЭС будуюць Юрый Палуйка, які працуе ў штаце заказчыка, і Аляксандр Лётчанка, які прадстаўляе генеральнага падрадчыка. Добра знаёмы прыхаджанам храма голас чытальніка Вадзіма Кузаева, які ў мірскім жыцці працуе хірургам. Час ад часу царкоўнаму хору дапамагаюць выкладчыкі школы мастацтваў Таццяна Собалева, Людміла Столяр, Марына Радкевіч, Аліна Чума.


– Галоўнае ў царкоўным хоры – духоўнасць, малітвенны настрой. Калі ты не проста спяваеш, а душой просіш «Госпадзі, памілуй», то людзі ў храме гэта чуюць – і гэтак жа, душой, моляцца разам з табой.

У кожнага з іх – свой шлях на клірас увогуле і на астравецкі – у прыватнасці. 
Юрый Палуйка, які прыехаў у Астравец з расійскага Майкопа, а да гэтага жыў ва Украіне, з трынаццаці гадоў спяваў у архіерэйскім хоры. 
З 1995 года на клірасе Аляксандр Лётчанка: спяваў у Валгадонску, Удомлі, Новаваронежы – усюды, дзе будаваў атамныя электрастанцыі, зараз вось – у Астраўцы.

З мясцовых «доўгажыхар» цар­коўнага хору – Святлана Радзько: яе некалі, пачуўшы, як яна спявае ў храме,  узяў за руку і прывёў на клірас светлай памяці айцец Павел Варановіч. 

А Юрыя Жэбіта гэтак жа, за руку, прывяла ў хор маці Святланы Уладзіміраўны Ганна Варэйка. Хоць да таго Юра, выкладчык музычнай школы па класе баяна, не падазраваў, што ўмее спяваць. А зараз яго ўжо і ў «Кемяліну» запрасілі: калі можаш спяваць у царкоўным хоры, то чаму не можаш у ансамблі?

Наталля Курыла родам з Любаншчыны. У свой час яна закончыла школу рэгентаў у Жыровіцкай семінарыі і меды­цынскі каледж. У Астравец яе прывёў лёс: на вяселлі сяброўкі-аднакурсніцы пазнаё­мілася з  будучым мужам. У іх, як і ў многіх астраўчан, змешаная сям’я: Віктар – католік, Наталля – праваслаўная. Але гэта не перашкаджае сямейнаму шчасцю. 

Вадзіма Кузаева запрасіў на клірас у якасці чытальніка айцец Георгій Савіцкі. Малады чалавек родам з Пастаў, з уцаркоўленай сям’і: дзядзька – святар, а маці, бабуля – шчырыя прыхаджанкі. 

дхщд.jpg



– Як вы навучыліся ТАК спяваць? – задаю пытанне, якое хвалюе мяне найбольш. – Адкуль гэта ў вас, звычайных лю­дзей, якія цэлы дзень на рабоце, а дома кожнага чакае сям’я і, пэўна ж, як і ва ўсіх – нервы, стрэсы, непаразуменні?

– Ой, што вы, – адмахваецца Святлана Уладзіміраўна. – Не рабіце нам сорамна. Мы не так добра спяваем, як хочацца і як трэба. Так, стараемся: збіраемся на спеўкі, падбіраем рэпертуар, які б адпавядаў нашым магчымасцям і патэнцыялу. Нот для кожнага твора шмат, але не ўсе нам падыходзяць, не ўсё можам праспяваць – мы ж звычайны царкоўны хор, нават не саборны…

– Разумееце, ёсць класіка, канцэртнае, акадэмічнае выканан­не царкоўных твораў, якое нам не падыходзіць, – уключаецца ў раз­мову Аляксандр Лётчанка. – Мне, да прыкладу,  вельмі не падабаецца, што ў некаторых храмах з кліраса гучыць не столькі малітва, колькі канцэртная праграма. Здаецца, і словы тыя ж – а нейкая «калінка-малінка» атрымліваецца: не маліцца хочацца, а ў скокі кінуцца…

– Галоўнае ў царкоўным хоры – не галасы яго ўдзельнікаў і нават не веданне нотнай граматы, а духоўнасць, малітвенны настрой. Калі ты не проста спяваеш, а душой просіш «Госпадзі, памілуй», то людзі ў храме гэта чуюць – і гэтак жа, душой, моляцца разам з табой, – тлумачыць Юрый Палуйка. 

…І мне здаецца, я разумею, пра што ён: я адчувала гэта, калі стаяла там, унізе, і без прычыны плакала… Не таму, што сэрцу баліць, – а таму, што ёсць яно…

Пачынальнікі

– У сённяшнім складзе наш хор спявае прыкладна паўтара года, – расказвае Святлана Уладзіміраўна. – Але ёсць у нас і другі склад – так павінна быць, бо ў кожнага ёсць асноўная праца, іншыя абавязкі, і немагчыма штодня стаяць на клірасе. Абавязкова раскажыце пра пачынальнікаў нашага царкоўнага хору – усё ж мы прыйшлі на ўжо падрыхтаваную глебу. Ім было цяжэй.

Наколькі цяжэй, расказвае адна з «першапраходцаў» Ганна Варэйка.

– Праваслаўны прыход у Астраўцы быў арганізаваны ў пачатку дзевяностых. Напачатку ў нас нават бацюшкі не было, намі апекаваўся айцец Пётр са Смаргоні, а маліліся мы ў гарадскім скверы. Тады мы з Марыяй Вянгроўскай і пачалі арганізоўваць царкоўны хор: ездзілі ў Смаргонь, бралі там тэксты песень, вучыліся спяваць – вядома ж, падбіралі мелодыю па слыху, нот ніхто з нас не ведаў… У першым складзе царкоўнага хору спявалі, акрамя нас, сёстры Сафія Каралёва і Надзея Нікіфаровіч, Марыя Вайцяхоўская. Потым у Астраўцы з’явіўся праваслаўны храм, які месціўся ў прыстасаваным будынку, а затым пабудавалі вось гэтую царкву,  да нас прыехаў святар айцец Павел Варановіч, светлая яму памяць. Яго матушка Святлана хорам кіравала, рэгентам у нас была. 

7676766.jpg



– Увогуле шмат людзей цераз клірас прайшло, – узгадвае Ганна Ула­дзіміраўна імёны і про­звіш­­чы. – Алена Скаруль­ская, сён­няшні дырэктар Лід­скага музыч­нага кале­джа, шмат зра­біла для станаўлення царкоў­нага хо­ру. Ды і ўвогуле – многія пакі­нулі добры след. Але час ідзе, пры­ходзіць моладзь – з веданнем нотнай граматы,  са спецыяльнай музычнай адукацыяй. Прыйшоў час нам саступаць месца ці хоць бы пераходзіць у другі склад. І крыўдаў тут быць не павінна. Наадварот: так радасна, што яны ідуць далей – і вышэй, што зараз наш хор слухаць – адно задавальненне!

Далей – і вышэй!

А далей і вышэй – гэта куды? Ці ёсць у хору новыя далягляды, мары ці хоць бы прасцей – планы на будучыню?

– Радуе, што апошнім часам і ў храме, і на клірасе з’яўляюцца новыя людзі, новыя галасы. Дзесяць гадоў таму, калі я толькі прыехала ў Астравец, карціна была зусім іншай, больш сумнай, – гаворыць Наталля Курыла. – Увогуле, адметнасць нашага хору ў тым, што ў ім шмат мужчынскіх галасоў – гэтым нямногія царкоўныя хоры могуць пахваліцца.

А Юрый Жэбіт марыць, каб астравецкі царкоўны хор у штогадовым фестывалі песнапенняў «Хвала ў вышніх Богу» паказаў дастойны вынік: гэта, на яго думку, стане пэўнай кропкай адліку, дадасць харыстам веры і ўпэўненасці ў сваіх сілах. 

– Хочацца сабраць калектыў, каб было шмаггалоссе, – дзеліцца агульнымі планамі Святлана Радзько. – Пакуль у нас асноўныя галасы – сапрана, альт, тэнар, бас. Добра было б, каб людзей было больш і каб яны прыходзілі на клірас, на спеўкі не час ад часу, а рэгулярна. Спеты калектыў адразу чуваць – нам гэтага пакуль не хапае. А яшчэ – вопытнага рэгента. Пакуль у нас няма кіраўніка, кожны выконвае свае абавязкі. Юра Жэбіт, як адзіны ўдзельнік хору са спецыяльнай музычнай адукацыяй, задае тон. Юрый Палуйка – самы вопытны з нас, ён падказвае, якое песнапенне лепш узяць. Я стараюся падабраць падыходзячыя для нас ноты. Ну і арганізацыйныя пытанні, як правіла, на мне… 

…Яны мараць, плануюць – і спяваюць. Магчыма, тонкі слых прафесіянала і ўловіць у іх выкананні недасканаласць ці нават фальшывыя ноткі. Мне ж, прыхаджанцы, як і дзясяткам іншых, хто стаіць у храме перад іконай кожны ў маленні аб сваім, гэтага не чуваць. Для нас галоўнае, што з дапамогай іх галасоў наша малітва хутчэй даляціць да Госпада…

Текст: Нина Рыбик