Ці будзем пераходзіць на "зімовы" час?

11:36 / 18.02.2011

Эканоміі электраэнергіі ад пераходу Беларусі на зімовы час няма, паведаміла  памочнік міністра энергетыкі Людміла Зяньковіч.


«Для Беларусі эфект ад пераходу на сезонны час мае непрацяглы перыяд (каля месяца) вясной. Астатні час года эканамічнага эфекту не назіраецца», – адзначыла яна. Для ацэнкі змянення электраспажывання Беларусі пры пераходзе на летні час разглядаліся сярэднясутачныя графікі рабочых дзён за тыдзень да і пасля пераводу гадзіннікаў.
Раней паведамлялася, што мэтазгоднасць пераходу на зімовы час у Беларусі будзе абмяркоўвацца. Як расказалі ў Беларускім дзяржаўным інстытуце метралогіі (БелДІМ), каменціруючы рашэнне Расійскай Федэрацыі з восені 2011 года не пераводзіць стрэлкі гадзіннікаў на гадзіну назад, у бліжэйшы час адбудзецца пасяджэнне Міжгаліновай камісіі часу, частаты і вызначэння параметраў вярчэння Зямлі Рэспублікі Беларусь, на якім будзе абмеркавана гэта тэма і падрыхтавана рашэнне. Гэта камісія традыцыйна прымае рашэнне аб увядзенні летняга і зімовага часу ў Беларусі. Таму, як звычайна, у апошнюю нядзелю сакавіка ў гэтым годзе ў Беларусі стрэлкі гадзіннікаў будуць пераведзены на адну гадзіну наперад. А як будзе восенню – яшчэ павінна быць прынята рашэнне.
«У нас яшчэ ёсць час прыняць гэта рашэнне, але так хутка гэта пытанне мы не вырашым, бо Расія да гэтага рыхтавалася два гады», – адзначылі спецыялісты БелДІМ.
У Расіі з восені бягучага года адменены пераход на зімовы час.