Шаг в бессмертие Ивана Кононова и "Дзеда "

13:20 / 11.04.2019
1213

Кожны год усё далей і далей аддаляе нас ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, кожны год няўмольна забірае ад нас сведкаў тых далёкіх падзей, але кожны год мы збіраемся ля помнікаў, каб пакланіцца да зямлі тым, дзякуючы каму жывём у мірнай вольнай краіне.

43.jpg

… Пятніца пачалася з сюрпрызаў. На электронную пошту рэдакцыі прыйшло пісьмо з Маскоўскай вобласці. Пісаў супрацоўнік Лікіна-Дулёўскага краязнаўчага музея Яўген Галадноў, які шукаў месца пахавання чырвонаармейца Дзмітрыя Юр’ева, былога вязня лагера “Шталаг 316”.

 Хуценька перанакіроўваю пісьмо ў ваўкавыскую “раёнку” – менавіта на тэрыторыі гэтага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся “Шталаг 316”. Калегі абяцаюць дапамагчы. І сэрца радуецца, што хтосьці, няхай і невядомы мне асабіста, але блізкі па поглядах і адчуваннях, знойдзе месца, дзе назаўсёды застаўся маладым іх бацька, дзед ці прадзед.

Не паспяваю закрыць электронную пошту, як атрымліваю яшчэ адно пісьмо – на гэты раз з далёкага Сахаліна.

… У 2017 годзе з яго аўтарам Дар’яй Андрэеўнай Бабровай я ўжо перапісвалася. Тады яна цікавілася месцам пахавання свайго прадзеда Івана Конанава. Скупыя звесткі пра месца смерці свайго родзіча жанчына і яе бацька знайшлі дзякуючы сайту ОБД-Мемарыял, а потым ужо натыкнуліся на артыкул на сайце “Астравецкай праўды” – і звярнуліся ў рэдакцыю.

 У той год імя Івана Конанава разам з сямю іншымі імёнамі ваеннапалонных гудагайскага “Шталага 342” было нанесена на мемарыяльную дошку, усталяваную на брацкай магіле. Іх стала 70 – гэта імёны тых, хто абараняў нашу краіну ад ворага і загінуў у лагеры ваеннапалонных на астравецкай зямлі.

Некаторых мы ўжо ведаем у твар, сустракаліся з іх родзічамі. І былі б рады сустрэць і Дар’ю з яе сям’ёй.

 Прыехаць на магілу прадзеда Дар’я марыла ўвесь гэты час, толькі не атрымлівалася. І вось сёлета, калі наша краіна і Астравец у прыватнасці, будзе адзначаць 75-годдзе вызвалення, сям’я салдата Івана Конанава вырашыла наведаць Беларусь, каб пакланіцца магіле, дзе знайшоў апошні супачын іх родзіч. Менавіта пра гэта і пісала Дар’я.

Для жанчыны і яе сям’і 3 ліпеня – таксама гістарычная дата. У гэты дзень у 1941 годзе яе прадзед адправіўся на фронт – і літаральна праз год загінуў. З дня смерці Івана Конанава прайшло 77 гадоў. Увесь гэты час сям’я шукала свайго героя – і, нарэшце, знайшла, а мы змаглі даведацца, якім быў гэты чалавек.

– Дзякуй прадзеду за Перамогу, – гаворыць праўнучка Івана Конанава Дар’я і з нецярпеннем чакае сустрэчы – з месцам яго пахавання і з людзьмі, якія даглядаюць за магілай, дзе знайшоў супакой яе прадзед.

Дзень прайшоў на ўздыме – ад радасці за гэтых людзей і ад чакання хуткай сустрэчы.

 … Кінаканцэртная зала “Астравец” пагрузілася ў паўзмрок… За мной сядзелі школьніцы, побач – мужчына сталага веку і маладая жанчына. І ўсе яны, гэтаксама, як і я, шморгалі насамі, глытаючы слёзы. Гэта быў фінал спектакля “Дзед”, які з нагоды 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на мінулым тыдні ў Астравец прывёз Беларускі дзяржаўны тэатр драматургіі.

афиша Дед.jpg

Не раз за час спектакля хацелася пачуць у адрас ветэрана Вялікай Айчыннай вайны словы “Дзякуй, дзед!”. І гэтыя падзякі гучалі – толькі крыху па-іншаму. Для “тэатральных” унукаў дзед-ветэран быў толькі сродкам, дзякуючы якому можна зрабіць рамонт у кватэры ды ўвогуле палепшыць свае жыллёвыя ўмовы…

…Горкі камяк падыходзіў да горла, калі з цемры выходзіла здань баявога таварыша ветэрана – Сцяпана. Разам яны ўспаміналі суровыя гады Вялікай Айчыннай вайны – бы нагадваючы тым, хто сёння жыве, пра тое, што трэба памятаць і быць удзячным за Перамогу…

 Дзякуй, Іван Конанаў! Дзякуй, “Дзед”! За Перамогу і напамін пра чалавечнасць!

OMD50096.jpg

OMD50186.jpg

OMD50210.jpg

OMD50258.jpg

OMD50280.jpg

Текст: Елена Ярошевич
Фото: Иван Дятлович
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений