Ягады можна збіраць камбайнам

09:17 / 07.04.2019

У Беларусі дазволілі збіраць ягады спецыяльнымі прыстасаваннямі.

Размовы пра тое, што ягады дазволяць збіраць так званымі камбайнамі вяліся даўно. Аднак на заканадаўчым узроўні такі механізаваны збор зацвердзілі толькі напрыканцы сакавіка.

Пастанова Міністэрства лясной гаспадаркі “Аб зборы дзікарослых ягад” ужо ўступіла ў сілу і ўтрымлівае ў сабе інструкцыю пра спосабы і прыстасаванні для збору і нарыхтоўкі дзікарослых ягад у лесе.

3212.jpg

Пракаментаваць гэтыя змяненні мы папрасілі спецыялістаў ДЛГУ “Астравецкі лясгас”.

– Калі заходзіць размова пра збор ягад з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў, людзі звычайна падзяляюцца на два лагеры: адны катэгарычна супраць гэтага, другія спасылаюцца на вопыт скандынаўскіх краін, дзе чарніцы такім спосабам збіраюць у прамысловых маштабах, – гаворыць намеснік дырэктара па ідэалагічнай работе ДЛГУ “Астравецкі лясгас” Пётр Крупеньчык. – Такія змяненні выспявалі даўно. У інструкцыі дакладна прапісаны патрабаванні да прыстасаванняў для збору і нарыхтоўкі дзікарослых ягад, якія не шкодзяць ягаднікам і не прыводзяць да іх знішчэння.

Пры зборы чарніц ці буякаў лесаводы рэкамендуюць накіроўваць прыстасаванне пад вуглом да верхняй часткі куста, вольнай рукой прытрымліваць расліну і пазбягаць пападання ў грабец яе тоўстай ніжняй часткі. Збіраючы журавіны, прыстасаванне накіроўвайце па паверхні моху.

– У інструкцыі прапісана, што прыстасаванне для збору дзікарослых ягад складаецца з зубоў, ёмістасці назапашвальніка, ручак, – тлумачыць начальнік аддзела лясной гаспадаркі Алег Бондзікаў. – Адлегласць паміж зубцамі павінна быць не менш за 0,5 сантыметра. Корпус прыстасавання і зубцы павінны быць зроблены з металу, драўніны, пластмасы ці гумы. У зоне зрывання ягад не павінна быць рэжучых краёў – каб не траўмаваць расліну.

23.jpg

Варта памятаць!

* Камбайнамі дазваляецца збіраць толькі спелыя ягады ў сухое надвор’е пасля сыходу расы.

* Збіраць ягады па новых правілах можна будзе ўжо з гэтага сезону.

* Тэрміны збору ўстанаўліваюць тэрытарыяльна аблвыканкамы.


Текст:
Фото: из интернета