Ігрок трымаўся да апошняй карты... або як нас разводзяць

16:41 / 16.02.2011
1

Мы з вадзіцелем сядзелі ў машыне, прыпаркаванай на стаянцы ля райвыканкама, і чакалі Паліну Антонаўну. За шклом суцэльнай сцяной ліў дождж, на асфальце хутка раслі лужыны. Прахожых амаль не было, машын на стаянцы – таксама.
Пад’ехаў старэнькі аўтамабіль “Рэно” і спыніўся ля нас. За рулём сядзела маладая жанчына з акуратным макіяжам. Наш вадзіцель глянуў на суседнюю машыну і незадаволена прабурчэў: “Не ўмее паркавацца. Жанчына…”
Прайшло хвілін дваццаць, пакуль мы ўбачылі цераз патокі вады, што сцякалі па шклу, Паліну Антонаўну, якая бегла да нас, прыкрываючыся парасонам. Як толькі яна села ў машыну і закрыла дзверцы, жанчына з суседняй машыны выскачыла пад дождж і пачала крычаць, што Паліна Антонаўна стукнула дзверцамі яе машыну і падрапала яе. Спачатку я нават не зразумела, пра што размова: ніякага стуку, гуку ўдару не было.
Але Паліна Антонаўна – жанчына інтэлігентная: яна адразу пачала апраўдвацца, казала, што бачыла, што суседняя машына стаіць вельмі блізка, і таму адкрывала дзверцы асцярожна… Мне вельмі не хацелася вылазіць пад дождж, але давялося.
Вадзіцель “Рэно” паказала месца на сваёй машыне, дзе, па яе меркаванню, неасцярожная Паліна Антонаўна пакінула драпіну. Сапраўды, там была невялікая драпіна, але такая ж была побач – і ўвогуле, уся машына была ў падобных драпінах, некаторыя ўжо пачалі ржавець. Наш разважлівы вадзіцель моўчкі агледзеў суседнюю машыну і развёў рукамі :”Ды яна ж уся бітая!”
Аднак наша апанентка была катэгарычная. Яна заявіла, што нанесенае яе машыне пашкоджанне ацэньвае ў 50 долараў. Мяне гэтая заява абурыла: месяц назад я за 20 долараў прыбрала страшэннага “павука” з кузава свайго аўто. Я паспрабавала высветліць, чаму жанчына на пустой стаянцы прыпаркавалася ўпрытык да чужой машыны. Але гэтыя словы выклікалі масу абурэння. Жанчына пачала крычаць, што яна выклікала ДАІ, і мы аплацім ёй, акрамя матэрыяльнага ўрону, яшчэ і маральны, які яна ацэньвае ў два мільёны рублёў. Калі да гэтага Паліна Антонаўна спрабавала апраўдвацца, то пасля гэтых слоў стала адпрошвацца збегаць дахаты за грашыма…
Супрацоўнікі ДАІ доўга не прыязджалі. Я апусціла шкло ў сваёй машыне і пацікавілася ў вадзіцеля “Рэно”:
—Вы на самой справе выклікалі ДАІ?
—Сама здзіўляюся, што так доўга не едуць, — паціснула жанчына плячыма.
А потым з яхіднай усмешкай паведаміла мне:
—Я высветлю вашы дадзеныя па нумару аўтамабіля і напішу на вас скаргу вашаму кіраўніцтву.
Пачуўшы гэта, Паліна Антонаўна стала прасіць у мяне прабачэння за тое, чаго яна не рабіла.
Пасядзеўшы ў машыне яшчэ хвілін дзесяць, я зразумела, што нас “разводзяць”. Патэлефанавала ў ДАІ і пацікавілася, ці быў выклік на наш адрас. Мне адказалі, што не. Тады я папрасіла запісаць мой выклік і паведаміла, што гаспадыня суседняй машыны патрабуе кампенсацыі матэрыяльнага ўрону, якога не было.
Літаральна праз  пяць хвілін да нас пад’ехала следчая група. Міліцыянеры сталі фатаграфаваць, мераць, пасыпаць драпіну нейкім парашком, праводзіць следчы эксперымент… Затым усе разам мы паехалі ў аддзяленне міліцыі. Паліна Антонаўна была ў паніцы і ўсё парывалася пазваніць мужу, каб прывёз грошы, гаварыла, што лепш заплаціць, чым звязвацца з гэтай скандалісткай. Але я была катэгарычна супраць.
Калі пад’ехалі да міліцыі, вадзіцель “Рэно” падышла да нас і прапанавала залаціць ужо 150 долараў. На твары ў яе чытаўся азарт: яна цалкам была паглынута гульнёй, якую сама ж і пачала.
Першай для дачы паказанняў запрасілі “пацярпеўшы” бок. Праз некалькі хвілін яна выйшла з кабінета і даверлівым тонам паведаміла:
—Я з імі дамовілася. Вы спяшаецеся, ды і мне няма калі тут стаяць. Каб яны нас хутчэй адпусцілі, мы павінны дамовіцца паміж сабой. Ладна, я згодна на 50 долараў – і мы разыходзімся.
Але я таксама была ў гульні! Таму адказала рашуча:
—Не дам ні капейкі! Грошы трэба зарабляць, а не вымагаць.
Жанчына літаральна зашыпела:
—Калі вы зараз жа не заплаціце, я зацягаю вас па судах!
Маёй добрай Паліне Антонаўне стала зусім дрэнна…
Жанчына вярнулася ў кабінет. Праз пяць хвілін яна выйшла і, акінуўшы нас пераможным позіркам, накіравалася да выхаду.
Калі мяне запрасілі ў кабінет, я пацікавілася ў следчага:
—Якія нам прад’яўляюцца абвінавачванні?
—Ніякіх. Экспертыза ўстанавіла, што ваша машына не магла нанесці тую драпіну. Жанчына напісала распіску, што прэтэнзій не мае.
—Але затое я маю прэтэнзіі! Па-першае, я патраціла паўдня немаведама на што. Па-другое, тая жанчына займалася вымагальніцтвам.
Следчы стомлена адмахнуўся ад мяне:
—Які шантаж? Яна папрасіла ў вас пяць долараў.
—Ну, па-першае, не пяць, а як мінімум пяцьдзесят – і стаўкі павышаліся… А, па-другое, за што мы павінны былі плаціць?
—А мне сказала, што пяць…
—Дарэчы, гэта вы адправілі яе дамовіцца з намі?
—Не, яна папрасілася выйсці патэлефанаваць мужу…
Ігрок трымаўся да апошняй карты…
Прыстойным і інтэлігентным людзям часта вельмі цяжка супрацьстаяць такім вось напорыстым прахадзімцам. Думаю, калі б Паліна Антонаўна апынулася сам-насам з авантурысткай, то аддала б і ўсе 150 долараў.
Не перавяліся сярод нас яшчэ “астапы бендэры”. І тым, хто не хоча аказацца іх “спонсарамі”, трэба быць пільнымі і настойлівымі.


Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ.