Дзе, на думку астраўчан, лепш папрацаваць на суботніку
На працягу красавіка на астравеччыне пройдзе месячнік па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый арганізацый і населеных пунктаў раёна.
У астраўчан і гасцей горада наш карэспандэнт пацікавіўся, якія месцы ў Астраўцы і раёне, на іх погляд, патрабуюць першачарговай увагі.
Антон Міхалоўскі, вучань:
– Мы ўсім класам звычайна наводзім парадак каля школы: праўда, хтосьці з задавальненнем зграбае леташняе лісце, а іншыя, бывае, лянуюцца. Я жыву ў прыватным доме. Разам з бацькамі і малодшай сястрой мы ўжо навялі парадак на падворку: пабялілі дрэвы, зграблі лісце, раскрылі прыкрытыя на зіму яловымі лапкамі кветкі. Лічу, што кожны павінен прыбіраць тэрыторыю ля свайго дома і там, дзе вучыцца ці працуе.
Іна Анімуцкая, работнік чыгункі:
– Дворнікі працуюць на выдатна: не паспее развіднець, а яны, бы тыя пчолкі, ужо шчыруюць з венікамі і граблямі.
Дружна папрацаваць трэба ў лесапарку – гэта ўлюбёнае месца прагулак многіх астраўчан.
Вольга Мундуць, педагог-псіхолаг:
– Вучні і настаўнікі нашай школы штогод удзельнічаюць у суботніках. Больш таго, наш валанцёрскі атрад штогод дапамагае пажылым людзям: вясной і восенню дзеці наводзяць ля іх дамоў парадак, зімой прыносяць ваду і дровы. Калі ў Падольцах адкрыўся філіял тэрытарыяльнага цэнтра, дзе пражываюць адзінокія старыя, валанцёры прапанавалі ім сваю пасільную дапамогу. Мне здаецца, што да працы і беражлівых адносінаў да прыроды трэба прывучаць з маленства.
Марыя Бальценас, прадавец-кансультант:
– Астравец чысты і дагледжаны, а вось лясы побач з горадам – жалю вартыя: паперкі, бутэлькі, абгорткі… У людзей проста сумлення няма! Лесаводам штогод вучні дапамагаюць прыбіраць лес ад смецця. Атрымліваецца, што дарослыя смецяць, а дзеці – прыбіраюць! Трэба рублём караць тых, хто вывозіць смецце ў лес ці выкідвае яго ля дарогі.
Міхаіл Александровіч, арматуршчык:
– Я родам з Савецкага Саюза, таму да суботнікаў адношуся станоўча – гэта добрая і патрэбная традыцыя. Дзякуючы такой добраахвотнай працы на карысць дзяржавы і грамадства не толькі прыгажэе наш горад і раён, але і згуртоўваюцца працоўныя, вучнёўскія калектывы.
Папрацаваць на суботніку можна ў лесапарку – летам там праходзіць шмат мерапрыемстваў. Не лішне было б сабраць смецце ўздоўж некаторых дарог.