Ванда Міхайлаўна Вайшнаровіч: Які след пакінула Астравеччына ў гісторыі Гродзеншчыны

17:30 / 11.04.2019
20 верасня Гродзенская вобласць адзначыць 75 гадоў з дня заснавання.  Як пачыналася развіццё Гродзенскага рэгіёна і які ўнёсак у яго зрабіла Астравеччына – пра гэта нам расказала захавальніца фондаў Астравецкага музея, гісторык Ванда Міхайлаўна Вайшнаровіч.

IMG_1113.jpg

– Давайце прыгадаем гісто­рыю стварэння Гродзенскай вобласці,  як адміністрацыйнай адзінкі.
 –  Наша вобласць была ўтво­рана з частак Брэсцкай, Беластоцкай і Баранавіцкай абласцей у 1944 годзе. Сам жа горад  Гродна, як цэнтр адміністрацыйнай адзінкі, вядомы  з 12 стагоддзя – тады існавала Гарадзенскае княства на чале за знакамітым старастам Давыдам Гарадзенскім. 
У 14 стагоддзі яно ўвайшло ў склад Вялікага княства Літоўскага, а потым – у склад Рэчы Паспалітай, пасля па­дзелу якой большая частка тэрыторыі адышла да Расіі – і ў  1801 го­дзе была ўтворана Гродзенская губернія. Яе тэрыторыя знаходзілася ў ваколіцах Гродна і была адной з найбольш развітых у Расійскай імперыі.

 Дарэчы, у  1902 – 1903 гадах губернатарам Гродзенскай губерніі быў вядомы рэфарматар  Пётр Сталыпін. І сёння захавалася частка будынка, дзе знаходзілася яго рэзідэнцыя, і нават кабінет – сёння гэта зала прыёмаў Гродзенскага аблвыканкама. Там бывалі і многія прадстаўнікі Астравеччыны, якіх запрашалі на ўрачыстыя прыёмы з нагоды Дня Маці, 8 Сакавіка ці іншых святочных дат.

Як губернія Гродзеншчына была вядома да падзей 1917 года. Пасля лютаўскай рэвалюцыі пасада губернатара была заменена на пасаду  губернскага камісара, у час Першай сусветнай вайны тэрыторыя была акупіравана немцамі, у 1920-м годзе  – палякамі  і ў 1921 годзе адышла да Польшчы. У 1939 годзе пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР было праведзена новае адміністрацыйнае дзяленне,  у выніку якога ўтварылася Беластоцкая вобласць, а Гродна ўвайшоў у яе як  цэнтр раёна.

IMG_1125.jpg


 – Але ж тэрыторыя Астравеччыны ў той час не адносілася да Гродзеншчыны?
– Тэрыторыя сучаснага Аст­равецкага раёна ў тыя часы ўваходзіла  спачатку ў  склад Віленскай губерніі, затым  –  Віленскага ваяводства, потым яна стала часткай Польшчы.  

Астравецкі раён з цэнтрам у Астраўцы быў утвораны 15 студзеня 1940 года, але на той час ён адносіўся да Вілейскай вобласці. 
Неўзабаве пачалася Другая сусветная вайна,  і ўся Беларусь вельмі хутка, у першыя дні вайны,  была акупіравана немцамі. 
3 ліпеня 1944 года Астравеччына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а   9 верасня 1944 года наш раён  увайшоў у склад Маладзечанскай вобласці. 

І толькі ў 1960 годзе Астравец­кі раён быў аднесены да Гродзенскай вобласці. 
Аднак у  канцы снежня 1962 года  ён быў ліквідаваны і па­дзелены паміж Смаргонскім і Ашмянскім раёнамі, але застаўся ў складзе Гродзенскай вобласці. Праз два гады,  6 студзеня 1965 года, тагачасная ўлада зразумела памылковасць гэтага рашэння –  і  Астравецкі раён зноў быў адноўлены. 

–  Чым Гродзенская воб­ласць адрозніваецца ад ін­шых рэгіёнаў рэспублікі?
– У параўнанні з іншымі аб­ласцямі Беларусі  Гродзенская – самая меншая: яе тэрыторыя складае ўсяго 25 тысяч квадратных кіламетраў, гэта толькі каля 12 % тэрыторыі рэспублікі. Насельніцтва ў нас таксама няшмат – крыху больш за мільён чалавек –  пераважае гарадское. 
У Гродзенскай вобласці дзейнічае больш за 250 прамысловых прадпрыемстваў. Пасяўная плошча складае больш за 800 тысяч гектараў – у масштабах рэспублікі гэта шостае месца, але па ўраджай­насці збожжавых, буль­бы, цукровых буракоў  Гро­дзен­шчына заўсёды ў лідарах. 

Ёсць у нашым рэгіёне і іншыя адметнасці, галоўная  з якіх –  шматнацыянальнасць і талерантнасць мясцовага насельніцтва. І гэта як нельга лепш дэманструе рэс­публіканскі фестываль нацыянальных культур, які праходзіць у  Гродне адзін раз на два гады. 

341.jpg

Вельмі цікавы, прыгожы і адметны сам Гродна – яго па праву называюць горадам-музеем. На шчасце, ён не быў так разбураны ў гады вайны, як іншыя беларускія гарады, тут захаваліся помнікі архітэктуры, гісторыі  і культуры ажно 12 стагоддзя – адна Каложская царква чаго каштуе!  

– Як можна ахарактарызаваць унёсак Астравецкага раёна ў развіццё Гродзен­шчыны? 
 – Астравецкі раён заўсёды займаў годнае месца сярод  іншых. Так, напрыклад, ужо  ў 60-я гады наш прамкамбінат займаў другое месца ў вобласці па выпуску прадукцыі, а аўтабаза, утвораная ў 1966 годзе, праз два гады заняла трэцяе месца ў рэспубліканскім спаборніцтве. 

У 1971 годзе трактарысту-экскаватаршчыку меліяра­цый­нага ўпраўлення Францу Паташкевічу  было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы і ён  быў узнагаро­джаны ордэнам Леніна – гэта адзіны чалавек з нашага  раёна, які атрымаў такое ганаровае званне.

Славіліся і нашы калгасы, якія атрымлівалі не толькі рэспубліканскія, але і саюзныя ўзнагароды. Так, у 1980 годзе калгас імя Чапаева (Варняны) быў узнагароджаны пераходным Чырвоным сцягам  ЦК КПСС,   Савета Міністраў СССР,  УЦСПС   і ЦК УЛКСМ. 

Асабліва ўдалым для раёна быў 1982 год. Тады сабралі па 29,5 цэнтнераў з гектара збожжавых – на той час гэта быў рэкордны ўраджай. А калгасы «Радзіма» (Гервяты), «Шлях Леніна» (Слабодка), «Чырвоны кастрычнік» (Малі), саўгас «Рытанскі»  атрымалі больш як па 35 цэнтнераў з гектара.
Высокімі  надоямі малака сла­віўся калгас імя Карла Маркса (Варона). Даяркі Малання Жыліс і Галіна Янкойць сталі першымі ў раёне чатырохтысячніцамі і ўдзельнічалі ў выставе дася­гненняў народнай гас­па­даркі ў Маскве,  былі ўзна­гароджаны ордэнамі Каст­рычніцкай Рэва­люцыі і «Знак Пашаны» адпаведна. 

У кнізе «Памяць. Астравецкі раён» пятнаццаць старонак адведзена людзям, якія ў савецкі час былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі за працоўныя заслугі.

Былі дасягненні і ў сферы культуры. У савецкія часы ў раё­не дзейнічала 47 культур­на-асветніцкіх уста­ноў, у 1989 годзе за дасягненні ў развіцці народнай творчасці раённы аддзел культуры быў узнагароджаны пераходным Чырвоным Сцягам  Міністэрства культуры БССР.

IMG_1123.jpg

Будаваліся новыя школы. Першай з іх, пабудаванай па  тыпавым праекце, стала Гервяцкая – яе ўвялі ў 1963 годзе. Па такім жа праекце пабудавана і Міхалішкаўская школа.

Была спроба адкрыць у раё­не медыцынскае вучылішча – яно дзейнічала ў Астраўцы з 1964 да 1970 года. У 1974 годзе ў Варнянах быў адкрыты першы вучэбна-вытворчы камбінат, а ў 1980-ым  такі ж з’явіўся і ў Астраўцы.

Астравеччына лічылася ў вобласці своеасаблі­вай кузняй кадраў. Першы сакратар Астравецкага райкама КПБ, фактычна – кіраўнік нашага раёна Дзмітрый Арцыменя быў пераведзены ў Гродна і з 1983 па 1993 год узначальваў аблвыканкам. Галоўны ўрач Астравецкай бальніцы Валянцін Ражко доўгі час узначальваў абласную бальніцу, а Роберт Часнойць, які пачынаў працоўную дзейнасць з пасады ўрача ў Міхалішкаўскай бальніцы,  вырас да намесніка міністра аховы здароўя, урач Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы Віктар Лісковіч займае пасаду намесніка старшыні Гродзенскага абл­выканкама. І такіх прыкла­даў шмат.

Сур’ёзным імпульсам для развіцця Астравеччыны стала рашэнне аб узвядзенні ў нашым раёне першай Беларускай атамнай электрастанцыі. Зараз у горадзе будуюцца новыя дамы, прыходзяць інвестыцыі, развіваецца бізнес, адкрываюцца аб’екты сацыяльнай інфраструктуры – Астравец, які ў 2012 го­дзе атрымаў статус горада, развіваецца імклівымі тэмпамі і мяняецца проста  на вачах. Сёння гэта самы малады і перспектыўны горад краіны. 
Астравецкі раён у скла­дзе Гродзенскай вобласці годна сустракае юбілейную дату. І, думаецца, святкаванне юбілею надасць новы імпульс для здзяйсненняў, дасягненняў і перамог. 

Текст:
Фото: Григорий Ревако