За здароўем – у санаторый

08:42 / 17.02.2011

У 2010 годзе ў Астравецкім раёне пуцёўкі ў санаторыі атрымаў 121 чалавек, з іх 62 дарослыя, 49 дзяцей і 10 дзяцей-інвалідаў з суправаджэннем. Закупляюцца яны за сродкі фонду сацыяльнага страхавання і рэспубліканскага бюджэту.
Але, як стала вядома, не ўсе ведаюць, як можна трапіць у санаторый ці адправіць на аздараўленне сваё дзіця. Таму мы вырашылі сустрэцца з галоўным спецыялістам цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Таццянай Іосіфаўнай Тараненка, якая падрабязна расказала нам, дзе і як можна паправіць сваё здароўе.


– Колькі пуцёвак у санаторыі выдзелена Астравецкаму раёну ў гэтым годзе?
– Пакуль што нам выдзелілі пуцёўкі толькі на першы квартал – 12 дарослых, 16 дзіцячых і  2 пуцёўкі для дзяцей-інвалідаў з суправаджэннем.
– А ў якія санаторыі могуць паехаць жыхары раёна? Якія профілі гэтых медыцынскіх устаноў?
– Раскажу пра тыя, што карыстаюцца попытам і маюць станоўчыя водгукі. Для дарослых гэта санаторый “Парэчча”, які знаходзіцца ў пасёлку Парэчча Гродзенскай вобласці, дзе лечаць захворванні органаў дыхання, стрававання, апорна-рухальнага апарату, злучальнай тканкі.
“Світанак” у пасёлку Парэчча – там лечаць захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, апорна-рухальнага апарату, органаў дыхання, страўнікава-кішэчнага тракту, нервовай сістэмы, мочавыдзяляльнай сістэмы.
У “Прыазёрны” ў курортным пасёлку Нарач Мядзельскага раёна едуць тыя, хто пакутуе ад захворванняў  сардэчна-сасудзістай сістэмы, нервовай сістэмы, апорна-рухальнага апарату, страўнікава-кішэчнага тракту.
“Лепельскі ваенны” ў пасёлку Бароўка Лепельскага раёна Віцебскай вобласці прымае людзей з захворваннямі органаў кровазвароту, стрававання, нервовай сістэмы, органаў дыхання, гінекалагічнымі захворваннямі.
“Лётцы” ў в. Малыя Лётцы Віцебскага раёна – тут лечаць захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, органаў стрававання і дыхання.
“Сасновы бор” у пасёлку Радашковічы Маладзечанскага раёна – захворванні касцёва-мышачнай сістэмы, органаў кровазвароту, стрававання, нервовай сістэмы, жаночых тазавых органаў, бясплоднасць.
“Світанак” у пасёлку Асавец Любаньскага раёна – захворванні касцёва-мышачнай сістэмы, злучальнай тканкі, лёгкіх, нырак, мочапалавой сістэмы.
“Пралеска” ў пасёлку Ждановічы Мінскага раёна – захворванні органаў стрававання, апорна-рухальнага апарату, органаў дыхання і сэрца.
Дзяцей мы адпраўляем у санаторый “Нёман” у Гродне, дзе лечаць захворванні органаў кровазвароту, стрававання, верхніх дыхальных шляхоў, мочапалавую, эндакрынную, нервовую сістэмы.
“Баравічок” у вёсцы Баравікі Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці – захворванні органаў кровазвароту, дыхання, апорна-рухальнага апарату, нервовай сістэмы.
“Волат” у пасёлку Радашковічы Маладзечанскага раёна – захворванні органаў зроку.
“Беларусь” у г. Друскінінкай, Літоўская рэспубліка – захворванні органаў стрававання.
– І з якімі захворваннямі часцей за ўсё да вас звяртаюцца?
– Як дарослых, так і дзяцей турбуюць захворванні страўніка, апорна-рухальнага апарату, сардэчна-сасудзістай сістэмы.
– Як атрымаць пуцёўку ў санаторый?
– Варта адзначыць, што для дзяцей, а таксама інвалідаў I і II групы пуцёўкі бясплатныя, а дарослыя і пенсіянеры часткова аплачваюць пуцёўку.
Каб атрымаць дзіцячую пуцёўку ў санаторый, неабходна для пачатку пракансультавацца з педыятрам. Калі ваша дзіця мае патрэбу ў санаторна-курортным лячэнні, урач аформіць даведку з указаннем профілю захворвання. Затым па месцы працы адзін з бацькоў піша заяву, што дзіця мае патрэбу ў аздараўленні. І старшыня камісіі па санаторна-курортным лячэнні, які ёсць у кожнай арганізацыі, перадае дакументы нам у цэнтр.
Дарослым, акрамя медыцынскай даведкі і заявы, неабходна яшчэ прадаставіць даведку аб заработнай плаце.
Для такіх катэгорый грамадзян, як ветэраны працы і інваліды, з кожным годам памяншаецца колькасць пуцёвак. Таму пажадана, каб пенсіянеры і людзі з абмежаванымі магчымасцямі загадзя станавіліся на чаргу і прадастаўлялі ў цэнтр па аздараўленню наступныя дакументы: заяву, медыцынскую даведку, копію працоўнай кніжкі, копію пенсіённага пасведчання, а інвалідам – копію пасведчання інваліда.
Бацькам дзяцей-інвалідаў таксама трэба напісаць заяву, узяць медыцынскую даведку з указаннем неабходнасці суправаджэння. Калі такая неабходнасць ёсць, то асобе, якая суправаджае дзіця, прадастаўляецца бясплатнае харчаванне і пражыванне ў санаторыі.
– Ці хутка разбіраюцца пуцёўкі?
– Дарэчы, за дапамогу ў размеркаванні пуцёвак хацелася б выказаць словы падзякі арганізацыям раёна, асабліва аддзелу адукацыі, Астравецкай ЦРБ, аддзелу культуры, СВК “Гудагай”, “Гервяты”, кардоннай фабрыцы “Альхоўка”, ветэрынарнай станцыі, Астравецкім ПМС і  райспажыўтаварыству.
Дарослыя пуцёўкі разбіраюцца хутка, а вось дзіцячыя часам застаюцца. І тут хацелася б звярнуцца да бацькоў, каб яны больш уважліва падыходзілі да пытання аздараўлення дзяцей. Калі ў дзіцяці ёсць якія-небудзь захворванні, то яму будзе вельмі карысна палячыцца ў санаторыі.
– Магчыма, бацькі хвалююцца, як дзіця адаптуецца ў новым калектыве, ці будзе яму ў санаторыі камфортна і бяспечна, ці не адстане ад вучобы…
– У дзіцячых санаторыях створана зладжаная сістэма бяспекі для дзяцей. Яны не прадастаўлены самі сабе, а заўсёды знаходзяцца пад наглядам медработнікаў, выхавальнікаў ці педагогаў. Да таго ж бацькі ў любы час могуць іх наведаць. Што тычыцца вучобы, то тут таксама не павінна ўзнікаць праблем, тым больш зараз, калі школьныя праграмы прывялі да “адной роўніцы”. У санаторыях створаны добрыя ўмовы для вучобы, тут працуюць вопытныя настаўнікі. 
– Якія ўмовы лячэння, пражывання і харчавання дзяцей у санаторыях?
– Дзіцячыя санаторыі сёння маюць сучаснае медыцынскае абсталяванне для эфектыўнага лячэння і аздараўлення дзяцей па розных профілях. Кансультатыўную дапамогу санаторыям аказваюць дактары, кандыдаты медыцынскіх навук.
Жывуць дзеці ў добраўпарадкаваных корпусах у 2-4-месных пакоях. Харчаванне часцей за ўсё пяціразовае. А выхавальнікі разам з дзецьмі прадумваюць арганізацыю вольнага часу, ездзяць на экскурсіі, каб рабятам было весела і цікава.
– І колькі разоў на год можна разлічваць на бясплатную дзіцячую пуцёўку?
– Адзін раз у год.
– А калі ўрачы прызнаюць дзіця недастаткова хворым, каб лячыцца ў санаторыі бясплатна, а бацькі маюць сродкі і хочуць яго аздаравіць, яны могуць набыць пуцёўку за поўны кошт?
– Мы не прадаём пуцёўкі за поўны кошт. У гэтым выпадку можам даць бацькам тэлефоны санаторыяў, і там яны ўжо дамовяцца аб аздараўленні іх дзіцяці. Але я яшчэ раз хачу звярнуць увагу бацькоў, што спачатку трэба паспрабаваць атрымаць бясплатную пуцёўку. А для гэтага трэба паглыблена абследаваць дзіця: зрабіць ультрагукавое даследаванне, прайсці  спецыялістаў, здаць аналізы.
– Дзякуй за гутарку!


Вольга ШОЎКУН.