Чым займаецца клуб «Актыўнае даўгалецце»

10:07 / 11.04.2019
Клуб цікавых сустрэч

Так з поўным правам можна назваць ветэранскі клуб «Актыўнае даўгалецце», што дзейнічае пры раённай бібліятэцы. 

IMG_0351.jpg

Сёння ён  выразна абазначыўся як  згуртаванне інтэ­лектуалаў, людзей цікаўных і няўрымслівых. Яны любяць добрую паэзію і ладзяць на сваіх пасядзелках сумеснае чытанне вершаў і прозы, адзначаюць юбілейныя даты любімых пісьменнікаў. Сустрэча з вядомымі паэтамі Леанідам Дранько-Майсюком і Эдуардам Акуліным  сабрала поўную чытальную залу раённай бібліятэкі. Наведвальнікі клуба прывялі з сабой знаёмых і сяброў. Цікавяцца ветэраны і  творчасцю земля­коў-музыкантаў, мастакоў, за­пра­шаюць іх да сябе, каб дакра­нуц­ца душой да прыгожага.

А нядаўна з’явілася яшчэ адно новаўвядзенне: на кожным пасяджэнні праходзіць інтэлектуальная размінка, на якой прапануецца  адказаць на тры дзясяткі пытанняў з праграмы інтэлектуальнай гульні «Што? Дзе?  Калі?». Аказваецца, ветэраны нашы – знатакі у розных сферах ведаў! 

Практычна на кожным пасяджэнні па запрашэнні кі­раўніка клуба Дануты Францаўны Чарнушэвіч  бывае званы госць, а часам і не адзін.  Гэта цікавыя людзі, з якімі можна паразмаўляць, часам падыскутаваць. І, несумненна, узбагаціцца новымі ведамі. Да прыкладу, пра дзейнасць Беларускага фонда міру прысутныя даведаліся ад шматгадовага кіраўніка яго раённай структуры Альдоны Станіславаўны Сухадольскай, аб цікавым, насычаным добрымі справамі жыцці моладзі Астравеччыны  і  супрацоўніцтве старэйшага і маладога пакаленняў распавяла першы сакратар райкама БРСМ Віялета Аляксеявец. Увогуле, запамінальных сустрэч было нямала. Іх удзельнікі звычайна дзеляцца ўражаннямі з роднымі і знаёмымі. У выніку сяброў клуба значна пабольшала! І гэта радуе.

IMG_0508.jpg

Текст: