Павіншавалі мужчын

17:20 / 25.02.2011

22 лютага ў кінаканцэртнай зале “Астравец” адбыўся ўрачысты сход і святочны канцэрт, прысвечаныя Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь.


Урачысты сход па традыцыі распачаў раённы ваенны камісар Ігар Мікалаевіч Чычварын. У сваім выступленні ён расказаў пра вялікую ролю арміі, якая з’яўляецца абавязковым атрыбутам кожнай самастойнай дзяржавы. І калі справа палітыкаў – прадухіліць вайну, то справа ваеннаслужачых – справіцца з гэтай бядой, калі яна прыйшла. Расказаў ваенны камісар пра сучасны стан беларускай арміі, калі вялікі ўпор робіцца на павышэнне прэстыжу воінскай службы і на вяртанне арміі свайго аўтарытэту: вырашаюцца сацыяльныя праблемы ваенных, павышаецца грашовае ўтрыманне абаронцаў, паляпшаецца харчаванне, па меры магчымасці ваеннаслужачыя забяспечваюцца жыллём, мадэрнізуецца ўзбраенне. Акрамя таго, максімальна ўлічваюцца пажаданні грамадзян – прадастаўляюцца адтэрміноўкі ад службы, ёсць магчымасць службы ў рэзерве. Напрыканцы выступлення Ігар Мікалаевіч павіншаваў са святам усіх абаронцаў Айчыны і іх сем’і.
Старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька таксама павіншаваў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, ваеннаслужачых і усіх мужчын, якія заўсёды гатовы ўстаць на абарону сваёй краіны.
Але Адам Дзмітрыевіч прыйшоў не толькі павіншаваць абаронцаў са святам, была ў яго яшчэ адна ганаровая місія: узнагародзіць актывістаў  кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Падзячныя пісьмы А.Р. Лукашэнкі атрымалі Т.З. Субаткевіч, Л.І. Лях, М.У. Хіневіч, Н.А. Рыбік, М.М. Кутовіч, Н.В. Баніцэвіч, Ю.А. Адула, А.П. Лазарава, І.В. Іваноўская, Г.В. Урлік, Л.А. Малышка, Л.С. Макарэвіч, Р.А. Турчыновіч і многія іншыя. Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта атрымаў супрацоўнік райваенкамата С.А. Гаеў.
А раённы камісар уручыў медалі “65 гадоў Перамогі” В.В. Барташэвічу, В.І. Лянкевічу, А.А. Марозу; медалі “20 гадоў вываду войск з Афганістана” В.Б. Гульбіновічу, Г.І. Калтану, А.І. Марцінчыку, Р.В. Самкіну, А.М. Замару. А таксама Ігар Мікалаевіч агучыў загад Міністра абароны Рэспублікі Беларусь аб прысваенні намесніку старшыні райвыканкама па эканамічных пытаннях У.С. Ластоўскаму воінскага звання старшага лейтэнанта.
На гэтай прыемнай ноце сход завяршыўся, але свята працягвалася. Як заўжды, цудоўную канцэртную праграму падрыхтавалі майстры астравецкай эстрады, якія павіншавалі ўсіх мужчын сваімі песнямі і танцамі. Жыццёвыя песні пра афганцаў, маладых салдат і афіцэраў, пра маці, што чакаюць сваіх сыноў, знайшлі водгук у сэрцы кожнага. А моцны і пранікнёны голас Святланы Куцько ў песні “Запаліце свечкі” крануў залу да слёз. Гэта быў крык душы, надрыўны плач, які маліў аб адным – каб толькі не было вайны.


Вольга ШОЎКУН.