Іўе: маленькі Іерусалім, горад чатырох рэлігій, новы Вавілон, Іўе-дэ Жанэйра…

10:02 / 16.04.2019
Традыцыйнай штоквартальнай прэс-канфе­рэнцыі губернатара з журналістамі вобласці зазвычай папярэднічае знаёмства з тым ці іншым рэгіёнам Гродзен­шчыны. І нават калі гэта суседні Іўеўскі раён, які мы мінаем некалькі разоў на месяц, выязджаючы ў абласны цэнтр, такое знаёмства заўсёды адкрыццё: горада, яго гісторыі, людзей, адметнасцей – нібы складванне разрозненых пазлаў з серыі «недзе некалі нешта чуў ці бачыў» у адзіную карціну пад назвай Іўеўшчына.

25.jpg

Іва, Ева ці «адна у.е.»?
Напэўна, не адну мяне цікавіла паходжанне незвычайнай назвы суседняга горада: адкуль яна з’явілася?
У адрозненне ад Астраўца, з назвай якога ўсё проста і двух меркаванняў быць не можа, пра паходжанне тапоніма Іўе шмат версій. Мясцовыя гісторыкі і краязнаўцы вылучаюць не­калькі найбольш, на іх думку, праўдападобных. 

Адна з іх сцвярджае, што назва горада пайшла ад зараснікаў івы, якіх шмат на берагах рэчкі Іўянкі, – але ў гэтым можна ўсумніцца: «іва» – слова рускае, і наўрад ці яго ведалі ў тутэйшых мясцінах у 15 стагоддзі, калі быў заснаваны горад.

Другая версія прыпісвае назву горада імю княгіні Евы, жонкі князя Гедыміна: маўляў, ёй так спадабалася гэтае месца, што княгіня загадала пабудаваць тут горад. Трэба сказаць, што гэтую версію, як і саму княгіню Еву, іўеўчане любяць: жанчына ў чырвоных строях стала своеасаблівым брэндам горада: яе выява – на гербе і сцягу, на сувенірных кубках і магнітах, і ўвогуле – пабыць у Іўі і не пазнаёміцца з княгіняй Евай немагчыма. Мяне, праўда, заўсёды цікавіла, адкуль нашчадкі ведаюць, што княгіня насіла такую шыкоўную чырвоную сукенку – але гэта ўжо, як кажуць, тэма зусім іншай размовы… 

DSC_2992.JPG

Але найбольш праўдападоб­най – пры­намсі, мне – падаецца версія, што назва горада Іўе пайшла ад татарскага слова eve – «гняздо, жытло». Тут спрадвеку жылі татары – магчыма, яны і назвалі паселішча родным для сябе словам. 
Хоць жартаўнікі расказваюць, што апошнім часам падарожнікі, якія мала ведаюць беларускую мову, чытаюць указальнік «Іўе» як «Адна у.е.» Ну што, як кажуць, у кожным жарце – ёсць доля жарту…

IMG_5064.jpg


Адкуль у Беларусі татары?
Гэта бадай што самае папулярнае пытанне, калі людзі даведваюцца, што ў Іўі ўжо шмат стагоддзяў кампактна пражываюць мусульмане.
Калі нехта думае, што татары прыйшлі на беларускія землі заваёўнікамі, ды так і засталіся, то глыбока памыляецца. Яны з’явіліся тут больш як 600 гадоў таму: князь Вітаўт, якога беларускія татары і зараз памінаюць у сваіх малітвах як вялікага заступніка, пасля паходу на Азоў запрасіў умелых воінаў ахоўваць межы Вялікага княства Літоўскага. За падтрымку ў Грундвальскай бітве ён ад­даў ім урочышча Мураўшчызна паблі­зу Іўеўскага замка – там і заснавалася татарская слабада. Яна і сёння вылучаецца ў Іўі зялёнымі дахамі, аканіцамі, веснічкамі – і паўмесяцам, які ўзвышаецца з мінарэта над прыватнай забудовай горада.

DSC_3075.JPG

Мячэць – адна з галоўных адметнасцей Іўя. І не толькі таму, што гэты невялікі раённы цэнтр – адзіны ў Беларусі, дзе ёсць мусульманскі малельны дом. Пабудова і існаванне іўеўскай мячэці – лішняе пацвярджэнне таго, што горад гэты сапраўды з’яўляецца сталіцай верацярпімасці і талерантнасці, як любяць гэта падкрэсліваць у размовах з прыезджымі іўеўчане. Як па мне, дык нават большым, чым знакаміты помнік чатыром канфесіям, адкрыты ў цэнтры горада ў 2012 годзе. 

53.jpg

Мяркуйце самі: іеўская мячэць, на першы погляд – звычайны драўляны будынак, які нічым асаблівым, акрамя мінарэта і паўмесяца над ім, не вызначаецца, тым не менш, з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства. Яна пабудавана ў 1884 годзе дзякуючы ахвяраванням графіні Эвеліны Замосцкай, якая – на хвіліначку! – па сваім веравызнанні была каталічкай. Памятная дошка пані Эвеліне і сёння знаходзіцца ў мячэці ў знак вялікай удзячнасці нашчадкаў.

Іўеўская мячэць адметная яшчэ і тым, што ніколі, нават у гады ваяў­нічага атэізму, не зачынялася. 

