Трынаццаць баёў правялі астраўчане на “Суботнім вечары бокса”

08:05 / 18.04.2019

Хто сказаў, што трынаццаць – нешчаслівая лічба? Астравецкія баксёры не вераць у забабоны, таму менавіта трынаццатага красавіка яны сабраліся ў спартыўнай зале Астравецкай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву на “Суботнім вечары бокса ”, дзе правялі трынаццаць відовішчных баёў. 

IMG_5334.jpg 

Гэта было не спаборніцтва, а сяброўская сустрэча, на якую прыйшлі, каб падзяліцца вопытам і прадэманстраваць майстэрства на рынгу.

На вечары бокса выступалі ўдзельнікі розных узроставых і вагавых катэгорый. Акрамя астраўчан сюды завіталі госці з ашмянскага байцоўскага клуба “Цітан”, а таксама мінскія спартсмены, якіх у Астравец прывёз колішні выхаванец Аляксея Маргужа, а цяпер трэнер па боксе Уладзімір Мацкела.

IMG_5362.jpg

Кожны, без выключэння, бой запомніўся сваёй атмасфернасцю і каларытам. Цікава было назіраць за дзяўчатамі ў скураных пальчатках, якія цудоўна прадэманстравалі байцоўскі характар. Варта адзначыць стараннасць і эмацыянальнасць малодшых удзельнікаў, якія з усіх сіл выкладваліся на рынгу, часам нават не зважаючы на парады трэнера. Іх старэйшыя таварышы выступалі больш спакойна і ўпэўнена, але ад гэтага іх баі былі не менш напружанымі і відовішчнымі.

IMG_5305.jpg

Апошнімі дэманстравалі майстэрства дарослыя ўдзельнікі, якія з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў. Апісаць словамі суботнія паядынкі немагчыма – гэтыя выступленні можна смела назваць нагляднымі даведнікамі па боксе – настолькі было здорава, што нават далёкія ад бокса гледачы не маглі адвесці вачэй ад рынгу.

IMG_5304.jpg

“Суботні вечар бокса” атрымаўся цікавым, насычаным і захапляючым. Дарэчы, тут не было пераможаных: пасля заканчэння паядынку ўдзельнікі кожнай з трынаццаці пар былі ўзнагароджаны кубкамі за 1-е і 2-е месцы.

Хто сказаў, што трынаццаць – нешчаслівая лічба? Аматары бокса ў Астраўцы разбілі гэты стэрэатып і даказалі, што галоўнае – сяброўская падтрымка і вера ў сябе.

IMG_5386.jpg

IMG_5310.jpg


Текст:
Фото: Марина Мацкевич