Аб здароўі жанчын размова з раённым акушэр-гінеколагам

15:14 / 18.02.2011
2

Прыгажосць жанчыны – гэта не асобная характарыстыка, а хутчэй знешняе праяўленне яе здароўя. Аднак аб прыгажосці свайго цела мы задумваемся часцей, чым аб яго здароўі, і часта “заплюшчваем вочы” на сігналы, якія падае наш арганізм.
Сёння аб здароўі сучасных жанчын мы вырашылі пагутарыць з раённым акушэр-гінеколагам Астравецкай ЦРБ Святланай Георгіеўнай Нікалаенка.


– Святлана Георгіеўна, як бы вы ацанілі здароўе жанчын нашага раёна?
– Жаночых хвароб сёння існуе вельмі шмат, але галоўнае, што жанчыны сталі больш уважліва адносіцца да свайго здароўя. Яны прыходзяць да нас, раяцца, выконваюць рэкамендацыі, праяўляюць адказнасць. Менавіта гэтага мы дабіваліся доўгі час. Асабліва праблема абыякавых адносін да свайго здароўя тычыцца жанчын з вёскі, якім няма то часу, то магчымасці наведаць акушэра-гінеколага. І калі мы пачыналі з таго, што падчас выездаў на ФАПы даводзілася ўгаворваць жанчын прыйсці на кансультацыю, то сёння  на прыём прыходзіць 30-60 чалавек. Усё ж такі, калі жанчына лечыцца –  і здароўе яе паляпшаецца.
А мы ў сваю чаргу стараемся зрабіць усё магчымае для таго, каб у жанчыны не ўзнікала цяжкасцей з наведваннем гінеколага. Так, зараз у нас адбыліся некаторыя змяненні, якія тычацца прыёму пацыентак у жаночай кансультацыі. Мы арганізавалі прыём у кансультацыі ў двух кабінетах: жанчын з Астраўца прымае Д.С. Гродзь, а з сельскай мясцовасці – Н.І. Івашка. Гэта новаўвядзенне дазволіла скараціць чэргі, а таксама жанчынам з сельскай мясцовасці стала лягчэй трапіць да спецыяліста. І калі раней жанчыны, што праходзяць прафагляд, ішлі ў аглядны кабінет, то сёння яны могуць звярнуцца да акушэра-гінеколага і атрымаць кансультацыю. А для таго, каб прыём быў паўнацэнны, ён вядзецца ў дзве змены.
Улічваючы той факт, што зараз назіраецца шмат паталогій шыйкі маткі, якія часта з’яўляюцца прычынай анкалагічных захворванняў, у жаночай кансультацыі выдзелены спецыяльныя гадзіны прыёму жанчын з паталогіямі шыйкі маткі. Анкалогія ўжо не з’яўляецца невылечнай хваробай, асабліва пры ранняй дыягностыцы. Хвароб не трэба баяцца – іх трэба лячыць.
Акрамя таго, выдзелены гадзіны па дзіцячай гінекалогіі. Дзяўчынка – гэта будучая мама, таму важна ўжо з дзяцінства прыводзіць яе на прафілактычныя гінекалагічныя агляды.
– Ці аснашчана аддзяленне неабходным лабараторным, дыягнастычным, хірургічным абсталяваннем?
– Дзякуючы падтрымцы адміністрацыі бальніцы і раёна, у нас ёсць усё самае неабходнае для паўнацэннага абследавання жанчын на сучасным узроўні. Ёсць у жаночай кансультацыі кольпаскоп – аптычны прыбор, прызначаны  для правядзення дэтальнага агляду слізістай абалонкі похвы і шыйкі маткі пад шматкратным павелічэннем.
Дарэчы, у гэтым годзе нам абяцаюць новы апарат для правядзення кольпаскапіі, а таксама новы апарат для дыятэрмакаагуляцыі, што выкарыстоўваецца для лячэння паталогій шыйкі маткі. Наталля Іванаўна Івашка прайшла спецыяльную падрыхтоўку і робіць агляд пацыентак з ультрагукавой дыягностыкай.
У мінулым годзе мы атрымалі новы фетальны кардыяманітор, які паказвае сэрцабіццё плода, і ўрачы могуць бачыць, як дзіця развіваецца.
І мы ўжо рэдка адпраўляем жанчын у Ашмяны, Гродна – толькі ў выпадку цяжкіх паталогій. А так на месцы робім самыя складаныя, высокатэхналагічныя аперацыі. Так, за мінулы год мы зрабілі 11 высокатэхналагічных аперацый, а ў нашым радзільным аддзяленні на свет з’явілася 200 дзетак. Для прыкладу: у 2008 годзе ў радзільным аддзяленні Астравецкай бальніцы нарадзілася толькі 50 дзетак – жанчыны ў асноўным ехалі нараджаць у Гродна. Сёння ж яны нам давяраюць.
