Настаўнікі чыталі вершы

08:54 / 02.03.2011

У лютым у памяшканні Астравецкага цэнтра пазашкольнай работы  адбыўся фестываль педагагічных  работнікаў “Поэзия – души движение”, падрыхтаваны раённай арганізацыяй Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі сумесна з раённым саветам ветэранаў.


Цудоўным паэтычным словам прывітала ўдзельнікаў  фестывалю-конкурсу яго вядучая Аксана Лазарава, настаўніца рускай мовы і літаратуры Гудагайскай школы.


Яна затым  прадставіла і журы ў складзе Наталлі Іосіфаўны Станкевіч – старшыні журы (галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі), Наталлі Вікенцьеўны Баніцэвіч, намесніка начальніка  аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама, Ларысы Леанідаўны Кетрыс, метадыста аддзела адукацыі, Святланы Пятроўны Бацюлевай, сакратара раённага савета ветэранаў, якая да таго ж была актыўнай удзельніцай конкурсу. У цёплай і сардэчнай атмасферы ўдзельнікі конкурсу дзяліліся паэтычным вопытам, расказвалі пра сваю творчасць, чыталі конкурсныя вершы, адказвалі на пытанні вядучай, падбадзёрвалі калег-канкурсантаў апладысментамі.
Незаўважна ляцелі хвіліны творчай і душэўнай узнёсласці, радасці і духоўнай еднасці. Гучалі вершы на розныя тэмы: каханне і сяброўства, вернасць і адданнасць Радзіме, прыгажосць роднай прыроды, пра знакамітых сыноў Беларусі – Уладзіміра Караткевіча, Казіміра Сваяка; вершы, прысвечаныя школе і яе педагогам. Разам з ветэранамі  педагагічнай працы С.П. Бацюлевай, М.П. Пешка, Я.К. Шаблінскай, Л.І. Кухарэвіч выступалі педагогі З.Р. Куркуль, В.І. Саковіч, К.І. Емельян, В.В. Лянцава.
Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі падарункі – брашуры “Матэрыялы фестывалю”. А затым журы вызначыла тых, хто будзе прадстаўляць наш раён на абласным фестывалі: гэта М.П. Пешка, В.І. Саковіч, Л.І. Кухарэвіч. Ім былі ўручаны дыпломы пераможцаў і памятныя сувеніры. Астатнім – дыпломы ўдзельнікаў конкурсу.
Усе шчыра дзякавалі арганізатарам фестывалю за цудоўныя хвіліны сустрэчы. Асаблівай падзякі заслужыла Ларыса Васільеўна Ярмоліч, старшыня РК прафсаюзаў работнікаў адукацыі, якая ўклала ў гэтую імпрэзу шмат сардэчнасці, цеплыні, увагі да яе  ўдзельнікаў.


Людміла КУХАРЭВІЧ.
Фота Івана ПЕТРЫКА.