DSC_3084.JPG

А яшчэ мяне ўразіла паведамленне, што сённяшні яе імам Адам Радзецкі – настаўнік беларускай мовы і літаратуры. 
Так вось усё пераплялося ў Іўі: нацыя­нальнасці, культуры, гісторыя і сучаснасць. І нездарма яго называюць то малым Іерусалімам, то бела­рус­кім Стамбулам, но новым Вавілонам. Ва ўсялякім выпадку, Іўе для беларускіх татар, якія жывуць не толькі ў гэтым горадзе, – своеасаблівая мекка мясцовага значэння…

У Іўі і сёння жывуць амаль паў­тысячы татар. І хоць яны даўно тутэйшыя, і многія сем’і даўно перамяшаліся – усё ж татары, трэба аддаць ім належнае, не страцілі на чужыне сваёй нацыянальнай культуры і самабытнасці. Мову забыліся – але выйшлі са становішча: каран перакладалі на беларускую, польскую, рускую мовы – але пісалі арабскімі літарамі. Такія старадаўнія кнігі захоўваюцца ў Іеўскім музеі, які, да слова, – таксама адна з адметнасцей горада. І не толькі дзякуючы сваёй багатай экспазіцыі, а найперш – ззяючым вачам кіраўніка музея. Мне здаецца, гэта галоўнае, чаго не стае пакуль што існуючаму толькі «дэ-юрэ» астравецкаму музею: не памяшкання, не экспанатаў, не канцэпцыі – а кіраўніка, які б душой хварэў за справу. Але зноў жа: гэта тэма зусім іншай размовы…

DSC_3076.JPG

Але вернемся да іўеўскіх татар, якія знакаміты не толькі сваім мусульманскім веравызнаннем, але і працавітасцю: ужо сёння ў іўеўскіх вялізных парніках, якія займаюць тэрыторыі ўсіх прысядзібных ўчасткаў у татарскай слабадзе, даспяваюць радыска і зяленіва – хутка, трэба думаць, яны з’явяцца ў тым ліку і на нашым рынку. А за імі пачнуцца гуркі, памідоры…

– Да трох абавязковых рэчаў, якія павінен зрабіць у сваім жыцці мужчына – пасадзіць дрэва, выгадаваць сына, пабудаваць дом, – у Іўі дадаюць і чацвёртую: пабудаваць кватэру ў Мінску на Каменнай горцы, – напаўжартам-напаўсур’ёз расказала нам экскурсавод. – Раней гэта можна было зрабіць за адзін агародны сезон, зараз – ужо за два…
Нават калі гэты жарт мае пад сабою падставу – не варта зайздросціць іўеўскім мужчынам: не такія лёгкія гэта грошы, як нехта лічыць…

DSC_3072.JPG

Іўе-дэ-Жанэйра – яшчэ адна з неафіцыйных назваў гэтага невялікага гарадка.

Атрымаў яе горад з-за статуі Ісуса Хрыс­та, што не так даўно, у 2002 годзе, была ўстаноўлена на ўзвышшы каля самай старажытнай іўеўская святыні – касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла, пабудаванага ў 18 стагоддзі. Хрыстос нібы абдымае сваімі распрасцёртымі рукамі горад, бласлаўляе падарожнікаў, што імчаць праз Іўе, – статуя вельмі хутка стала яшчэ адной адметнасцю горада.

46b6dffcc56f13c2f00691d0c1e14e27.jpg

У касцёла даўняя і драматычная гі­сторыя:  пабудаваны ў 15 стагоддзі ў гатычным стылі, ён неўзабаве быў перароблены ў кальві­ніс­цкі сабор, затым, калі трапіў ва ўладанне магната Яна Кішкі, які прапаведаваў адно з пратэстанцкіх веравызнанняў – арыянцтва, стаў яго цэнтрам: пры храме нават працавала друкарня і акадэмія. Потым храм зноў перадалі каталікам – манахам-бернардзінцам, якія пабудавалі каля яго кляштар, будынкі якога часткова захаваліся да нашага часу. Падчас руска-польскай вайны 1654-1667 гадоў касцёл згарэў датла, у 18 стагоддзі яго адбудавалі нанова, толькі ўжо ў барочным стылі – такім ён і сёння сустракае вернікаў.   

IMG_5110.jpg

Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла – старэйшы з дзевяці храмаў рымска-каталіцкай кан­фесіі – ёй прысвечана адна з чатырох велічным стэлаў помніка чатыром рэлігіям, што высіцца на цэнтральнай плошчы горада. 
Другая, як вы ўжо зразумелі, прысвечана мусульманству.

Трэцяя – праваслаўю: у Іўеў­скім раёне дзейнічае сем праваслаўным цэркваў. І хоць галоўная гарадская пра­ва­слаўная святыня ўзнікла ў Іўі не так даўно – у 1995 годзе, тут таксама ёсць свае адметнасці, якімі можа ганарыцца не толькі храм, але і ўвесь горад: напрыклад, ікона, што пабывала ў космасе.
А чацвёртая стэла прысвечана іудаізму, хоць сёння ў Іўі яўрэяў практычна не засталося. Але да вайны яны складалі каля трох чвэрцяў жыхароў горада – іх дамы своеасаблівай архітэктуры і сёння стаяць па абодва бакі цэнтральнай вуліцы. Захаваўся нават будынак былой сінагогі – зараз  у ім размяшчаецца спартыўная школа.

Цікавая вандроўка па Іўі ў чарговы раз пераканала: нават калі здаецца, што пра нейкую мясціну ты ведаеш усё ці амаль што ўсё – паслухай расповеды разумных людзей, прайдзі па тых вулачках і сцежках, на якіх яшчэ не быў – і даведаешся шмат новага. Праверана на сабе!

IMG_5127 в печать.jpg

IMG_5059.jpg

DSC_31200.JPG

DSC_3145.JPG

DSC_3123.JPG

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик, из интернета