Хаця вельмі не хапае аддзяленню лапараскопа, які прымяняецца не толькі ў дыягнастычных мэтах, але і для аперацыйных умяшанняў.
– З якімі паталогіямі да вас часцей за ўсё звяртаюцца?
– На першым месцы стаяць розныя запаленчыя захворванні і, як я ўжо казала, паталогіі шыйкі маткі. Але калі ў жанчыны запаленчы працэс, то ў яе ёсць скаргі на болі ці выдзяленні, і яна прыходзіць да ўрача. А вось пры той жа эрозіі пацыентку можа нічога не хваляваць, і яна, нават калі  ведае пра хваробу, не будзе спяшацца да гінеколага. У такіх выпадках нам даводзіцца самім выклікаць жанчын, каб яны прыйшлі на прыём, бо эрозія шыйкі маткі – вельмі грознае захворванне, якое можа прывесці да анкалогіі.
Пагэтаму яшчэ раз звярну ўвагу, што рэгулярнае абследаванне ў гінеколага – гэта не проста фармальнае мерапрыемства. Яно неабходна кожнай жанчыне.
– А што можа стаць прычынай запаленняў?
– Большасць усіх жаночых хвароб – гэта вынік такіх фактараў, як ранні пачатак палавога жыцця, частая змена палавых партнёраў, выпадковыя палавыя кантакты, перарыванні цяжарнасці. І многія лічаць, што вакуум-рэгуляцыя – метад перарывання цяжарнасці на малых тэрмінах – гэта бяспечна. Няпраўда! Вакуум-рэгуляцыя – той жа аборт, які цягне за сабой страшныя наступствы. А запаленні, якія ўзнікаюць у выніку абортаў, могуць стаць прычынай бясплоднасці.
Дарэчы, мы пастаянна падтрымліваем сувязь з праваслаўным святаром айцом Георгіем, які, на нашу радасць, стаў частым госцем у радзільным аддзяленні. Ён бласлаўляе нашых жанчын на добрыя і шчаслівыя роды, віншуе з мацярынствам, а з тымі, хто прыйшоў на аборт, праводзіць гутаркі, паказвае фільмы – пра тое, як зараджаецца жыццё. Зусім нядаўна глядзелі фільм, які перадае, што перажывае гэты маленькі камячок ва ўлонні маці, што ён адчувае, ад чаго пакутуе. Спадзяюся, што пасля прагляду падобнага фільма ні адна жанчына не пойдзе на такі страшны грэх – аборт.
– А адкуль бяруцца скрытыя інфекцыі? Чым яны так небяспечны для жанчыны?
– Асноўная прычына інфекцый – гэта выпадковыя палавыя кантакты. А небяспека іх у тым, што яны ўплываюць на рэпрадуктыўнае здароўе жанчыны. Да прыкладу, хламідыі, міка- урэаплазмы прыводзяць да бясплоднасці. А папіломавірусы ўвогуле з’яўляюцца прычынай анкалагічных захворванняў шыйкі маткі.
– Але я неаднойчы чула такое сцвярджэнне, што многія інфекцыі – тыя ж мікаплазмы, урэаплазмы – лячыць неабавязкова. Маўляў, і раней яны былі, толькі ніхто пра іх не ведаў, і жанчыны нараджалі здаровых дзяцей.
– Справа ў тым, што раней не было сучасных метадаў дыягностыкі, і ўсім жанчынам, якіх, да прыкладу, хвалявалі выдзяленні, ставілі дыягназ – вульвавагініт. Сёння ж ёсць магчымасць паставіць дакладны дыягназ, а значыць, знайсці найбольш падыходзячы метад лячэння для той ці іншай хваробы. Веды – гэта сіла, і імі трэба карыстацца, каб жанчына была здаровай і ёй не пагражалі небяспечныя ўскладненні, што ўзнікаюць у выніку нявылечаных інфекцыйных і запаленчых працэсаў.
– Што б вы хацелі пажадаць жанчынам?
– Канешне, беражліва ставіцца да свайго здароўя, прытым у любым узросце. А ўвогуле я б вельмі хацела, каб нашы жанчыны былі самымі здаровымі, прыгожымі і шчаслівымі. І каб кожная абавязкова пазнала радасць мацярынства.
– Дзякуй за цікавую гутарку!


Вольга ШОЎКУН.