Вялікі футбол вяртаецца ў Астравец

08:10 / 14.04.2019

Прыемная навіна для прыхільнікаў футбола: на базе Астравецкага фізкультурна-спартыўнага клуба пачаў дзейнічаць аматарскі футбольны клуб.

4324.jpg

Неабходнасць у стварэнні такога клуба ўзнікла сама сабой. У Астраўцы даўно няма пастаянна дзеючай дарослай футбольнай каманды, якая б абараняла гонар раёна па-за яго межамі. Апошні раз астраўчане ўдзельнічалі ў чэмпіянаце вобласці аж у 2012 годзе. А рэдкія таварыскія сустрэчы праходзілі па кароткай праграме: сабраліся, згулялі, разышліся.

Сітуацыю неабходна было выпраўляць, тым больш, што галоўная праблема – адсутнасць нармальнага месца для трэніровак – з адкрыццём у горадзе новага стадыёна вырашылася. Не так даўно на базе гэтага спартыўнага аб’екта прайшло арганізацыйнае пасяджэнне нераўнадушных да спорту людзей – і справа кранулася з мёртвай кропкі. Цяпер пры раённым ФСК створаны аматарскі футбольны клуб “Астравец”. Старшынёй абраны Вадзім Вянгроўскі, галоўным трэнерам – Вадзім Лебядзевіч, а яго памочнікамі – Уладзімір Ташчан і Станіслаў Тумкевіч.

5251.jpg

Стаць удзельнікам клуба можа кожны паўналетні. Галоўнае патрабаванне – жаданне гуляць у футбол. Дарэчы, трэніроўкі ўжо наведвае каля трыццаці чалавек.

– Мы збіраемся на стадыёне строга па графіку – і праводзім трэніроўкі, – расказвае Вадзім Лебядзевіч. – Калі хтосьці хоча паспрабаваць свае сілы – калі ласка, прыходзьце. Аднак адразу патлумачу, што мы рыхтуемся па-сур’ёзнаму і метад “хачу – хаджу, хачу – не хаджу” тут не пройдзе. Такім ігракам не будзе месца нават на лаўцы запасных, не кажучы пра асноўны склад каманды. Пакуль наша галоўная задача – старанна трэніравацца і падрыхтаваць зборную Астравецкага раёна. А з 27 красавіка каманда будзе спрабаваць сілы на чэмпіянаце Гродзенскай вобласці.

Спадзяёмся, што адраджэнне вялікага футбола ў Астраўцы на гэтым не спыніцца і нашу каманду чакаюць вялікія перспектывы.

231.jpg

Текст: